Зазыбу прыйшло ў галаву, што тады Бажэнку было амаль столькі, колькі яму цяпер...
Цела памёршага Бажэнкі везлі па зялёным жытомірскім бульвары на артылерыйскім лафеце. Тым часам за горадам чуўся гул кананады.
Пасля расказвалі, што пятлюраўцы, якія ўварваліся ў Жытомір на другі дзень, зрабілі вялікі здзек з магілы адданага бальшавіка і славутага камандзіра...
Дывізія пачала адступаць па ўсім фронце. Багунцы, тарашчанцы і ноўгарад-северцы не маглі стрымаць варожы націск: ад Луцка і Радзівілава наступалі часці белапольскага корпуса генерала Галера, з паўднёвага захаду — пятлюраўцы, а на Кіеў імкліва рухаліся войскі генерала Брэдава.
Недалёка ад Палоннага, што за Шапятоўкай-Падольскай, Зазыба быў паранены: асколак ад снарада парваў яму правую лытку. Параненага Зазыбу павезлі сябры на бронецягніку ў Чуднава і паклалі там у шпіталь. Рана доўга гнаілася — не хацелі мускулы зрастацца, але паступова жывое ў іх дало свой уток, і Зазыба пачаў хадзіць. Але да тарашчанцаў ужо не вярнуўся. Яго накіравалі ў Першую Конную кулямётчыкам на тачанку.
І вось аднаго разу махноўцы атакавалі будзёнаўскі раз’езд. Некалькі чырвоных коннікаў было забіта ў перастрэлцы. А Зазыбу махноўцы ўзялі жывым. Канвойны махновец пагнаў палоннага перад сабой, відаць, у штаб. Зазыба ў думках ужо развітваўся з жыццём. Але неспадзявана ім сустрэлася па дарозе бандыцкая тачанка, і канвойны загаварыўся з сябрукамі, забыўшыся на нейкі час пра палоннага. Тады Зазыба і рашыўся на подзвіг: як згледзець вокам, выхапіў у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага, а тады адсек галовы і тым, што сядзелі на тачанцы. Махноўцы нават рэвальверы не паспелі выняць, не тое каб з кулямёта стрэліць.
Праз колькі дзён чырвоны камандарм прышпіліў да Зазыбавых грудзей ордэн Чырвонага Сцяга і прачытаў перад строем коннікаў такую пастанову: «Ад імя Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх і казацкіх дэпутатаў Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі Рэвалюцыйны Ваенны савет 1-й Коннай Чырвонай Арміі на пасяджэнні 22 студзеня 1921 года пастанавіў: узнагародзіць ордэнам Чырвонага Сцяга чырвонаармейца 4-га палка асобнай кавалерыйскай брыгады, — і прозвішча адпаведна назваў, таксама імя, імя па бацьку, — за тое, што той, будучы захоплены белабандытамі ў палон, уцёк ад іх і захапіў тачанку з кулямётам».
Багата што, дужа багата мог прыгадаць сёння Зазыба...
Нарэшце ён адчыніў філёнкавыя дзверы ў тую хату, дзе сядзела за сталом Марыля і чытала нейкую кніжку, трымаючы аберуч.
— Мы табе не пашкодзілі сваім крыкам? — ціха гукнуў ён.
Дзяўчына павярнула галаву, усміхнулася:
— Не.
— Але ці не пара нам, дзеўка, падавацца ў мястэчка? А то ж я паабяцаў тваім... Дак цяпера во паспакайнела, здаецца. Можа, паедзем?
Зазыбу падалося раптам, што Марыля пасля ягоных слоў як насцярожылася — усмешку на яе прыгожым твары нібыта патушыла палахлівае здзіўленне...
Ужо быў недзе позні вечар.
У вокны, быццам чужая, паціху стукалася з палісадніка галінка, падобная на нейкую жывую істоту. Вецер, які парэдзіў, а затым размахаў па небе палягчэлыя хмары, страсаў дажджавыя кроплі.
Падсыхала, як не шэрхнучы, настылая зямля.
У горкім палыне за Зазыбавым дваром даспявала патрывожанае лета.
У тую ноч за возерам, на сухой імшары, неспадзявана затрубіў лось, б’ючы капытамі прымоўклую зямлю. Гэта быў першы выгнаны вайною лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь, аднекуль з далёкае Бярозаўскай пушчы.
— У-е-е-е-о-о-о...
Раней ласі яшчэ лічыліся гаспадарамі сярод звяроў і ў забяседскіх лясах. Магутныя, яны блукалі ў сваёй зацятай маўклівасці па звыклых, адным ім належачых сцежках, гладалі на маладых дрэвах кару, а калі наставаў час восеньскага гону, шалелі ад любоўнага непакою; рагалі тады выходзілі з чашчобы і падаваліся бліжэй да расцяробаў на пошукі пакорлівых ласіх, што таксама знемагалі ад любоўнай страсці — пры гэтым яны станавіліся яшчэ больш дужыя, глухія да небяспекі і небяспечныя самі.
Ласям было прывольна ў пракаветнай пушчы. Часам яны пераплывалі Бесядзь, і тады іх можна было бачыць каля вёсак, разам са свойскай жывёлай. Асабліва прываблівала сахатых да чалавечага жылля вясна, калі пачыналіся так званыя вандроўкі.
Але наставалі, як кажуць, благія часы. У шведскую вайну абедзве арміі — і шведская і руская, якія адну восень манеўравалі таксама і паміж Сожам і Бесяддзю, — харчаваліся пераважна ласіным мясам. Тады забесядскія лясы недалічыліся багата сахатых. Вайсковыя каманды палявалі на іх скрозь, здабываючы танна мяса, за якое не трэба было плаціць ні крэйцара, ні рубля. У часе паўстання Вашчылы таксама шмат загінула гэтых насельнікаў пушчы. Радзівілавы уланы ганяліся за ласямі аднолькава, як і за паўстанцамі. У тыя гады ў еўрапейскіх краінах пайшла мода на ласіны — скураныя рэйтузы. Добрыя ласіны каштавалі вялікія грошы, і уланы, пільнуючы ў пушчы паўстанцаў (за кожнага злоўленага ці забітага Вашчылавага мужыка князь плаціў асобна), не забываліся пра ласіныя стаянкі. Для іх гэта быў промысел: адзін — на паўстанцаў, другі — на сахатых. Але больш за ўсё пагінула ласёў пасля, калі распрадаваліся каронныя землі. Тады мясцовыя паны — і бабінавіцкія, і белаглінаўскія, і тыя, што мелі маёнткі далей ад ракі, — заманьвалі да сябе замежных купцоў і прадавалі ім (самім жа некалі дасталіся амаль задарма) шчоглавыя сосны і таўшчэзныя дубы, пад якімі, можа, балявалі самі радзімічы. Шляхі зносін адсюль былі зручныя: па Бесядзі павязаны ў плыты лес трапляў поўнай вадою ў Сож, адтуль па Дняпры — у Прыпяць. Прагныя купцы пляжылі забесядскую пушчу не адзін і не два гады, пакуль не выклеймавалі самае лепшае, што прыгодна было для прамысловага ўжытку. На вызваленых дзялянках пачалі будавацца сяляне — спярша беглыя, прыгонныя бабінавіцкіх і белаглінаўскіх паноў, асабліва пасля паўстання ў Крычаўскім старостве, калі багата хто ратаваўся ад уланаў; затым настаў час, што паны прымусам пачалі перасяляць за Бесядзь мужыкоў, каб тыя пашыралі панскія землі. Паступова чалавек сам станавіўся гаспадаром у пушчы. Ласі, ратуючыся ад яго, падаваліся на балотныя выспы. Дзякуючы доўгім нагам, рассунутым капытам, яны маглі лёгка трымацца на купінах, а там, дзе перашкаджала багна, прабірацца паўзком. Але і на балотных астравах нядаўнія гаспадары пушчы не знайшлі сабе надоўга спакою...
Здарылася так, што менш як за дзве сотні гадоў сахатыя перавяліся за Бесяддзю цалкам — адны былі панішчаны, а другія па сваёй ахвоце пакінулі няўтульныя мясціны. Паступова пазарасталі за імі патаемныя сцежкі; больш ніхто не знаходзіў на расцяробках, пасля восеньскага гону, цяжкія ласіныя рогі. Здавалася, ужо ніколі сахатыя не вернуцца за Бесядзь.
І вось у жнівеньскую ноч сорак першага года зноў затрубіў непадалёку ад Верамеек лось.
— У-е-е-е-о-о-о...
Аслаблены адлегласцю, ласіны рык быў падобны на глухі стогн. Ласі пачынаюць трубіць звычайна ў канцы верасня. Менавіта тады ў іх пачынаецца восеньскі гон. І першая падае голас ласіха.
— У-е-е-е-е...
Але гэта была не ласіха. Гэта быў лось. Вялікі і гарбаносы, ён стаяў цяпер на імшары, і ў начным лесе выступалі над ім шырокія, на сем вырастаў (па адным на кожны год) рогі. На кароткай шыі, якая пераходзіла адразу ў мускулы, дзе хавалася ўся ягоная сіла, вісела доўгай барадой завушніца.
Побач струніла ножкамі ласянё — маўклівае і насцярожанае.
Лось падаваў голас не дужа часта, быццам слухаў пасля сябе ці чакаў, што нехта абавязкова адзавецца на яго.
Пакуль трапіць сюды, на гэту імшару, была пройдзена доўгая і небяспечная дарога. Яна стаяла ажно ўваччу.
Адбылося ўсё неспадзявана.
Недзе пасярод гарачага дня, калі ва ўсе вочы глядзела ліпеньскае сонца і не было ратунку ад сляпнёў нават у пушчы, сахаты патупаў да ракі. Рака была шырокая, з вялікімі, нібыта азёры, затокамі, па берагах якіх рос паміж асакі недаўгавечны дзягіль. На вадзе ўжо амаль цэлае лета сушыліся белыя і жоўтыя гарлачыкі, якія пахлі яму пратухлай рыбай. Здавалася, яны былі невынішчальныя тут — не паспявалі адны адцвісці і асыпацца, як распускаліся новыя. Кожны раз у затоках сахаты бачыў побач з прыгожымі гарлачыкамі на круглым лісці зялёных, з вырачанымі вачамі жаб. Даволі было падысці да вады, як жабы спалохана саскоквалі з плыткага лісця, са звонам бултыхаліся ў ваду, быццам хто кідаў з берага невялікія дзічы.