Выбрать главу

Шарэйка па-жаночаму сашчапіў на жываце рукі, пасядзеў трохі з усмешкай, а тады сказаў:

— У нас тута былі таксама пагубляліся ў здагадках. Маўляў, немцы й за калгасы стаяць? Чаму тады ў сябе, у Германіі, не робяць іх? Нават некаторыя дадумаліся да глупства, нібыта Адольф, камендант, тайны камуніст. Асабліва было гаворкі, як Адольф паліцая аднаго пабіў, прымусіў вярнуць бабе мужыкова дабро.

— Але і праўда, — шукаючы падтрымкі свайму ранейшаму меркаванню, пачаў Зазыба, — дужа незразумела... усё. Мы неяк таксама гаварылі ў сябе пра гэта, дак выходзіць.

— Выходзіць, — кіўнуў галавоў Шарэйка, — але ж выходзіць таму, што нам усім вельмі хочацца, каб Адольф, няйначай, апынуўся камуністам, бо наслухаліся рознага... Яно ж нават, калі помніш, гаварылі, што нямецкія рабочыя не дазволяць Гітлеру пачаць вайны з намі. Пралетарыят, маўляў, адразу ўзніме паўстанне альбо пяройдзе на наш бок з акопаў. А дзе ён, пралетарыят той? Ты думаеш, гітлераўскія салдаты, якія прыйшлі сюды, адны буржуйскія сыны? Не, сапраўдных буржуяў тама, у Германіі, не так ужо і багата. Цэлае арміі з іх не складзеш.

З мястэчка Зазыба вяртаўся надвечар. З ім у Верамейкі ехаў і Брава-Жыватоўскі.

— А я думаў, ты ўжо і з хаты не вылазіш! — сказаў, выскаляючы зубы, Брава-Жыватоўскі, убачыўшы Зазыбу з канём на местачковай вуліцы; новаспечаны паліцэйскі ўсім сваім выглядам — і чырвоным, як налітым, тварам з шэрымі вачамі, і плячыстай, нібыта напаказ злепленай постаццю, — здавалася, сведчыў, як можна адчуваць сябе, калі жыццё кругом па душы: мусіць, з таго часу, як прарэзаліся зубы, чалавек гэты ніколі не хварэў больш.

Зазыба меў намер праехаць міма, тады паліцэйскі пайшоў напярэймы.

— Куды ездзіў?

— Пляменніцу вазіў, — адказаў Зазыба.

— Цяпер павязеш мяне!

— А мне абы ў дарогу, — Зазыба пасунуўся на возе, даючы месца.

Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся скочыць на воз: карцела паказаць Зазыбу, што ў мястэчку ў яго важныя справы і што ён яшчэ не паспеў іх зрабіць усе.

— Трэба да каменданта заглянуць, — сказаў ён з выразнай знарочыстасцю.

Пакуль Брава-Жыватоўскі ішоў — і таксама быццам напаказ — да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета (гэта адразу цераз базарную плошчу, непадалёк ад местачковай бальніцы), Зазыба цяжкімі вачамі глядзеў яму ў спіну.

«Каб ён хоць не сказаў там чаго пра мяне каменданту, — падумаў Зазыба пра Брава-Жыватоўскага. — Тады пачнецца!.. Лацвей ужо ў сваёй вёсцы адказваць на ўсё і за ўсё».

Яму самому не хацелася бачыць Гуфельда нават краем вока: ужо ён пазбавіць ад ілюзій і сялянскай цікаўнасці — гэта па меншай меры — адносна дзівакаватага нямецкага каменданта; брыдка было нават прызнацца, што магла займаць яго думкі «загадкавая» камендантава асоба.

Сонца ўсё больш хілілася за мястэчка, і цені, што кідалі ад сябе купалы местачковай царквы, датыкаліся, быццам дзіды, кончыкамі крыжоў да сцен аднапавярховага будынка, у якім да вайны была кантора сельскай спажывецкай кааперацыі.

Зазыба пасядзеў трохі, чакаючы ў камендатуры Брава-Жыватоўскага, затым прывязаў лейцамі каня да ліпы, а сам надумаўся зайсці ў царкву — якраз яе не зачынілі яшчэ пасля сённяшняга богаслужэння. Над брамай кінуліся ў вочы пачарнелыя ад даўняе пазалоты лічбы — «1842»: у наступным годзе бабінавіцкай царкве мелася быць сто гадоў.

Царква была распачата будаўніцтвам у тую вясну, калі бабінавіцкія паны святкавалі другі век свайго (ні графскага, ні княжацкага) роду. І хоць большая частка паноў з гэтага роду належала да католікаў, у тым ліку і сам заснавальнік, на памяць аб якім і задумвалася будаўніцтва, але ў Бабінавічах жыла якраз тая частка роду, якая па прычыне змешаных шлюбаў была абруселая і праваслаўная, таму ўзводзіць намеркавана было ў мястэчку не касцёл, а царкву-храм.

Будавалі яе некалькі гадоў. Рабочыя рукі, цягло, збольшага нават будаўнічы матэрыял — гэта было сваё, мясцовае: сяляне хадзілі і ездзілі на будаўніцтва, як і на іншую паншчыну. Бадай, аднаго галоўнага архітэктара давялося выпісваць у Бабінавічы аднекуль. Час не захаваў яго прозвішча, але царква была пабудавана ў традыцыйным візантыйскім стылі і сваімі пяццю купаламі, ці, як іх называлі ў забесяддзі, булавамі, нагадвала здалёку вядомы Успенскі сабор.