Ранняя гамана на вясковай вуліцы хоць і надта нагадвала колішняе жыццё — у Верамейках гэтак бывала заўсёды, як пачыналася жніво, аднак сёння ўсё здавалася калі зусім непатрэбным, то ўжо лішнім: чалавечыя галасы, беганіна ажно раздражнялі Зазыбу; у душы стаяла такое нядобрае пачуццё, быццам намеснік старшыні калгаса ў нечым падмануўся, быццам нешта не спраўдзілася, на што ён дужа разлічваў. Зазыба разумеў — людзі збіраліся і сёння рабіць тое, на чым трымаўся іхні жыццёвы ўклад, гэта значыць, ісці ў поле ды прыбіраць хлеб, а вось жа варушылася ўсярэдзіне нейкая крыўда на іх, нібыта не з яго дазволу ўчора складаліся маёмасныя спісы. Дзіва, але Зазыбу ажно як хацелася, каб раптам здарылася, што ніводны чалавек з усіх Верамеек, таксама з абодвух пасёлкаў, не паказаўся на полі: тае бяды, што пераспелая збажына зачакалася людзей на нівах. І нядобрае пачуццё, і недаверлівасць, і крыўда на аднавяскоўцаў былі, можа, таму, што вельмі багата ўклаў Зазыба за гэтыя гады і душы свае, і сіл у калгас, і сёння людзі меліся пабурыць не толькі тое, што створана было калектыўнай працай і адзіным жаданнем, але і ягоную мару...
Калі Зазыба выйшаў у завулак, за глінішчам, над асмужанай зямлёй, стаялі ажно тры сонцы: адно — вялікае — пасяродку, два меншыя, акурат гумовыя мячыкі — па баках. Вялікае сонца мела вакол сябе бліскучы, але як пашматаны круг, на якім і трымаліся два меншыя сонцы, — яно было звычайнае, такое, якім выглядае штодня, а тыя, што збоку, былі прафарбаваны ў чырвоны і блакітны колеры: чырвоны па баках, павернутых да вялікага сонца, блакітны — на адваротных. Зазыба нямала пажыў на свеце, амаль кожную раніцу глядзеў на ўсход, дзе цяпер віселі тры няроўныя сонцы, аднак раней нічога падобнага бачыць не даводзілася яму. Спярша Зазыба падумаў, што гэта здаецца толькі, няйначай, прывід, і ён пачаў плюскаць вачамі, матаць галавой, каб пазбавіцца яго, але дарэмна — сонцы быццам бы і ссунуліся трохі адно адносна другога, круг нават расплюшчыўся, аднак дзіўны малюнак не знік з неба. Тады Зазыба падумаў пра другое: значыць, нейкая прыкмета, кажуць, здараецца гэтак у часы бедстваў народных... Але якая — добрая ці благая? Сам ён не верыў у забабоны, аднак адразу прыгадаў — Марфа сёння перад самым Зазыбавым сняданкам стала расказваць у скрусе, што пасля дасвецця нібыта чула, як спявала на двары пеўневым голасам курыца. Гаворачы мужу пра гэта, яна ажно не ўтрымалася і заплакала, але хутка перастала, бо Зазыба паказаў тварам сваю нездаволенасць і пачаў паспешліва збірацца ў поле.
— Нешта ж во здарыцца, — казала ўжо з сухімі вачамі Марфа. — Раз яна запела не сваім голасам, дак здарыцца. Можа, з Масеем тама... А можа, з намі... А можа, з Марыляй... — І спытала ў Зазыбы: — Як жа вы яе? Хоць пасялілі добра дзе, а то ўчора я пацікавіцца не паспела, дак?
— За поштай, у яўрэйскім доме пасялілі, — адказаў з неахвотай Зазыба.
— А чаму не ў самога Шарэйкі?
— Ну, так мы рашылі...
Марфа паглядзела недаверліва на мужа, уздыхнула.
Тады Зазыба сам сказаў, каб неяк заспакоіць жонку:
— Дак гэта ж, можа, не наша справа. Ты ж не бачыла, якая спявала?
— Можа, й не наша...
Марфе нібыта ўжо і самой не хацелася гаварыць пра гэта.
— Дак навошта тады душу вярэдзіць? — буркнуў яшчэ Зазыба.
Але праз нейкі момант Марфа зноў сказала:
— Ат жа! — і махнула рукой. — Яны цяпера нешта саўсім распеліся, етыя куры... Во Куліна Вяршкова таксама казала, і ў іх бытта пела. — Памаўчала і дадала: — Канешне, каб ведаў, якая спявала, дак ужо не пашкадаваў бы па етакім часе. Можна было б пакласць на парог.
— А я так і не ведаю, як гэта вы, бабы, робіце, — усміхнуўся Зазыба. — Чуў, што на парог кладуць курэй, калі тыя спяваюць не сваім голасам. Нават матка мая, помню, секла. Казалі тады, што памрэ нехта свой, а памёр Кузьмоў брат цераз дарогу. Да і то няскора.
— Дак, можа, не так што зрабілі, як трэба, — пачала тлумачыць Марфа. — Трэба спярша памераць самой курыцай, бы аршынам, ад кутнега месца да парога. Тады і стане ўсё ясна. Калі на парог ляжа галава, значыць, памрэ хто ў хаце, а калі хвост, то за домам ужо...
— Ну, а Куліна мерала? — спытаў, як жартуючы, Зазыба.
— Дак яна таксама не прыкмеціла, каторая спявала.
— Ну, значыць, і не трэба думаць. Во ўчора сарока галаву дурыла пад вокнамі, а госця няма!
— Дак, можа, якая вестка будзе? Можа, пра Масея?
— Ат, — махнуў тады рукой Зазыба, каб папярэдзіць жончыны слёзы, — яшчэ невядома, каму лепей выйдзе, ці яму тама, ці нам во?
...Зазыба пачаў азірацца па баках, хацеў пабачыць каго, каб папытацца пра сонцы на небе, аднак ні ў завулку, ні на самой вуліцы ў Верамейках, як на тое, не было ні душы. Неўпрыкмет Зазыба засаромеўся — пэўна ж гэта вярзецца яму! — і рушыў па завулку да глінішча, дзе па беразе над ровам ішла сцежка ў Паддубішча.
Зямля за кароткі пагожы час паспела ажно падшэрхнуць, нават ноч гэтая, здавался, не лажылася сваёй халоднай вільгаццю на яе. Ісці па сцежцы было прыступна і лёгка. Па правы бок сцежкі, перад тым як даступіць туды палыну, расла нейкая паўзучая трава, падобная сваімі каробачкамі на плюшч, і калі Зазыба чапляўся халявамі ботаў за яе, то пад цёмна-зялёным кажухом чулася ледзь не змяінае шыпенне.
Чым далей адыходзіў ад вёскі выгінасты роў, тым меней траплялася ў ім круглых пячурак, вырытых глінакопамі. Але затое з кожным крокам роў усё больш мялеў, за яго дно пачынала чапляцца шыпшына, тады раскідзісты, як запрэжаны ў што, бружмель, і, нарэшце, здалёку кідаўся ў вочы брудна-ружовым цветам канапляны пасконнік.
Ніхто ў Верамейках не ведаў, якая сіла спершапачатку ўтварыла гэты роў, можа, некалі пеніўся тут ручай, але тады недзе павінен быў струменіць і ягоны выток. Між тым роў абрываўся, дакладней, пачынаўся раптоўна, на самым голым месцы, дзе не было ні крыніцы, ні нават звычайнай балацявіны. Няйначай, ручай той — калі ён сапраўды пеніўся тут — выбіўся аднекуль знячэўку і таксама не па сваёй ахвоце, як непатрэбны і незаконны на гэтым свеце, схаваўся пад зямлю, а можа, не хапіла яго, і ён сцёк у лагвіну, якая па баравіковых верасах вяла скрозь лес да самае Бесядзі.
Зазыба тупаў па сцежцы і нібыта баяўся паглядзець на неба: у вачах як адбіліся тыя тры сонцы, дык і свяціліся, бы на экране, чырвона-сінімі плямамі недзе на задняй сценцы ў галаве. Але праз нейкі час сцежка вынырнула на так званую гуцянскую дарогу, што ішла ад коўрат на сярэдзіне вёскі, і тады Зазыба апынуўся адзін на адзін з усходнім небакраем, але трох сонцаў ужо не пабачыў. Як і звычайна, на небе было адно сонца. Прапаў кудысь і той круг, што блішчаў вакол яго і на якім трымаліся два меншыя сонцы. Затое вялікае сонца цяпер падпіралі чырвоныя слупы, і яно ляжала на іх, як казачная істота.
У Паддубішчы ўжо было поўна народу. Зазыба нават здзівіўся, што ў Верамейках яшчэ столькі яго: апошнім часам, як у восеньскую золь, усе сядзелі па хатах, таму можна было падумаць, што вёска апусцела не менш як напалову ад даваеннае. Недзе яно і сапраўды было так, бо мужчыны з вёскі пайшлі па колькіх мабілізацыях амаль усе, за выключэннем старых ды белабілетнікаў, але на поле выйшлі падлеткі — шаснаццаці-семнаццацігадовыя хлопцы-камсамольцы, цяпер яны браліся быць заместа бацькоў гаспадарамі, хоць пакуль і не адчувалі сябе вольна паміж дарослых, а стаялі пры боку сваіх мацерак, якія прывялі іх ледзь не сілком сюды.
Дзіва, але без абрадавай песні сёння таксама не абышлося — акурат у сапраўдныя зажынкі Рыпіна Ціткова сустрэла Зазыбу яшчэ на краі нівы:
А што ета ў полі гудзець?
Наш Зазыба-пасол ідзець,
Вясёлыя весці нясець!..
Старая пэўна блазнавала, спяваючы гэта, але Зазыба раптам нахмурыў лоб, ссунуўшы бровы на пераноссі.
— Ты яшчэ ў скокі пусціся! — сказаў ён.
Рыпіна адчула дакор у яго тоне, пляснула, бы вінаватая, рукамі:
— Дак ці ж ты забыў, Яўменавіч? Ета ж кажыннае лета так! Як першы сноп, дак і... Во раней дак і з гарэлкай нават хадзілі зажынаць. Бывала, першы сноп паставіш, а тады за пляшку адразу...
Жанчыны — іх стаяла багата тут з абодвух канцоў вёскі — засмяяліся з Рыпініных слоў, быццам таксама хацелі пераканаць у нечым намесніка старшыні калгаса. Але той не прымаў іхняй вясёлай узрушанасці. Як і ў хаце, калі снедаў, у душы яго зноў стаяла раўнівае пачуццё, і ён ажно не мог глядзець на знаёмых кабет, было жаданне не затрымацца каля іх і прайсці міма. Тым часам Рыпіна Ціткова не зводзіла з Зазыбы вінаватых вачэй.