Амаль усе, хто прысутнічаў у калгаснай канторы, ведалі пра тыя падзеі не горш за Кузьму Прыбыткова, але слухалі старога з нейкай новай настроенасцю, нібыта непакоіліся, што можа ўсё паўтарыцца.
Іван Падзерын, які прыйшоў у кантору пазней за ўсіх, сказаў:
— Дак ета ж нашы выйгралі тады, што большага хабару далі начальніку міліцыі. А калі раптам перайграць цяпер захочуць і ў Малым Хоцімску, і ў другіх вёсках да таксама хабар свой павязуць? Улада ж памянялася!
— Навошта казаць абы-што, — паглядзеў на яго Парфён Вяршкоў. — Ніякага хабару не давалі верамейкаўцы. Само выйшла. А болей таму, што на нашым баку луг. Не дай бог, каб ён на тым баку Бесядзі быў, не бачыць бы нам сена з Зінкевічавага лугу, як чорту салодкіх вушак. Не, хабару мы не давалі. Ета плёткі пусціла тады пакрыўджаная старана, маўляў, верамеўкаўцы падкупілі начальніка міліцыі. Ну, і дагэтуль во гавораць, не перастаюць.
— За луг не давалі, — згадзіўся з Парфёнам Кузьма Прыбыткоў,— ета праўда, а от за Панцялея Казла ці не вазілі кадушку мёду?
Парфён Вяршкоў наморшчыў твар:
— Ты такс-а-а-ама!.. Самога ж у Верамейках няйначай, не было тады!
— Не знаю, ці быў я, — запярэчыў Кузьма, — а помніць дак яшчэ помню, як збіралі па ўсіх пасеках па пяць хунтаў мёду. Няхай во Дзяніс скажа.
— Дак і Зазыба недзе не вяртаўся тады са службы, — па-ранейшаму не пагаджаўся з Прыбытковым Парфён Вяршкоў.
Але ўсе павярнулі ўжо галовы да Зазыбы, што сядзеў за доўгім канторскім сталом, за якім у звычайны працоўны дзень было месца падліковых работнікаў, а ў часе агульных калгасных сходаў — прэзідыума. Зазыба таксама слухаў аднавяскоўцаў, але быццам з вялікай паблажлівасцю.
— Вам, як кажуць, хоць каліўка, хоць цавінку, — зварухнуўся ён. — І якое гэта цяпер значэнне мае?
Пасля гэтага мужыкі таксама заўсміхаліся — маўляў, тут як на марозе, абы лічыць лысых...
— Панцялей во паспеў памерці, — нібы між іншым сказаў праз нейкі момант Іван Падзерын, — а то б цяпера, пры такім часе, калі памянялася ўсё, магло яшчэ адыграцца яму.
— Не палохай ты нас, Іван Хаміч, — зноў, усміхаючыся, паўшчуваў Зазыба, — а то бытта крыві захацелася. Дак ці мала яе льецца цяпера без гэтага.
— Дак жа мы, беларусы, не такія, каб... — спрабуючы ўнесці пэўную яснасць, сказаў Парфён Вяршкоў. — Ета на Каўказе дак... А беларусы кроўнай помсты не маюць.
— Не ма-а-а-аюць, — пакруціў недаверліва галавой Іван Падзерын, — а помніш, як Маслюкі адпомсцілі таму лесніку з Гончы, што падстрэліў іхняга бацьку?
— Маслюкі — ета асобая рэч, — не пагадзіўся Парфён Вяршкоў. — Яны і без кроўнай помсты маглі каму хочаш юшку пусціць. А ў таго чалавека з Малога Хоцімска, здаецца, ужо нікога і не засталося ў вёсцы. Жонка ці не да калгасаў яшчэ памерла, а дзеці разбрыліся.
— Ета праўда, — падтрымаў Вяршкова Кузьма Прыбыткоў, — сям’і таго чалавека няма ўжо ў Малым Хоцімску. Але сына яго неяк мы бачылі з Пракопам сваім. Тады якраз у Кажлаёў дошкі пілавалі. Дак гаспадар адзін і сказаў мне, што ягоны падпасак і ёсць сын хоцімскага мужыка, якога нашы верамейкаўцы забілі. Я дак ажно паглядзець пацікавіўся. Гадоў дванаццаць хлопцу было. Дужа кніжкі чытаў. Можа, вывучыўся недзе.
— Яно па-вучонаму дак яшчэ...
Але дагаварыць Івану Падзерыну перашкодзіла Ганна Карпілава, якая раптам падала аб сабе голас:
— Пусцілі б вы мяне, мужыкі, дамоў. А то калі той Сідар прыедзе? Да і ці прыедзе яшчэ?
— Сядзі, — строга сказаў ёй Зазыба.
— Дак малец жа хворы. У жары цяпера недзе ляжыць! Да і рабіць мне няма чаго з вамі. У амбарах жа хоць шаром пакаці. Адна старызна — некалькі скур папрэлых да хамуты, у якія даўно не запрагалі коней. Так што і дзяліць няма чаго.
— Парадак ёсць парадак, — адвярнуўся недавольны Зазыба, але дадаў: — Ты б хоць папрасіла каго тады паглядзець за тваімі хлопцамі на гэты час. Ведала ж, куды ідзеш і зачым.
— Дак... — Ганна адно сцепанула плячамі ды туга пацягнула за рог чорную хустку вакол шыі, якая была завязана на галаве так званым вясковым буданком.