Чубар зрабіў незразумелыя вочы, сабраўшы гармонікам шырокі лоб.
— Не ведаю, як растлумачыць, — сказаў тады ваенурач, — але я ўжо не падыходжу для вашай справы. І наогул...
— Доктар, вы на сябе паклёп узводзіце, — засмяяўся Чубар.
— Не, я праўду кажу. Мне давялося багата перажыць апошнім часам... Пра гэта доўга расказваць. Але няўжо не відаць па мне, што я...
Чубар павёў галавой — маўляў, не відаць.
— А я ўжо каторы дзень баюся на сябе глядзець не толькі ў люстэрка, а і ў вадзе, калі, бывае, нахіляюся ды п’ю. Не, я ўжо нікуды не варты. Нават людзей лячыць. Бо хворы чалавек не можа другіх лячыць.
— Але па тым, як вы разважаеце, зусім не чуваць...
— Не далікатнічайце, гаварыце. — На доктаравым твары з’явілася штосьці падобнае на пагардлівую ўсмешку.
Тады Чубар загарэўся чырванню і сказаў быццам у злосці:
— Я хацеў сказаць, што вы не падобны на таго, кім хочаце выдаць сябе. Свядомасць ваша, мяркуючы па размове, таксама ў поўным парадку. Нават злосці хапае, нягледзячы што з выгляду абыякавы да ўсяго.
— Гэта, бадай, не злосць, а хутчэй — бездапаможная зласлівасць.
— Бачыце, нават самі разумееце. А навошта тады гаварыць абы-што? Самі ведаеце, за такое...
— Вы думаеце, гэта цяпер самае страшнае?
Чубар не адказаў, уражаны нечаканым адкрыццём — з кожнай хвілінай яму ўсё цяжэй станавілася размаўляць з гэтым чалавекам.
— Самае страшнае, — тлумачыў тым часам доктар, — бадай, усведамленне таго, што ты ўжо ні на што не варты.
— А вам не здаецца, таварыш ваенурач другога рангу, — прыжмурыў вочы Чубар, — што гэтыя словы могуць нагадваць самыя звычайныя хітрыкі чалавека, якому па нейкай прычыне вельмі патрэбна выдаць сябе... ну... за вар’ята, ці што?
— Вось бачыце, гэты раз вы ўжо больш дакладна называеце рэчы, — не мяняючыся ў твары, сказаў ваенурач, але ў голасе ягоным пачулася дрэнна схаваная злараднасць, нібыта чалавек нарэшце атрымаў тое, чаго дамагаўся.
Чубар пакруціў галавой.
— І тым не менш у сваім вар’яцтве вы мяне не пераканалі, — жорстка сказаў ён.
— А я і не імкнуўся рабіць гэта, — спакойна запярэчыў доктар. — Проста я хацеў сказаць, што мне давялося перажыць момант такога нервовага напружання, якое чалавека робіць у канчатковым выніку калі не вар'ятам, як вы гавораце, то ўжо непрыгодным ні для якой справы.
— Але ж вы не будзеце адмаўляць, што сур’ёзная справа вяртае чалавеку яго сапраўдны воблік? — Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. — Добра, я абяцаю забыць пра ўсё, — быццам ратуючы становішча, сказаў тады Чубар, — што вы нагаварылі тут, але далей вам ісці не варта, трэба выкінуць з галавы, мякка кажучы, ненармальную ідэю дайсці адсюль у Свярдлоўск, зрэшты, пасмяяцца з яе!..
— Паверце, мне зусім не цікава — забудзеце вы пра нашу размову ці не. Да таго ж нічога асаблівага, што падлягала б пакаранню, я не нагаварыў тут. Таму пагрозы вашы...
Чубар не даслухаў.
— Мне доктар патрэбны, разумееце? — хвалюючыся, затрос галавой Чубар. — Таму я і ўгаворваю вас. Урэшце, таму я і не кажу вам, што непадалёк адсюль спыніўся фронт і што вам засталося ўжо нядоўга ісці да яго!
— Але я няздольны на тое, чаго вы хочаце ад мяне, — упарта паўтарыў ваенурач.
— А я вам не веру! — сказаў, як падначыўшы, Чубар.
— Тады паслухайце.
І ваенурач пачаў расказваць роўным і глухім голасам, але зноў быццам з завучанай лёгкасцю.
...На тую ноч, як выбухнуць вайне, ваенурач паехаў на чыгуначную станцыю ў Баранавічы сустрэць малодшага брата, які толькі што скончыў школу малодшых палітрукоў і накіроўваўся ў 10-ю армію для праходжання далейшай службы. Штаб 10-й арміі тады знаходзіўся недзе каля Беластока, калі нават не ў самім Беластоку. Вядома, туды хутчэй было ехаць праз Брэст. Але тым жа цягніком і з той жа школы малодшых палітрукоў у Асобую Беларускую ваенную акругу ехаў служыць не адзін доктараў брат — з выпуску сорак першага года сюды атрымалі прызначэнне некалькі чалавек: напрыклад, пяць малодшых палітрукоў мелі накіраванне ў палітупраўленне 3-й арміі, амаль столькі ж выпускнікоў атрымалі накіраванне ў 28-мы стралковы корпус, штаб якога быў у Брэсце. Жыццярадасныя і яшчэ амаль па-студэнцку бесклапотныя, яны нават называлі адны адных паміж сабой — «беластоцкімі», «гродзенскімі», «брэсцкімі». Кажуць, за кампанію і цыган павесіўся. Дык вось і з малодшымі палітрукамі нешта падобнае было — «беластоцкія», у тым ліку і доктараў брат, вырашылі ехаць да месца службы кружной дарогай, праз Гродню, балазе, быў час, і яны, такім чынам, ніколькі не пазніліся.
У Баранавічы пасажырскі цягнік прыйшоў па раскладу, але там яго затрымалі. Прычыны ніхто ў цягніку не ведаў, пасажыры — пераважна вайсковыя людзі — казалі, што наперад прапускаюць нейкі другі цягнік. Аднак вагоны на запасныя рэйкі не заганялі, і гэта трохі дзівіла. Тым часам для братоў, якія колькі гадоў не бачыліся, затрымка цягніка была дарэчы. Яны пахаджвалі пад занавешанымі вокнамі вагонаў, паціху гаманілі і нават не заўважалі, што ўжо радчэла цёплая ноч і ўвачавідкі світала. Ніхто не здагадваўся, што заставалася мала часу да таго моманту, калі на савецкую зямлю разам з раніцай упадуць варожыя бомбы і даваеннага жыцця больш не будзе, і наогул — багата для каго яго зусім не стане. Тым не менш нават тады, як на падлёце да горада пачуўся гул фашысцкіх самалётаў, ваенурач, а разам з ім і іншыя людзі, якім здарылася не спаць, не падумалі, што гэта вайна — урэшце, маглі ляцець таксама савецкія самалёты, да таго ж немцы ў канцы мая ўжо рабілі такі масавы налёт, дасяглі Баранавіч, але павярнулі назад: і дасведчаныя, і недасведчаныя людзі, якім давялося бачыць майскі палёт, палічылі яго за звычайную правакацыю, хоць то была ўжо генеральная рэпетыцыя... У тую ноч, дакладней — раніцой 22 чэрвеня, у Баранавічах рабілася аднолькава, як і ва ўсіх больш-менш буйных гарадах, што знаходзіліся не вельмі далёка ад дзяржаўнай граніцы. Пакуль суд ды справа, цягнікоў на захад не пускалі. Вайсковыя людзі рушылі натоўпамі да каменданта горада. Ваенурач і ягоны брат разам са сваімі таварышамі таксама падаліся туды. Каля гарадской камендатуры неўзабаве сабралася багата камандзіраў у розных званнях — і тыя, што вярталіся з чарговага адпачынку, і тыя, што ехалі яшчэ толькі па накіраванню. Але камендант нікога не мог задаволіць, адно казаў, каб усе як найхутчэй дабіраліся ў свае часці. На каманду малодшых палітрукоў — іх з чамаданчыкамі зайшло ў кабінет да яго дванаццаць чалавек — глядзеў не столькі з заклапочанасцю, колькі з неўразуменнем і разгубленасцю, быццам сапраўды не ведаў, што з імі рабіць: усё круціў у руках іхнія прадпісанні ды моршчыў, як ад вялікай пакуты, лоб. Хоць камендант і разумеў, што буйныя штабы ўжо, няйначай, занялі падрыхтаваныя ў іншых месцах камандныя пункты, але і малодшым палітрукам параіў тое, што раіў другім камандзірам — хутчэй дабірацца да месцаў прызначэння. Разам з тым ён паклікаў па тэлефоне нейкага капітана і загадаў выдаць кожнаму па рэвальверы сістэмы «наган». Малодшым палітрукам давялося вяртацца зноў на чыгуначную станцыю. Але дарэмна: цягнікі па-ранейшаму стаялі на рэйках. Нават ваенурач не мог даць сабе рады, хоць яму, здавалася, было прасцей: артылерыйская брыгада, дзе той меў сабе медыцынскую службу, стаяла на паўдарозе ад Гродні сюды, і туды па чыгунцы было зусім не багата ехаць. Але чыгунка пакуль не дзейнічала, спадарожных машын таксама дарэмна было шукаць; апрача таго, ваенурач ведаў, што брыгада па камандзе ўжо рушыла з вайсковага гарадка. Адным словам, становішча складвалася такое, калі выйсце з яго цалкам залежала ад самаініцыятывы і кемнасці, і ваенурач, адчуўшы раптам адказнасць за малодшых палітрукоў, павёў так званых «беластоцкіх» і «брэсцкіх» за горад, на скрыжаванне дарог, бо ў яго была надзея, што там натрапіцца нешта спадарожнае. Аднак за ўвесь першы дзень «беластоцкім» палітрукам ледзь пашанцавала апынуцца ў Альберціне: дзіва, але да самага паўдня на шашы, акрамя як на Брэст, не было ніякага руху; уздоўж граніцы ўжо на ўсю моц грукатала вайна, а тут, непадалёк ад Баранавіч, нібыта сцішылася ўсё ў задуманай нерашучасці, нібыта шукала сабе яшчэ нейкае пэўнасці. З Альберціна — гэта на другую раніцу — тры малодшыя палітрукі на чале з ваенурачом другога рангу рушылі далей, трымаючыся дарогі на Ваўкавыск, але за Слонімам пачаліся бамбёжкі, і неўзабаве ўжо амаль нельга было рухацца наперад, бо ад граніцы, як выйшаўшая з берагоў вада, хлынулі на дарогі адыходзячыя чырвонаармейскія часці. Давялося паварочваць на прасёлкі, але і там рабілася немаведама што — чамусьці ва ўсіх напрамках рухаліся цэлыя вайсковыя падраздзяленні, а таксама асобныя групы байцоў і камандзіраў. Нарэшце пайшла паміж чырвонаармейцамі чутка, што неўзабаве ўсе войскі, якія запоўнілі лясныя і палявыя дарогі ў чатырохкутніку Слонім — Ваўкавыск — Поразава — Ружаны, увойдуць у непасрэднае сутыкненне з праціўнікам. І тады ваенурач убачыў, як ажылі духам ягоныя малодшыя палітрукі: маючы ў наганах па адным барабанчыку патронаў, яны з усёй ахвотаю прагнулі бою з ворагам, пра якога за гэтыя дні ці мала чаго наслухаліся. Тым часам каторы дзень ужо далятала з захаду кананада, а ўначы стала чуваць, як страчылі за Зяльвянкай кулямёты. Аднак доўга паваяваць з фашыстамі малодшы