Тым часам у хату неспадзявана зайшла гаспадыня — Шарэйкава жонка, прыбраная, няйначай, усё ж дзеля спаса.
— А я гадаю, хто ета да нас на кані, — сказала яна грудным голасам. — Што ж ета вы адну дзяўчыну пакінулі на двары?
— Ты і папраўдзе, Зазыба, пакліч яе, — пакруціў галавой гаспадар. — А то я нават не ведаю, як зваць яе. А Ганна тым часам на стол сабярэ. Абедаць хоць, можа, і рана, але ж некалі мой Гірша казаў — абед на абед не тое, што кій на кій.
— Твой Гірша, як бачу, на ўсё жыццё навуку табе даў, — усміхнуўся Зазыба і выйшаў на ганак, каб паклікаць Марылю.
За абедам Шарэйка сказаў жонцы:
— Можа, возьмем да сябе жыцельку во?
Ганна, якая па-жаночаму патрохі прыглядалася ўжо да незнаёмай дзяўчыны, паглядзела на мужа з насмешлівым недаверам. Тады Зазыба перахапіў гаворку.
— Няхай будзе так, як дамовіліся, — сказаў ён краўцу. — Тым больш што дамы ў мястэчку, як ты кажаш, без гаспадароў засталіся. Няхай займае каторы.
— Але ў цябе, Дзяніс, як я пагляжу, дак усё дужа проста выходзіць, — насмешліва пакруціў галавой Шарэйка. — Ці ж чалавеку для жыцця аднаго пустога дома хопіць? Нешта ж яшчэ і есці трэба будзе, таксама на чым спаць? Яўрэі ж свае пухавікі пабралі!
— А ў мяне грошы ёсць, — сказала тады першыя словы Марыля.
— Ета добра, што грошы, — нават не паглядзеў на яе гаспадар: яму нібыта сорамна было глядзець чаго на дзяўчыну, — але што яны цяпер будуць вартыя, грошы?
— На першым часе хапаць будзе таго, што дала Марфа, — сказаў Зазыба, — а тама неўзабаве яшчэ падкінем.
— Гаспадар — бацька, — сказаў Шарэйка і разважыў: — Урэшце, галодная да халодная не будзе.
Тым часам Ганна з неўразуменнем паглядзела на мужчын:
— І праўда, Дзяніс, чаму ўжо тады не ў нас?
Шарэйка крутануў галавой:
— Няхай робяць, як знаюць.
Тады Ганна зноў абвяла позіркам абаіх — ажно паціснула плячамі.
— Як тама Давыдаўна твая? — спытала яна зусім пра іншае праз нейкі час.
— Жыве пакрысе-церусе, — адказаў з усмешкай Зазыба.
— Немцаў у вас няма?
— Пакуль, і праўда, выходзіць, — сказаў Зазыба, — што за лесам нас не відаць.
— Ета яны яшчэ не сабраліся да вас, — сказаў Шарэйка.
— Але паліцэйскага аднаго маем ужо.
— Затое ў нас іх цэлая плойма. Шлындаюць па мястэчку з вінтоўкамі, палохаюць баб. Але нібыта корм не той — усё нейкая чамяра сунецца ў паліцыю. Хоць бы адзін гожы чалавек папаўся, дак і то весялей было б.
— Нездарма кажуць: шляхі твае, гасподзь, няведамыя, — уздыхнула Шарэйкава жонка.
Сам Шарэйка на гэта ўсміхнуўся.
— Сянні ў Бабінавічах, мусіць, багата хто ўспамінае бога, — сказаў ён. — Ганна мая во таксама... — Памаўчаў і дадаў: — Паспахапляліся раптам... праз колькі гадоў. А ўжо здавалася нават, што непатрэбны ён.
— Грэх так казаць, — незалюбіла Ганна. — Ты б паглядзеў сянні, як паўзлі старыя бабы ў царкву, калі адчынілі, да цалавалі што можна было тама.
— Няхай гасподзь хоць мяне ратуе, — яўна блазнуючы, сказаў Шарэйка, але пасуровеў і больш не стаў злаваць жонку.
— Раз ужо мы ўспомнілі грэшным часам бога, — сказала нахмураная Ганна, — то зрабі мне ласку, Яўменавіч, перадай во ета пісьмо Марфе сваёй. — Яна адчыніла шуфляду абедзеннага стала, узяла там згорнутую трубачкай паперку.
— Што й та?
— Да не сакрэт, можаш глянуць.
Але не паспеў Зазыба прабегчы вачамі паперку, як выставіў па яе руку гаспадар.
— «На паляне, — моцна хмурачы лоб, пачаў чытаць кравец нечыя каракулі, — стаяць на траве дзве труны. Адна — чорная, другая — чырвоная. І вось другая труна, чырвоная, раптам кветкамі зацвітае...»
— Што гэта? — паглядзеў на Ганну Зазыба.
— Святое пісьмо, перадаецца па залатым ланцугу, — адказала тая.
Шарэйка пакруціў у руках паперку, усміхнуўся:
— Але ж ніякага золата не відаць.
— Табе ўсё абы зубы скаліць! — кінула злым вокам на яго жонка.
— Мусіць, у царкве сянні раздавалі? — пацікавіўся Шарэйка.
— Не ў царкве, а дамоў прынеслі. Яшчэ надоечы, — адказала жонка.
— Навошта?
— Ёсць навошта.
— Дак раскажы нам во.
Але Ганна ўжо не звяртала ўвагі на мужа. Яна па звычцы выцерла ручніком перад сабой стол, сказала Зазыбу:
— Дак ты ўжо, Яўменавіч, аддай Марфе пісьмо. — І растлумачыла: — Ты не думай, тута ўсё добра. Напісана, дзве труны. Дак адна, трэба чытаць, чырвоная, ета наша, савецкая, а другая, чорная, — іхняя, германская. Германская як стаяла во, так і стаіць, а наша кветкай расцвітае. Значыць, нам добра будзе!