Выбрать главу

У лесе было сыра і нават зябка. Сонца, якое косымі промнямі ўжо высвеціла паміж дрэў навакольныя паляны, парослыя пажоўклай папараццю і кучаравым, амаль палеглым ягаднікам, праганяла з камарыных імшарын шэрае сутонне нядаўняй ночы. Пахла гнілымі грыбамі: каторы год, бывае, прамінае лета, ужо восень стане на дварэ, а чалавек нават вокам не пабачыць сапраўднага грыба — усё неяк сонца з дажджом не патрапяць у адно. Сёлета ж здарылася наадварот — грыбы ўзяліся рана, асабліва каласавікі, але не да іх было. Ягад таксама ў Верамейках не каштавалі, калі не лічыць тых суніц, што з’явіліся ў пачатку чэрвеня. І тым не менш было, што па ягады ў лес бегалі вясковыя дзяўчаты нават у ліпені — тады праз Верамейкі ішлі маршам ад чыгункі палкі кавалерыйскай групы Гарадавікова. І дзень, і два верамейкаўцы ўсёй вёскай стаялі на скрыжаванні дарог, пільнавалі чырвоных коннікаў — можа, раптам хто і свой трапіцца, а сарамяжлівыя дзяўчаты, трымаючы лазовыя кошыкі ў руках, частавалі запыленых хлопцаў набрынялымі кісла-салодкімі малінамі. Тады і верамейкаўцы, і коннікі, здавалася, забыліся на вайну — усе жартавалі і смяяліся так, нібыта гэта праходзілі звычайныя вайсковыя манеўры. У тыя дні ў забесяддзі папраўдзе жылі вялікай надзеяй — коннікі Гарадавікова неслі з сабой адным часам і ўзрушэнне і заспакаенне: не верылася, што вораг здолее паставіць што-небудзь супраць гэтакай сілы!.. Між тым конніцу Гарадавікова фашысцкія самалёты пачалі нішчыць яшчэ на падыходзе да Сажа, і пра гэта ў Верамейках стала вядома неўзабаве, бо чуткам не доўга было ісці. Зноў Чырвоную Армію тут пабачылі, як ад Прапойска пачалі адступаць часці 13-й арміі. Усё гэта — і імклівы марш асобных палкоў кавалерыйскай групы Гарадавікова, і адступленне 13-й арміі — адбывалася ў межах аднаго, хоць і не старога каляндарнага месяца, але нечага здавалася, што цягнулася яно надзвычай доўга, можа, таму, што час раптам стаў успрымацца, як нешта амаль няўлоўнае і тым больш няпэўнае...

Паўз дарогі заўсёды сустракаюцца адметныя мясціны, якія з нечым звязаны ў чалавека ці проста выклікаюць цікавасць сваімі назвамі, часцей за ўсё дзіўнымі і незразумелымі — можна ў галаве паламаць усё, а да сэнсу не дабрацца. Напрыклад, за Верамейкамі, на адлегласці паўкіламетра, была Гогалева ніва — нават не ўрочышча, якіх багата вакол, і не дзялянка, на якой спляжаны лес. Наадварот, там скрозь раслі дрэвы. Тым у большае здзіўленне ставіла кожнага назва — Гогалева ды яшчэ ніва: паспрабуй здагадайся, ці гэта пайшло ад залётнай птушкі, ці ад чалавека. Праўда, у Верамейках знайшоўся дзівак, той жа Хомка Берасцень, які даваў своеасаблівае тапанімічнае тлумачэнне. Маўляў, яшчэ за далёкім прыгонам, калі Расеяй правіла Кацярына-царыца, здаралася ехаць тут царскаму поезду з Пецярбурга ў Таўрыду, Кацярына спяшалася тады да графа Пацёмкіна. Аднак пісара свайго, па прозвішчы Гогаль, не магла ўзяць у дарогу, бо той хварэў нечага. Давялося яму, як ачуняў, даганяць царыцу ад самага Пецярбурга на тройцы казённых стаеннікаў. Калі верыць Хомку, то Гогаль дагнаў Кацярыну якраз за Верамейкамі, на гэтай дарозе, і яны сядзелі тады менавіта тут, пад гэтымі выносістымі дрэвамі, і займаліся... любошчамі. Адным словам, Хомка Берасцень у Верамейках быў не толькі хітры бастола!

У Зазыбы з Гогалевай нівай былі звязаны свае ўспаміны: заўсёды прыгадвалася, як некалі ехала з Бабінавіч па гэтай дарозе іхняе з Марфай вяселле — тады вясковыя хлопцы і маладыя дзядзькі перанялі тут «зайца»...

Дарога за нівай збочвала налева і вяла па сасновым жардзёўніку, які ажно кішэў насцярожлівымі сойкамі. Каля так званага Гарбатага мастка, што быў начыста разбураны, яна нібыта выпраствалася. Масток гэты будаваўся на паўдарозе да Бесядзі, і ў Верамейках адлегласць паміж сваёй вёскай і Бабінавічамі дзялілі звычайна на чатыры адрэзкі: спярша да мастка, пасля да Бесядзі, затым да дубровы, што за ракой; апошні прамежак ляжаў на пясчаных узлобках — далей ужо вытыркаліся крыжыкі местачковай царквы; кожны прамежак расцягваўся больш як на паўтара кіламетра, а ўсёй дарогі да Бабінавіч было, па не зусім дакладным падліку, каля сямі кіламетраў.

За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух. У калдобінах стаяла неўсмактаная вада. Была яна і на мастку, дакладней, на гаці, што замест бярвенчатага насцілу. Буланы нават не запыніўся перад мастком, адно расплюхаў капытамі рудую ваду, абдаўшы ёю жалезны хадок. Дробныя камяні, амаль пырскі, заляцелі на воз, і Зазыбу, а болей Марылі, давялося счышчаць іх і з сябе, і з дзяругі, якой была заслана трава ў перадку.

Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу, — думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка, а тады нечага прыгадалася размова з Мікітам Драніцам, калі той прыходзіў увечары па ордэн: у думках Зазыба ўжо здзекаваўся з Драніцы, які ўзяўся выконваць даручэнне Брава-Жыватоўскага. Але вось за мастком, можа, за паўтараста крокаў ад гаці, кінуліся раптам у вочы — і трэба было, як на тое, паглядзець збоч — на буйным, нібыта жоўтым пяску, што быў намыты ў невялікай седлавіне, незнаёмыя сляды. Яны нагадвалі каровіныя, але былі вузейшыя і выцягнутыя ўдоўжкі. Зазыба ведаў усіх насельнікаў тутэйшых лясоў, мог адрозніваць хоць якія сляды, аднак гэтакія, здаецца, бачыў упершыню. І ўжо зусім здзівіўся памёту, што застаўся каля дарогі, — акурат заечага, але чорнага і намнога буйнейшага; круглякі ляжалі тут не даўжэй як з начы, бо яшчэ быццам ільсніліся. Было б гэта іншым разам, ці хоць бы не сядзела на возе дзяўчына, Зазыба напэўна б спыніў каня, каб паглядзець.

Марыля тым часам нават не здагадвалася, што незнаёмыя сляды на дарозе маглі так зацікавіць Зазыбу — ёй было хораша ехаць праз лес, слухаць пошум дрэў і лавіць незразумелыя гукі, якія даляталі з нетраў. І яшчэ ёй карцела пачаць гаворку са сваім вазаком. Учора, калі прыходзіў у хату Мікіта Драніца, дзяўчына пачула ўсё ж праз філёнкавыя дзверы гаворку паміж вяскоўцамі, і яе ўразіла тады, што гаспадар меў урадавы ордэн. Дзіва, але якраз учора яна нібыта вінаватай адчула сябе, што амаль нічога не ведала пра Зазыбу — тады, у Кулігаеўцы, сакратар Крутагорскага райкома і маёр з разведаддзела арміі сказалі ёй пра яго ўсяго некалькі слоў: чалавек, маўляў, надзейны, можна спадзявацца цалкам. Калі знаёмілі іх, яна трохі прыгледзелася да Зазыбы — сапраўды, чалавек выклікаў да сябе давер адразу, хоць і меў нейкі быццам разгублены выгляд, а ягоную неразгаворлівасць (за ўсю дарогу ад Кулігаеўкі да Верамеек Зазыба, здаецца, не сказаў слова, якое можна было б запомніць) яна тлумачыла сабе трыма акалічнасцямі: характарам, сялянскім паходжаннем і вайной. Пасля, калі яны жылі, як кажуць, пад адной страхой, Зазыба таксама пазбягаў размоў. Мусіць, не жадаў ён гаворкі і сёння.

І тым не менш Марыля адважылася загаварыць.

Яны пераехалі тады Бесядзь. Буланы, дробна ступаючы нагамі, узвёз іх на высокі бераг. Вачам расхінулася далячынь — за ракой патанаў у смузе крануты надыходзячай восенню забяседскі лес, па правы бок, паміж дубровай і ракой, што пакручастай бліскаўкай выгіналася ў шырокай лугавой пойме, выступалі з-за пагорка двары невялікай вёскі; па левы бок ляжала наўздзіў роўнае поле, аслоненае бярозавым бальшаком,— той самай гравійнай дарогай, што вяла ў Бабінавічы з Крутагор’я праз Белую Гліну, і толькі наперадзе неба засціў шырокі ўзлобак, за якім хавалася мястэчка. Над усім — над полем, над лесам, над пагоркамі — плыло спакойнае, але яшчэ па-летняму гарачае сонца.

Марыля намацала за сабой вялікі яблык, куснула самы чырвоны бок і зажмурыла вочы, быццам зрабілася даўка.

— Дзяніс Яўменавіч, — сказала яна нарэшце, — што я хачу спытаць. Па які гэта ордэн прыходзіў той чалавек учора?

— Мікіта?

— Мусіць.

— А-а-а, — усміхнуўся Зазыба.

— Я нават не чула дагэтуль, што вы маеце ордэн.

— Дак ці ж я таіўся калі са сваім ордэнам! — зноў усміхнуўся Зазыба, але ўжо з выразнай задаволенасцю. — Пра гэта ўсе ведаюць. Ордэн жа на грудзях носяць, каб відзён быў.