Выбрать главу

Чубар пазяхнуў — ужо як брала разморанасць, аднак засынаць так небяспечна было: па-першае, зямля, нягледзячы на баравы пясок, не пазбавілася пакуль тае настыласці, якую прынеслі нядаўнія дажджы, да таго ж, справа наогул была пад восень, а па-другое, рабіць гэтага нельга было і па самай простай прычыне, якая тлумачылася наяўнасцю побач дарогі. Чубар паклаў на далонь твар і ўбачыў паміж пасохлай травы жывую сцежку, па якой у вялікай заклапочанасці спяшаліся ва ўсе канцы рыжыя мурашкі, нібыта назнарок перавязаныя пасярэдзіне. Недзе паблізу павінен быў знаходзіцца мурашнік, але колькі ні азіраўся Чубар, не заўважыў яго. Тым часам мурашкі былі вялікія — значыць, лесавыя. Такія не захочуць жыць ні ў паточаным пні, ні тым больш пад зямлёй. Чубар ведаў, што мурашкі таксама часам перавандроўваюць у іншыя месцы, асабліва калі на мурашнік нападаюць дзікі. Пэўна, і гэтыя вымушаны былі па нейкай прычыне пакінуць свой дом, і Чубар цяпер бачыў іхнюю дарогу перасялення. Дзіва, але мурашкі былі гэтак заняты сваёй справай, што нават не звярталі ўвагі на чалавека, які ляжаў побач.

Назіраць за мурашкамі раптам стала цікава, і Чубар упёрся нагамі ў зямлю, каб падацца трохі наперад, а тады лёг зусім на жывот і паставіў локці цыркулем над жывой дарогай. Ён бачыў, як дзве мурашкі спрабавалі перавалачы цераз сасновы корань, што выпінаўся на паверхню, пагрызенае тулава лугавой страказы, але дарэмна, у іх на гэта не хапала ні сілы, ні спрыту, і страказа адно ледзь прыкметна краталася. Тым часам астатнія мурашкі працягвалі рабіць кожная сваё, а больш — проста спяшаліся некуды адна за адной і нават не зважалі на клопат другіх. Тады Чубар зламаў сухую былінку, што была на адлегласці выцягнутай рукі, і пасабіў небаракам, перакінуўшы страказу цераз корань. Захацелася наогул паваждацца з гэтымі разумнымі і ахайнымі казуркамі. З нейкай помслівай, няйначай, хлапчуковай злараднасцю Чубар паклаў упоперак мурашкавай сцежкі палец і колькі часу назіраў за раптоўнай разгубленасцю: як натыкнуліся мурашкі з абодвух бакоў на перашкоду, якая засланіла шлях, так і забегалі ўстрывожаныя паўз яе, але пераадолець цераз верх, здавалася, не думалі. Толькі адна ўспаўзла на Чубараў палец, памітусілася па ім, быццам у яшчэ большай разгубленасці, тады не ўтрымалася на схіле і паляцела потарч на зямлю.

Між тым асноўная маса мурашак ужо абмінула Чубараў палец вакол пазногця, і жывая дарога зноў пачала дзейнічаць.

«Чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала», — успомніў Чубар выслоўе ў сувязі са сваімі доследамі над мурашкамі і ўсміхнуўся, як чалавек, які даўно быў адзін: ён далёкі быў ад таго, каб рабіць, як здараецца, нейкія аналогіі паміж мурашкамі і людзьмі, для гэтага нават у такі час патрэбна быць сама меней філосафам...

Чубар павёў вачамі па лузе, зачапіўшы позіркам прасцяг ад вёскі, што была злева, і да той не выразнай палоскі на небасхіле, якая нерухома стаяла ўжо столькі часу, колькі Чубар ляжаў на схоне. З вёскі, што насупраць, ішоў да ракі чалавек. Але быў ён яшчэ далёка ад яе. Чубар не здзівіўся, што ўбачыў раптам чалавека — урэшце, быў звычайны дзень, але колькі хвілін усё ж не зводзіў з яго вачэй, нібы зайздросцячы, што той ідзе вось праз луг, як кажуць, на ўвесь рост і, мусіць, без усялякае перасцярогі, а ён вымушаны туляцца, чакаць цемнаты. Чалавек адсюль здаваўся пакуль рухомай кропкай, якая патрохі набліжалася да ракі, і разгледзець яго немагчыма было, хоць паветра над лугам стаяла празрыстае, а прадметы ў ім бачыліся, быццам аточаныя з усіх бакоў. Гэтак бывае таксама і з рачной вадой, але ўжо ў самую восень — некуды сплывуць летняя цвіль і шумавінне, і пад тоўшчай вады выразна прагляне тады ўсыпанае каляроваю галькаю дно. Чубару было цікава адгадаць наперад, каго раптам вывеў клопат за вёску, аднак дарэмна: цяпер, калі ўсё перайначылася пад богавай страхой і не паддавалася вызначэнню, можна было меркаваць і так, і гэтак. Разам з тым Чубар разумеў, што кожная сустрэча дадавала яму нешта да таго, што ён ужо ведаў. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць. Праўда, на кожную сустрэчу ішло багата маральных і фізічных сіл — заўсёды неабходна было трымаць сябе як напагатове. Але то былі ўжо, бадай, накладныя выдаткі.

Нарэшце чалавек перайшоў раку і апынуўся на другім беразе. У хадзе яго не адчувалася імкнёнасці, якая бывае ў людзей, што спяшаюцца з прычыны пільнай патрэбы. Проста ён ішоў з той зададзенай размеранасцю, якой павінна было хапіць яму калі не да скону дня, то хоць да наступнай вёскі. Нават здалёку кідалася ў вочы, што ён асцерагаўся ступаць усёй падэшвай правай нагі.