Маштакова Зазыбавы словы насцярожылі. Але працягваў ён гаворку зусім пра другое.
— Ну, што кароў калгасных не пакінулі ў вёсцы, пра гэта я ведаю, збожжа, мабыць, таксама не засталося? — Маштакоў паглядзеў на Зазыбу. — А як з новым хлебам?
— Не ведаю, — адказаў Зазыба, — яшчэ ж на полі ўвесь, у каласках. — І чамусьці апусціў вочы на бліскучыя халявы маўклівага вайскоўца, якія ляжалі пад сталом на суножцы.
— У Бабінавічах ужо немцы, — сказаў Маштакоў.— У Крутагор’і таксама...
— З учарашняга дня, — дадаў вайсковец.
— Увесь дзень трымалі, — сказаў Маштакоў, — а к вечару здалі.
— Але ж Чубар пайшоў туды, — нібы спахапіўся Зазыба.
— Вашага Чубара не зразумееш, — сказаў нездаволеным голасам Маштакоў. — Калі яго клікалі на важную справу, ён, па даваеннай звычцы, недзе хаваўся, а цяпер... — Ён пастаяў трохі з задуманым тварам, пасля кіўнуў галавой на карту: — Адным словам, раён наш ужо заняты праціўнікам!
Тады гаворку ўзяў на сябе вайсковец.
— Вольным застаецца пакуль адзін сектар, вось гэты. — Ён тыцнуў указальным пальцам у невялікі чырвоны кружок. — Крутагор’е, ад якога адыходзілі пад вуглом, бадай, у сорак пяць градусаў дзве тлустыя лініі, праведзеныя сінім алоўкам. — Як бачыце, Верамейкі вашы трапляюць у гэты сектар.
— Мы гэта для яснасці табе, каб ведаў, — сказаў Маштакоў. — Мяркуй сам, калі не сёння, то заўтра фашысты ў Верамейках будуць. Ад Бабінавічаў да вас ім ужо недалёка. Тым больш што нашых войск каля Бесядзі няма.
Зазыба слухаў, адчуваючы, як скура на твары рабілася нерухомай і зусім нячутнай, быццам адлівала кроў.
Маштакоў паглядзеў на Зазыбу, спытаў амаль у вочы:
— Ты вось пра што скажы мне, Дзяніс Яўменавіч, як ты да Савецкай улады — не перамяніўся?
Зазыба таксама падняў вочы на сакратара райкома, бо не зразумеў таго.
— Ты абавязкова павінен сказаць пра гэта, — стаяў на сваім Маштакоў, — бо я не так сабе...
Зазыба падумаў, што адказу яго чакаў не столькі Маштакоў, колькі вайсковец, таму сказаў без пакрыўджанасці, проста і шчыра, з усведамленнем усёй важнасці слоў:
— Не, не перамяніўся.
— Іншага я ад цябе і не думаў пачуць, — усміхнуўся задаволены Маштакоў. — Але даруй, гаворка цяпер паміж намі ідзе большая, чым звычайны давер. Мы вось параіліся з таварышам маёрам і вырашылі звярнуцца да цябе. Чалавек ты надзейны, гэта я ведаю. Мы тут надумаліся зрабіць адну справу.
Маштакоў перавёў позірк на вайскоўца. Той кіўнуў галавой.
— Трэба ўладкаваць у Бабінавічах аднаго чалавека, — дагаварыў Маштакоў.
Тады вайсковец спытаў: .
— У вас там знаёмыя ёсць?
Зазыба прыкінуў у галаве, але адказаць не паспеў. Вайсковец удакладніў:
— Ну такія, каб як свае былі?
— Ёсць, — нарэшце адказаў Зазыба.
— Ну вось і добра, — з палёгкаю ў голасе сказаў Маштакоў. — Можна клікаць у хату Марылю, — паглядзеў ён на вайскоўца.
Той адразу ж устаў з-за стала і рушыў да парога.
Калі ў хаце засталіся Маштакоў і Зазыба, сакратар райкома паклаў на Зазыбава плячо руку:
— Цяжка?
— Да й не лёгка.
— Усім цяпер цяжка, Дзяніс. Але неяк адужаем. Не можа быць, каб не адужалі. Прыйдзе час, возьмем фашыста за горла.
— Дак трэба...
Маштакоў падумаў і спытаў:
— Можа, у цябе што ёсць і да мяне?
— Ёсць.
— Тады гавары, а то часу ў нас мала.
— Спытаць хачу.
— Давай.
— Ты от гаварыў пра новы хлеб. Дак... Адным словам, сам ведаеш, жніво яшчэ не пачыналі ў калгасе, але ж скора пачынаць мусім. Дак што тады рабіць са збожжам? Чубар гаварыў пра нейкую дырэктыву, бытта ў райкоме ты чытаў актыву.
— Мы сапраўды знаёмілі раённы актыў з дырэктывай Савета Народных Камісараў і Цэнтральнага Камітэта партыі ад дваццаць дзевятага чэрвеня.
— Ну от... Дык я Чубара зразумеў так, што па ёй усё падлягае знішчэнню.
— Правільна. Але ж ты сам кажаш, што жніво не пачыналі. Значыць, хлеба яшчэ няма.
— Аднак жа будзе!
— Дзіва што будзе, — кіўнуў галавой Маштакоў.
— Чубар казаў, каб пасевы...
Маштакоў прайшоўся па хаце.
— М-да, — сказаў ён праз нейкі момант, — кругом нам задаў фашыст задачу. Затрымайся на Сажы фронт яшчэ на два тыдні — хоць пра гэта галава не балела б. Са жнівом паспелі б. А цяпер збажына стаіць у полі быццам назнарок. Давядзецца неяк выкручвацца. Фашыстам і сапраўды нельга нашага хлеба аддаваць. Ён яшчэ самім спатрэбіцца.
— Я так думаю...
Але дагаварыць ім не далі: адчыніліся дзверы, і ў хату разам з вайскоўцам, які прыгінаў галаву, калі пераступаў парог, зайшла дзяўчына. Яна была прыгожая, усё ў ёй — і пастава, якую зграбна аблягала летняя, з дробнаю клеткай сукенка, і ногі з нібыта вытачанымі лыткамі, і спакойныя, аголеныя да плячэй рукі, і чорныя вочы, якія на першы погляд здаваліся трохі касаватымі, але ніколькі не псавалі маладога твару, — прываблівала вока. Зазыба ажно паглядзеў на Маштакова, быццам не паверыў, што менавіта яе давядзецца ўладкоўваць у Бабінавічах.
— Так, гэта і ёсць той чалавек, — сказаў вайсковец. — Завуць яе Марыляй. Гэта не сакрэт. Думаю, што вы самі пасля пазнаёміцеся.
У Верамейкі немцы чамусьці не спяшаліся, і непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах. Амаль паўтараста двароў — па шнуравой кнізе дакладна сто сорак тры — патаналі ўначы, прыслоненыя да лесу, які ледзь не палохаў сваёй густой, нібыта чорная воўна, цемрай. Лес гэты ішоў сюды ад самае Бесядзі, што падзяляла мясцовасць на лясную і бязлесную. Да лясной належалі і Верамейкі. На тапаграфічнай карце двухсотгадовай даўнасці, якую адшукаў некалі ў старых кнігах Зазыбаў Масей, Верамейкі яшчэ не значыліся. Тады наогул усё гэтае забесяддзе ляжала нечапанае, адна пракаветная пушча ды азёры пасярод балот, якія непрыкметна, год за годам, зацягвалі іх купінай; следам наступаў лес, спускаючыся з сухіх выспаў — спярша чэзлыя сосенкі, якія гнала ў адну балоніну і якія доўга не маглі прастаяць на багне (пад купінамі была вада), але паступова балота храсла, высыхала, і на ім вырасталі магутныя хвоі. Па правы бок Бесядзі тым часам ужо гаманілі Бабінавічы, якія пасля, калі распрадавалі ў тутэйшых мясцінах каронныя землі, пачалі называцца мястэчкам. Уласна, гэта было самае вялікае паселішча на ўсю акругу. Адсюль набіраў сваё войска і Васіль Вашчыла, калі ўзбунтаваў супраць арандатара Гдалія, а разам з ім і супраць князя Радзівіла Крычаўскае староства. Паўстанне, як вядома з пісанай гісторыі, было падаўлена. Сам Вашчыла схаваўся недзе на адной з парубежных застаў, што стаялі тады кіламетраў за сорак ад Бесядзі. Паміж Сожам і Бесяддзю лютавала радзівілаўская «экспедыцыя». Былыя паўстанцы ратаваліся хто дзе, а больш падаваліся за Бесядзь — падалей ад кары і бліжэй да рускіх застаў. Адна за адной там узнікалі лясныя вёскі. Якраз тады і пачаліся за чатыры кіламетры ад Бесядзі Верамейкі. Заснаваў іх бабінавіцкі каваль Верамей, паплечнік Вашчылавага атамана Ветра, што з Канічаў. З кавалём за Бесядзь падаўся і ягоны брат Сенька, які, мусіць, таксама паваяваў з палякамі. Мясцовае паданне не захавала большых падрабязнасцей пра братоў, але ў Верамейках усё роўна ведалі, дзе была пастаўлена першая хата: на беразе ручая, што цёк у возера, якое хаваў сабою лес... Дык вось, было гэта дзвесце гадоў таму назад. Але за два стагоддзі ўсё перайначылася тут. Галоўнае — вырасла цэлая вёска. Цяпер яна ляжала амаль падковай вакол таго возера і займала — вядома, без ворнай зямлі — ці не два кіламетры ўзлобкаў і выспаў, што некалі нельга было нават угледзець за дрэвамі.
...Зазыба ўначы надзеты быў, як у дарогу: на ім была ватоўка, якую ён ужо не скідаў пасля вяртання з Кулігаеўкі, і наваксаваныя боты — на выпадак, калі б раптам давялося падавацца куды з вёскі. Туліўся ён на ўслоне, паклаўшы галаву на кажух.
Адольвалі думкі. Ён перабраў ужо нямала іх у сваёй галаве, а заставалася яшчэ больш.
Амаль чатыры перадваенныя гады — пасля арышту Масея — ён пражыў, як у тлуме. І таму шмат з таго, што адбывалася вакол, проста не заўважаў. Яго нібыта абыходзіла ўсё. І вось загрукатала вайна. Але і яна спачатку вялікага страху не нагнала. Урэшце, калі гаварыць як на духу, то мала хто з разумных людзей верыў у тое, што пісалі апошні час пра яе, асабліва пасля трыццаць дзевятага года, як немцы сталі на той бок дзяржаўнай граніцы. Разумелі нават недасведчаныя, што падышлі яны блізка не так сабе. Але перад вайной выйшлі з тасаўскім абвяржэннем газеты, дзе зноў нібыта пераконвалі «няверуючых», што Германія «таксама няўхільна захоўвае ўмовы савецка-германскага пакта аб ненападзе, як і Савецкі Саюз...». Пасля, праўда, некаторыя тлумачылі, што рабілася ўсё, маўляў, дзеля вялікай палітыкі ці, як казаў стары Ціток, дзеля міжнароднага этыкету. Аднак жа здавён лічылася: дзе многа этыкету, там небагата шчырасці, бо ад сабак, апрача блох, нічога не набярэшся. А фашысты — тыя ж сабакі. Пра гэта ведалі ўсе, у тым ліку і Зазыба, хоць ён і разумеў таксама, што ў палітыцы не кожны раз расход з барышом на адным полазе едуць. Па дарозе, пакуль Зазыба дабіраўся ў Верамейкі з Хатынічаў, ён наслухаўся рознага. У людзей нібы языкі развязаліся. Нават часам здавалася, што гаварылі цяпер амаль адно і прытоеныя зласліўцы, калі не ворагі, якія сапраўды чакалі прыходу фашыстаў, і людзі сумленныя, якіх хвалявала і непакоіла тое, што рабілася ў краіне. Але ва ўсёй гэтай гаварні, справядлівай і несправядлівай, было нешта такое, што прымушала задумвацца: можа, не ўсё варта было браць напавер. Хадзілі, напрыклад, чуткі, што па загаду Сталіна ўжо расстраляны каля Віцебска генералы, якія не толькі не падрыхтаваліся як след да вайны з фашыстамі, але і ўтаілі ад яго праўду: пабаяліся за сябе. Тым часам гаварылі і другое, маўляў, вінаваты... Сталін — значыць, бацька не бацька, раз сыны нядбайныя... Некалі Зазыбу дужа злавала, калі бацька, Яўмен Зазыба, пытаўся: «Чаму твой Сталін ходзіць у ботах? Маўчыш? А чаму тады Ленін не насіў іх? А я ведаю, бо Сталін ўсё наравіць напрасткі пайсці, яму і балота не перашкода, а Ленін гэтак не рабіў, таму і было пры ім па-іншаму. Вядома, Зазыбаў бацька быў чалавек цёмны і жыў у адных забабонах, але насуперак усяму, што было разумнага, нават баючыся прызнацца сабе, Зазыба і сам паступова як не гатовы быў глядзець на чалавека, якога мільёны людзей лічылі за вялікага правадыра, праз акуляры «прытчы пра боты», асабліва пасля таго, як засудзілі Масея. І, вядома, не таму, што Масеева няшчасце абярнулася бацькавай ганьбай: Зазыба надзвычай добра ведаў свайго сына, каб паверыць — тут, як кажуць, хоць голаў на кол.