Марыля тады сунялася трохі, але непакой не прайшоў. Цяпер ён быў увесь у яе вачах.
Не дзіва, што дзяўчына хвалявалася перад паездкай. Для яе Бабінавічы былі незнаёмым мястэчкам, якое бачыць давялося адно на карце. Мястэчка стаяла на вялікай дарозе, якая ў вайну зрабілася стратэгічнай, і ёй, армейскай разведчыцы, выпадала цяпер не толькі жыць у гэтым мястэчку, але таксама выконваць адказныя заданні камандавання. Пакуль фронт стаяў непадалёку, кіламетраў за шэсцьдзесят, а месцамі нават бліжэй, гэта мела асаблівае значэнне, бо праз Бабінавічы рухаліся тыя матарызаваныя часці, якія разам з танкавай групай былі павернуты за Крычавам на паўднёвы напрамак.
Для разведкі, на думку армейскага камандавання, Марыля мела дзве перавагі — прыгажосць, якая магла спрыяць у небяспечнай рабоце, і веданне нямецкай мовы. Гэта і вырашыла справу, калі ў штабе 13-й арміі абмяркоўвалася пытанне, каго пакінуць у Бабінавічах. Дзейнічаць Марыля павінна была адна (групу ў невялікім мястэчку не адважваліся пакідаць) і пад сваім сапраўдным прозвішчам. Ёй амаль нічога непатрэбна было выдумляць у легенду — яна і сапраўды нарадзілася ў вялікім рабочым пасёлку, што за Тулай, але вучылася ў Беларусі; як пачаліся масавыя налёты нямецкай авіяцыі на прыдняпроўскі горад, дзяўчына, разам з іншымі, падалася на ўсход — яна ўцякала ад немцаў дамоў. Але не паспела. За выключэннем гэтага — «не паспела», такім чынам, усё было праўдай. І тым не менш вопыту разведчыцы Марыля не мела: адно скончыла кароткатэрміновыя курсы пры штабе па рабоце на рацыі ды пазнаёмілася ў агульных рысах з прынцыпамі вядзення армейскай разведкі.
Спярша, калі непадалёк ад Крутагор’я, у Клімавіцкай Родні, яшчэ стаяў штаб 13-й арміі, было намеркавана накіраваць Марылю адразу ў мястэчка. Але хтосьці з палітупраўлення арміі, можа, сам брыгадны камісар Крайноў, параіў разведаддзелу звязацца з Крутагорскім райкомам партыі, і Пракоп Маштакоў прапанаваў тады зрабіць іначай. Уладкаваць Марылю ў мястэчка павінны былі староннія людзі — альбо кулігаеўскі Сідар Раўнягін, альбо верамейкаўскі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба. Вайскоўцы нечакана спынілі свой выбар на апошнім. Тады і паклікалі Зазыбу ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна.
Зазыба браўся за даручэнне з вялікім запасам спакою — ён, вядома, яшчэ ў той дзень, як хадзіў у Кулігаеўку і гаварыў з Пракопам Маштаковым, зразумеў, што можна нават за адно знаёмства з Марыляй паплаціцца жыццём у немцаў. Але разумеў ён і тое, што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл — бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой. З адным Зазыба ніяк не мог пагадзіцца — гэта чаму раптам першая ў ахвяру сябе павінна была прынесці Марыля! Ажно крыўдна было за дзяўчыну — у Верамейках каторы дзень вольна жылі мужчыны-дэзерціры, той жа Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі, а яна мусіла падавацца з вёскі і, вядома, не дзеля сённяшняга спаса. Крыўда гэтая мела пад сабой і іншы грунт, які таксама паддаваўся тлумачэнню. Датычылася гэта ўжо асабіста Зазыбы, дакладней кажучы, не самога Зазыбы, а яго жонкі, Марфы. У адрозненне ад мужа, Марфа па-ранейшаму нічога не ведала пра Марылю і тым больш не здагадвалася, таму ёй вельмі няўцям было, чаму дзяўчына павінна недзе шукаць сабе прытулку, калі можна пажыць у Верамейках. Сёння Марфа нават не вытрымала, сказала мужу, як той ішоў на ўсходзе сонца касіць траву на воз. Аднак дарэмна: Зазыба не стаў гаварыць з ёй пра гэта. І вось цяпер са шкадаваннем бачыў, як нудзілася Марфа.
Марыля тым часам нібыта не месцілася ў сабе, нечым, можа, сваім насцярожаным неспакоем, нагадвала птушку, якая кожную хвіліну магла паляцець. Яна нават прыбралася ў дарогу — на сукенку накінула адмысловую цёмна-зялёную кофтачку, якая, здавалася, павялічвала яшчэ зусім дзявочыя грудзі.
Зазыба агледзеў воз, сказаў:
— Я мяркую, пара нам...
Марфа быццам чакала гэтых слоў — памкнулася да Марылі, прытуліла на нейкі час да сябе, а тады пачала благаслаўляць. Марыля стаяла зусім ціхманая, прымала чужую ласку і чужое хваляванне, як і належыць чалавеку, які прыжыўся ў доме. Але не паспела Марфа схаваць па звычцы пад фартух свае пасінелыя рукі, як Марыля сама кінулася да яе, нібы да роднай.
Зазыба паглядзеў на расчуленых жанчын і сказаў грубавата:
— Ладна, сядай ужо!
Марыля адарвалася ад Марфы, ступіла на драўляную падножку і села на мяккую траву, засланую паласатай дзяругай.
Марфа сказала:
— З богам! — і пазначыла шчопацем правай рукі перад сабой крыж.
Тады Зазыба ўзяў за цуглі каня, вывеў за вароты.
— Зачыняйся тута, — кінуў ён жонцы.
Акаваныя колы адразу паехалі па тупкай сцежцы — загрукаталі раптам на ўвесь завулак. Зазыба прайшоўся трохі па завулку, пасля ўхапіўся рукамі за гнушку і, падскочыўшы па-маладому і неяк брыкліва, сеў на воз з другога боку.
Марыля азірнулася на Зазыбаў двор. Усё там — і хата з трохскатнай страхой з залобкам, і вароты, аздобленыя адмысловай ліштвой — здаліся ёй адным часам знаёмымі і незнаёмымі. Было такое ўражанне, нібыта яна цяпер пазнавала даўно забытае. Позірк нечага доўга затрымаўся на высокай вітцы, што вытыркалася над вільчыкам аўчарні, пасля скочыў на адкрыты з двух бакоў ганак, дашчаная стрэшка якога абапіралася на букатыя слупкі-балясіны. І толькі тады, як у поле зроку трапіўся пад вокнамі хаты разгалісты вяз, захаланула маладое сэрца — дрэва гэтае ўсе дні яна бачыла праз акно свайго свядомага пустэльніцтва... На ім ужо сядзела белабокая сарока і нібы тачыла нажы. Зазыба пачуў гэта, усміхнуўся:
— Гасцей во некалі накліча!
На прыбітай скацінай, калясьмі і людзьмі, а больш за ўсё гэтымі апошнімі дажджамі вясковай вуліцы мала што затрымлівала вока. Але каля хаты Парфёна Вяршкова давялося запыніцца, бо Парфён убачыў Зазыбу цераз плот і выйшаў на вуліцу, каб пераняць.
— Куды ета? — узяўся ён за гнушку.
— Да от, едзем, — няпэўна адказаў Зазыба.
— Да мястэчка ці далей?
— Да, мусіць, і ў мястэчка, а болей у Латоку. Трэба адвезці яе во. — Зазыба кіўнуў галавой на Марылю.
— Тады ўжо глядзі, каб Бабінавічы як не мінуць.
— Да ўжо ж...
— Даведайся тама...
Зазыба цярпліва слухаў.
— А то надвор’е бытта нядрэннае робіцца, — не забіраў рукі Парфён з гнушкі.
— Ага, выясняецца.
Марыля сядзела і слухала сялянскую гамонку. Ёй нечага смешна было, як перамаўляліся вясковыя дзядзькі: здаецца, абменьваліся яны словамі толькі з адной мэтай — каб не маўчаць пры сустрэчы. А ім — і Зазыбу, і Вяршкову — гэтай стрыножанай размовы, выходзіла, якраз хапала, каб зразумець адзін аднаго. Напаследак Вяршкоў прапанаваў:
— Можа, яблык возьмеш у дарогу?
— Дык гэта... — Зазыба паціснуў плячамі. — Ці трэба?
Тады Вяршкоў паглядзеў на Марылю:
— Дак іх жа, ці шкода? Вон сучча ломіцца. Але як па сённяшнім часе, дак з яблыкамі акурат добра будзе ехацца.
— Спас...
— Згаджайцеся, Дзяніс Яўменавіч, — расцягваючы словы, папрасіла Марыля.
— Ну, калі ўжо не шкода, дак... — усміхнуўся Зазыба.
Яблыкі ў Вяршковых стаялі — дзеля спаса, як у нескупых гаспадароў — на ўслоне пасярод двара: два бульбовыя кашы — адзін з сыпкімі летнімі грушамі, а другі з чырванабокімі цітаўкамі.
Парфён узяў у абедзве рукі па кашы, прынёс хутка да воза і пасыпаў на траву ў задок — як не пароўну і яблыкаў, і груш.
— От, — сказаў ён.
Зазыба ляснуў па зямлі пугай.
— Дак паглядзі тама, — кінуў ім наўздагон Парфён Вяршкоў.
— Ладна.
Зялёнае разводдзе лясоў пачыналася адразу за Верамейкамі. Крайняя хата па гэты бок была Юхіма Кандрусевіча і стаяла трохі наводшыбе ад усёй вёскі, а стрэхі гаспадарчых прыбудоў хаваліся пад шатамі старых соснаў, што неяк уратаваліся ад неразборлівага тапара. Дарога паўз хату была пясчаная, ішла скрозь па глыбокіх каляінах, і Зазыба знарок не падганяў каня, але той па сваёй ахвоце трухаў, ёкаючы селязёнкай.
Цягнуў буланы воз з двума седакамі амаль без натугі, і Зазыбу адно непакоіла, што былі трохі караткаватыя аглоблі ў калёсах — конь часам натыкаўся нагамі на пярэднюю падушку.
Глуха, зусім не парушаючы цішыні ў лесе, шумелі паабапал дарогі вялікія дрэвы, пераважна хвойнік, рэдка калі бярозы. Хоць птушак у лесе і паболела за лета, аднак іх спеў ужо не вызначаўся тым самазабыццём, якое бывае вясной, калі здаецца, што робіцца ўсё з заплюшчанымі вачамі і выліваецца за край.