Зазыба кіўнуў галавой.
А Брава-Жыватоўскі загаварыў далей:
— Гэта каменданта толькі не было сёння на месцы, а то б можна было ўсё вырашыць нават у мястэчку. Праўда, у нас была ўжо гаворка пра Верамейкі. У яго зроблены поўны расклад на ўсю воласць — недзе неўзабаве павінен прыехаць і да нас, у Верамейкі. У нас таксама, як і ў Бабінавічах, калгаса не будуць дзяліць. Так што, Зазыба, можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць. Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць.
— У вёсцы цяпера, мусіць, знойдуцца ахвотнікі і без мяне старшынёй быць, — усміхнуўся Зазыба. — Той жа Мікіта Драніца...
— Ну, Мікіта яшчэ не дарос,— адчуўшы Зазыбаву іронію, сур’ёзна запярэчыў Брава-Жыватоўскі.
— Ды й ты во чым не старшыня?
— Але я так лічу, што паставяць цябе, — усцешаны Зазыбавай увагай, сказаў памяркоўна Брава-Жыватоўскі. — У Бабінавічах жа пакінулі Абабурку. Не паглядзелі, што і пры Саветах быў. Так што, на ўсякі выпадак, рыхтуйся. А мне старшынёй няма чаго хацець. Мне і так няблага будзе. Набяру вось паліцэйскіх, арганізую стан у вёсцы. Камендант жа ставіць гэта за самае галоўнае перада мной. Думаю, што Раман Сёмачкін пойдзе, можа, Сілка Хрупчык...
— Дак ён жа сухарукі!
— Нічога, вінтоўку ўтрымае, — няйначай, падбадзёрваючы сябе, кіўнуў Брава-Жыватоўскі. — Ты, бачу, ужо лічыш, што акрамя цябе ды Чубара ў Верамейках няма каму і ў начальніках хадзіць? Другія таксама не лыкам шытыя. Толькі не ўсім шанцавала. Табе, напрыклад, твой ордэн памагаў, а Чубара проста аднекуль прывезлі. Нават не спыталіся ў нас. Але я яго апошнія дні ўвесь час пільнаваў. Хацеў на мушку ўзяць.
— Ты от што, — зрабіўшы выгляд, што прапусціў міма вушэй самыя апошнія словы, сказаў Зазыба, — ты дарэмна прысылаеш да мяне Драніцу. Я табе сам скажу. Ордэн я здаў у Хатынічах. Так што...
— А я Драніцу не пасылаў, — раптам пачаў адмаўляцца Брава-Жыватоўскі.
— Не паверу ж я, што яго падбіў на гэта бабінавіцкі камендант. Да й...
Брава-Жыватоўскі адчуў, што Зазыба пачне сарамаціць, як таго вулічнага блазнюка, таму натапырыўся ўвесь:
— Толькі не надумайся пагражаць!
— Я табе не пагражаю, але...
— Што — але? Што — але? — заёрзаў Брава-Жыватоўскі. — Сіла і права цяпер не ў цябе, а ў мяне! Улада перамянілася! Як кажуць, станцыя Беразай!
— І надоўга?
— А назаўсёды!
Зазыба зірнуў на Брава-Жыватоўскага — твар у таго быў як зрушаны.
— Мы тута едзем з табой адны, — сказаў ціха Зазыба, — і ты са зброяй, а я не. Так што... Але я от што павінен табе сказаць, раз ужо едзем адны. Дарэмна ты лезеш у пятлю сваёй ахвотай.
Брава-Жыватоўскі са злосцю паглядзеў на Зазыбу, але не закрычаў. Тады і наогул быццам зніякавеў: Зазыбава шчырасць як раззбройвала ўжо.
— Няма чаго шкадаваць мяне, — сказаў ён неўзабаве. — Лепей вон пагразіў бы Рослаўцаву.
— І Рослаўцаў, можа, свайго дачакаецца...
— Не-е, тут ужо хто каго! — з’едліва ўсміхнуўся і крутануў галавой Брава-Жыватоўскі.
— Ну-ну...
Некалькі часу яны праехалі моўчкі, а тады Брава-Жыватоўскі, мусіць, надумаўшыся і назлаваўшыся сам-насам, пачаў раптам зноў палохаць.
— Ты яшчэ, Зазыба, павінен маліць бога. Адным словам, каб ты быў Чубарам, то... Давялося б табе ўмыцца ўжо крывёй. — Ён паглядзеў на Зазыбу і весела ўсміхнуўся: — А ведаеш, чаму ты трымаешся яшчэ на паверхні? Цябе топяць, піхаюць уніз, а ты ўсё ўсплываеш? Не ведаеш? Не? Да таму, што ты не сапраўдны камуніст быў.
— Цябе не зразумець, — засмяяўся, паціснуўшы плячамі, Зазыба. — Адзін раз ты кажаш, што я сапраўдны камуніст і не быў, а ёсць, нават пагражаеш на перапіс павесці за шворку, а другі — усё наадварот.
— Сапраўдны камуніст — гэта Чубар. А ты, Зазыба... — Брава-Жыватоўскі пакруціў галавой. — О-о не, Зазыба, ты не сапраўдны камуніст. Ты дзесяць разоў азірнешся, перш чым зрабіць што.
— Але нешта я не ўцямлю, ці ты гэтым хваліш мяне, ці ганіш? — пасля такога дзіўнага, а больш недарэчнага тлумачэння спытаў Зазыба.
— Ты вочы замазаў усім, — нібыта не пачуў Зазыбавага здзіўлення Брава-Жыватоўскі,— вось я табе скажу. Асабліва верамейкаўцам. Як жа, герой! Перад начальствам нават за каго не баішся пастаяць. Таксама пакладзісты. Людзей нібыта шкадуеш. Разумееш, што селянін — тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай. Адным словам, разумны гаспадар на зямлі. Думаеш, я не ведаю, што цябе зачапіць нават цяпер нельга? Ого, паспрабуй толькі, дык нажывеш сабе ворагаў, бадай, у кожнай верамейкаўскай хаце. Не толькі самога звядуць са свету, але і трэцяму калену не даруюць. Я вас, верамейкаўцаў, вывучыў! Я на вас у гэтыя гады наглядзеўся! Кругом ажно скура дымілася на людзях, а з вас нават валасок ні з аднаго не зляцеў! І ўсё праз цябе! Усё праз тваю паказную самастойнасць ды жаласць. Але маліцеся богу, што Чубара вам позна прыслалі. Час не той стаў. А то б пайшло і ў Верамейках усё пад грэбень. Чубар-то ўжо не тое, што ты, баптыст. Ён не стаў бы шкадаваць кожнага.