Выбрать главу

— А-а-а, вон што! Тады пачакайце, — Зазыба схадзіў у трысценак, прыбудаваны да стайні, вынес адтуль хамуты з доўгімі сырамятнымі пастронкамі і пачаў брытаць коні.

Тым часам у самым канцы вёскі гаварылі паміж сабой яшчэ два чалавекі — мясцовы селянін Парфён Вяршкоў і другі танкіст, які застаўся каля заглохлай танкеткі. Танкетка спынілася якраз насупраць Парфёнавай хаты, праехаўшы па вуліцы метраў чатырыста. Тое, што кончылася раптам гаручае, не з’явілася нечаканасцю для саміх танкістаў. Яны нават упэўнены былі, што некалі гэта павінна здарыцца, бо выбіраліся ў дарогу — ад Вераб’ёвай Рудні, што непадалёку ад Гардзееўкі, да Бесядзі — ужо амаль без гаручага. Камандаванню тэрмінова патрэбна было зрабіць глыбокую разведку да самай ракі, і камандзір батальёна, накіроўваючы танкістаў, папярэдзіў:

— Адтуль, пэўна, давядзецца нагамі тупаць — гаручага ўсё роўна не хопіць. Але рызыкаваць не хачу. У нас няпоўныя бакі нават у «КВ». Таму запраўляцца не будзем. Паедзеце на тым, што ёсць. Для мяне лепей «Тэ-дваццаць шэсць» страціць, чым «КВ».

— Але ці паспеем мы вярнуцца? — сумеўся лейтэнант.

— У вашым распараджэнні ўся ноч. Туды даедзеце, а адтуль — алюр два крыжы. — Камбат раней служыў у артылерыі. — Хочаш, магу выпісаць мандат? На зваротным шляху выкарыстоўвай любы транспарт, рэквізуй, калі што. Але каб разведданыя да раніцы былі ў штабе брыгады. — Ён паклаў руку на плячо лейтэнанта. — Ты зразумей — брыгаду кожную хвіліну могуць кінуць у бой. Гаручае ўсё на ўліку, а новы падвоз добра калі будзе ўранні. Не хапае аўтамашын. Адным словам, алюр два крыжы.

І вось нерухомая танкетка ўжо амаль гадзіну стаяла ў Верамейках. Танкісты дарэмна трацілі час, якога ў іх не вельмі шмат заставалася, але пакідаць баявую машыну на вуліцы не адважваліся. Спярша была надзея «пазычыць» гаручае ў вёсцы. Аднак самыя старанныя пошукі нічога не далі. Тады лейтэнант рашыўся на самае апошняе — вывезці танкетку за вёску і падпаліць.

Пакуль лейтэнант з адным танкістам хадзілі па вёсцы, другі танкіст, седзячы на загавальні, распытваў пра дарогу ў Парфёна Вяршкова — той выйшаў на вуліцу адразу, як пачуў, што насупраць спынілася машына.

— Да Гардзееўкі далёка?

— Вёрст трыццаць, лічы.

— А калі напрасткі?

— Напрасткі? Дак напрасткі адна варона лятала, затое дома не бывала!

— А калі без жартаў?

Парфён задраў галаву і пачаў прыпамінаць вёскі, што ляжалі на шляху да Гардзееўкі, вялікага сяла, якое было ўжо ў Бранскай вобласці. Дарогу ў Гардзееўку з Верамеек мала хто ведаў, бо ў тутэйшых сялян не было ніякай патрэбы хадзіць туды. Але Парфен, калі быў малады, вазіў у Гардзееўку кару, якую дралі тады па ўсім забесяддзі на грошы. З таго часу памяць і захавала вёскі.

— Спярша трэба падавацца на Сухое, — прыгадваў Вяршкоў, — пасля на Буду...

— Гэта Вераб’ёва Буда? — удакладніў танкіст.

— Не, проста Буда. Але і Вераб’ёва недзе там.

— Далей...

— А далі Гайнаўка будзе.

— Гайнаўка, — лічыў за Вяршковым танкіст.

— А за Гайнаўкай, здаецца, адразу Гардзееўка.

— Ну, а Вераб’ёва Буда?

— Да і Буда недзе там.

— Значыць, не ведаеш?

— Дак вам Гардзееўка трэба ці Вераб’ёва Буда?

— Гэта ваенная тайна.

— Так бы і гаварыў адразу, а то галаву дурыш!

Нарэшце Зазыба з лейтэнантам прывялі коні.

— Аўсюкова яшчэ не было? — спытаў лейтэнант танкіста.

— Ён жа з вамі пайшоў, — падаўся той да лейтэнанта.

— Гэта я сам ведаю, — злуючыся нечага, сказаў лейтэнант.

Вяршкоў тым часам пазнаў Зазыбу.

— І ты, Яўменавіч, не спіш? — гукнуў ён. — Дак хадзі, садзіся во.

— Мабыць, Ганна недзе прыспала вашага чалавека, — пажартаваў Зазыба.

— Якая Ганна? — наставіў вушы Парфён Вяршкоў.

— Кладаўшчыца.

— Тады скора не чакайце, — усміхнуўся Вяршкоў. — Яна такая — сваё возьме.

Ноч між тым недзе прамінула ўжо тую мяжу, адкуль пачынаецца зваротны шлях яе, і цяпер навокал нібыта шарэла. Угары патухалі самыя далёкія зоркі, быццам хто неўзаметку сціраў іх з неба.

Непакоячыся, што затрымка ў вёсцы выйшла занадта доўгая, лейтэнант сказаў Зазыбу:

— Мы вельмі познімся. Баюся, што не паспеем дабрацца да часці. Таму я падумаў — можа, коней сваіх дасцё нам?

Зазыба не паспеў адказаць, як лейтэнант пачаў супакойваць:

— Вы не хвалюйцеся, мы распіску пакінем.

— Етых коні ў нас даюць і забіраюць, забіраюць і даюць. Як кажуць, салдат даў — салдат узяў.

— Не той час, Парфён, каб нечага шкадаваць для Чырвонай Арміі, — сказаў Зазыба.

— Да ўжо ж. Але яны не кульгавыя?

— Не ўсе. Адзін кульгае.

— Значыць, падлячыліся ўжо, — усміхнуўся Вяршкоў. — Але як ета не ўгледзелі іх? Пэўна б забралі.

— Не возьмем мы, возьмуць немцы, — раптам кінуў Вяршкову танкіст, які ў прысутнасці лейтэнанта маўчаў.

— І ета можа быць, — невыразна згадзіўся Вяршкоў. — Час цяпер такі, што ўсе бяруць нешта і не пытаюцца нават.

— Будзем лічыць, што мы з вамі маем поўнае разуменне, — ігнаруючы Вяршкова, сказаў лейтэнант Зазыбу. — Коні вы дасцё нам, а распіску палучыце.

— Дзе яе пісаць цяпера? — махнуў рукою Зазыба. — Бярыце ўжо так, без паперкі. Раз трэба, дак трэба.

Тады лейтэнант нібы спахапіўся і стаў прыспешваць.

— Лезь у машыну, кіруй, — загадаў ён танкісту.

Зазыба пачаў раскручваць пастронкі і падаваць лейтэнанту, каб той чапляў за танкетку.

— А таго вашага з Ганнай можаце і не дачакацца, — быццам пакпіў Парфён Вяршкоў.— Яна баба смаляная. Ды і час якраз такі. Сама ў прымы прыставаць. І галава цалей будзе, і целу раскоша.

— Вярзеш абы-што, Парфён, — паморшчыўся Зазыба. — Нешта сянні ты...

— Яго, мусіць, баба да сябе не падпусціла, — высунуў твар з пярэдняга люка танкіст.

Лейтэнанту не спадабалася маладая нахабнасць свайго падначаленага, і ён прыкрыкнуў:

— Ну-у, ты-ы!

Калі танкетка нарэшце была зачэплена за доўгія пастронкі, коні зрушылі яе з месца і, храпучы, павалаклі па вуліцы.

— Куды яны яе? — спытаў Парфён Вяршкоў Зазыбу.

— За двары, каб падпаліць.

Вяршкоў крутануў галавой:

— Навошта?

— Няма на чым ехаць далей. Я от хвалююся, ці вытрымаюць да канца пастронкі. Кароткія былі, прыйшлося надвязваць.

— Раз коні адразу скранулі, дак вытрымаюць.

— І карціць табе, Парфён, непрыемнае гаварыць людзям, — сказаў між тым Зазыба.

— Якое непрыемнае? — пакруціў галавой Вяршкоў. — Самае непрыемнае я прыпас яшчэ. — Ён прайшоў трохі моўчкі, побач з Зазыбам, які кіраваў коньмі, а тады сказаў: —Чым еты карабок цягнуць, вы б лепей паганялі па застрэшшы мужыкоў нашых, папаролі б штыкамі, як вераб’ёў. А то ж хаваюцца. Акружэнцы, маць іх за нагу! Яшчэ фронт не прайшоў, а ўжо акружэнцы!

— Нешта я не разумею...

— Дак зразумееш, калі пралупіш зенкі. Але позна будзе.

— Кажы ясней!

— Да ўжо куды больш ясна...

«Няўжо хто-небудзь з верамейкаўцаў дэзерціраваў? — падумаў Зазыба. — Але хто?»

Коні вывалаклі танкетку на край поля за выганам, і тады аднекуль выскачылі з начы Аўсюкоў і Ганна Карпілава.

— Дзе ты швэндаўся? — накінуўся на чырвонаармейца лейтэнант.

Той вінавата выпрастаўся.

Тады заступілася Ганна.

— Не крычы, камандзір, — сказала яна і лена засмяялася. — Салдат жа прыйшоў...

Лейтэнант кінуў злосным вокам на яе, але змоўчаў.

Парфён Вяршкоў з Зазыбам тым часам адчэплівалі пастронкі. З танкеткі вылез чырвонаармеец, паклаў на зямлю замок ад кулямёта.

— Трэба выкінуць недзе, — сказаў ён.

Лейтэнант узяў з рук у Аўсюкова прынесеную з калгаснага свірна бляшанку з газай, пабоўтаў і, не шкадуючы, пачаў выліваць на браню.

— Падпальвай! — скамандаваў праз момант ён.

Чырвонаармеец чыркнуў запалкай аб карабок і кінуў на самы верх танкеткі. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Адразу навокал зрабілася светла, а цені, якія адкінуў пажар ад людзей — пяцярых мужчын і адной жанчыны, — выраслі ледзь не да самых двароў, заскакалі, быццам жывыя.

ІІ

Зазыбава хата стаяла ў невялікім завулку, які не меў сабе назвы, і была там крайняя. Сядзіба кідалася ў вочы яшчэ ад самае вуліцы прасторнай, на дванаццаць вянкоў з падрубам хатай; двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Тынам двор выходзіў на пустку, дзе раслі дзяды і глухая крапіва, а далей, паміж пусткаю і калгасным полем, быў глыбокі роў, які губляўся ў сівым палыне і шырэў паступова, пакуль дасягаў лесу, затым наогул нібы распасціраўся, утвараючы лагвіну, парослую па краях балотным перцам, а пасярэдзіне — блакітна-ружовым букашнікам, паўзучай канюшынай і лілова-чырвонымі лугавымі васількамі. У пачатку гэтага рова было глінішча, там брала гліну для тынкоўкі і на печы ўся вёска, таму амаль заўсёды ўлетку дарога пад вокнамі ў завулку была як пафарбаваная. Затое зімою каля Зазыбавай хаты ўсё замятала, і па завулку нельга было праехаць нават на санях. Вокны Зазыбавай хаты глядзелі на два бакі — адны выходзілі на паўднёвы захад, акурат на вёску, а другія — на двор, адкуль відаць было праз тын поле з бальшаком, абсаджаным бярозамі (некалі саджалі іх уздоўж шляху, кожны насупраць свайго надзелу), і лес, амаль заўсёды — і ўлетку і зімой — атулены смугой. Разам з Зазыбамі ў завулку жылі Аўхім Каспярук, Хрысціна Гаманькова з сынам-падлеткам — яна аўдавела ў фінскую вайну — ды вялікая сям’я Кузьмы Прыбыткова, два сыны якога, не аддзеленыя нават пры калгасе, ваявалі цяпер на фронце. Але першы гэты завулак пачынаў у Верамейках чалавек з Зазыбавага роду. Ім быў Дзянісаў прадзед Іван... Быў ён нядужы і хутка, здаецца, праз год пасля таго, як далі ўсім вольную ад паноў, памёр. У яго жонкі, Аўласавай дачкі Насты, засталіся сын Яўмен і дачка Вусціня... Дзяніс, Яўменаў сын, браў сабе жонку з Бабінавіч. Нявесту ён паказаў сам, але ездзілі па яе ў мястэчка ажно тры разы. Спярша бацька нявесты, Давыд Сяголетка, муліўся, пасля сама нявеста нечага як бы спалохалася, аднак трэці раз сватоў прынялі: тады якраз ездзілі з Верамеек у Бабінавічы на кірмаш. Пра вяселле згаварыліся на восень — не сталі чакаць зімы. Дзіва, але прыспешваў ужо бацька нявесты: сваты з Верамеек трапіліся памяркоўныя і не запрасілі багатага пасагу, а матка жаніхова нават кужэльным не пацікавілася. Вяселле наладжвалі пасля пакроваў, калі трохі ўправіліся з гаспадаркай. Усе Верамейкі хадзілі ў Зазыбаву хату глядзець Дзянісаву нявесту. Марфа сядзела з сумам у бліскучых, быццам узмакрэлых вачах, але была прыгожая, асабліва кінуліся ўсім яе смуглы, амаль цыганскі твар і валасы як воранава крыло. Жаніх таксама пасаваў ёй: з твару быў чысты, меў чорныя бровы над карымі вачамі і русыя валасы. З часам яны папалавелі ў яго, быццам іх пылам пасыпала на вялікай дарозе жыцця, потым і зусім сталі сівыя на скронях і ля вушэй, а на макаўцы заблішчала гуменца. Адна Марфа з гадамі нібыта не змянілася, толькі пацішэла вельмі ды пачала рукі хаваць пад фартухом: ад работы яны ў яе былі ў сініх сужыллях. Нарадзіла Марфа Дзянісу аднаго сына, Масея. Можа б, і яшчэ ў іх былі дзеці, але ў чатырнаццатым годзе, як пачалася вайна, Дзяніса забралі на румынскі фронт. Адтуль ён вярнуўся ўжо са шпіталя — адпусцілі далечвацца ў вёсцы. Тут ён і дзве рэвалюцыі перабыў, а калі ў васемнаццатым годзе прыйшоў у забесяддзе з Унечы Шчорс набіраць добраахвотнікаў, Дзяніс дастаў з куфра сваю салдацкую шапку з бліскучым аколышкам, з якой не была знята нават кукарда, і запісаўся ў чырвонае войска. Можа б, ён тады і не падаўся да Шчорса, але пасварыўся з бацькам: цыганы ўкралі на лузе іхнюю жаробку, на якую спадзяваліся ў гаспадарцы, і вінаваты быў Дзяніс, бо не застаўся на начлезе, а прывалокся начаваць у вёску да жонкі. Тым не менш Зазыба нібы прыкіпеў да рэвалюцыі — праз усю грамадзянскую пранёс ён сваю веру ў яе, пазнаваў спакваля, затое моцна і назаўсёды. І калі праз тры гады вярнуўся ў Верамейкі, то насіў ужо на гімнасцёрцы ордэн Чырвонага Сцяга. Тады гэта быў, можа, трэці чалавек з ордэнам на ўсю Калінінскую акругу.