Выбрать главу

Зазыба паправіў:

— Чатырох не будзе.

— Ну, няхай трох, — лёгка згадзіўся Прыбыткоў, — але паспрабуй, угледзь нават трох — зайцоў і тых не ўпасеш, а тут людзі.

— Да людзей, мусіць, і ён набраў да сябе, раз на Маскву цаляе.

— Масква, яна як прынада тая. З вайной на Маскву хадзілі і ў старыну. Да ўсё праз нас, праз Беларусю, — Прыбыткоў пакруціў, як у здзіўленні, галавой і працягваў гаварыць далей: — Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі — не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб'ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа... — Стары патушыў самакрутку — моцная, за адзін раз не сассеш! — і паклаў па левы бок ад сябе на край лаўкі. — От і Гітлер таксама... Спярша з дружбаю лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам.

— Гуляла кошка з мышкай.

— Ну-да, ей-праўды! Я і сам...

Але дагаварыць Прыбыткову не дала нявестка, якая расчыніла акно і гукнула:

— Тата, бульба зварылася!

Прыбыткову быццам гэтага і не хапала, пакуль гаварыў, — абапіраючыся абедзвюма рукамі на дубец, ён стаў на ногі.

— Можа, і ты, Дзяніс, не снедаў яшчэ, дак хочаш? — ён паглядзеў на комін Зазыбавай хаты, усміхнуўся. — Але ж бабы нашы сянні... позняцца... бытта сапраўды чакаюць...

— Мужыкоў дома няма, дак і раскашуюць. Хоць высплюцца.

— Да ўжо ж...

Прыбыткоў пастаяў яшчэ, а тады пайшоў, торкаючы ў зямлю дубцом; абутыя ў лапці ногі — у свае гады ён не мог іх змяніць ні на якія боты! — стаўляў так, быццам асцерагаўся наступіць на што калючае. Зазыба падумаў — і праўда знасіўся Кузьма!.. Але ж на памяці людзей Прыбыткоў яшчэ не вельмі даўно разгінаў для забавы жалезную падкову і некалі пахадзіў з сынамі, бадай, па ўсім забесяддзі — ад Вялікага да Малога Хоцімска: амаль усе столі і падлогі ў хатах, што будаваліся апошнія трыццаць гадоў у вёсках, былі пакладзены з ягоных дошак; пільшчык ён быў адмысловы і вечна хадзіў, абсыпаны тырсай.

Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў.

Але па завулку ўжо бег сын Гаманьковай Хрысціны. Іван аднекуль спяшаўся, нёс на сабе, уздзеты на галаву, хамут з чорнай скуры. Мусіць, хлопец бег па вуліцы і пацішэў, калі ўбачыў Зазыбу, тады на нейкі момант ажно разгубіўся, але павярнуць ужо не было куды, і ён, выдаючы сваю збянтэжанасць, што наскочыў на намесніка старшыні калгаса, адно перайшоў паспешліва на другі бок завулка, каб неяк збочыць, хоць хата Гаманьковых стаяла побач з Прыбытковым дваром.

Калі Іван наблізіўся, Зазыба спытаў:

— Гэта ж куды вы надумаліся ехаць?

— Н-не, мы не паедзем, — спалохана паглядзеў на Зазыбу хлопец.

— Тады навошта хамут?

— А я ўзяў яго на канюшні. Там цяпер бяруць хто захоча.

Зазыбу раптам нібы сцебанула чым.

— Ты от што, — сказаў ён без вялікай злосці, — нясі назад, раз не паедзеце. Бо навошта дома трымаць? Канюшня ж ёсць!

Зазыба ледзь не стрымгалоў заспяшаўся да стайні, якая была на беразе возера. Пакуль шыбаваў па вуліцы, паступова спакайнеў, але ўжо ля самых варот, якія былі адчынены і ў якіх, тоўпячыся, гаманілі вясковыя бабы, сціснуў абедзве вязанкі пальцаў у кулакі.

— Здароўця, — кінуў ён бабам.

Тыя аціхлі адразу, быццам убачылі прывід, і расступіліся, даючы Зазыбу на стайню дарогу.

— Ну што вы збегліся? — як не прыкрыкнуў на іх Зазыба.

Тады нехта спуджана хіхікнуў за спінамі. Наперад ступіла Куліна Вяршкова:

— Мы ета на работу прыйшлі, а тута...

— Нясіце ўсё на месца, — сказаў Зазыба.

Бабы, як прысаромленыя, кінуліся ў трысценак, пачалі складваць на падлогу хамуты, сядзелкі, — усё, што трымалі дагэтуль у руках. Зазыба стаяў на праходзе, і ў яго на твары пад скурай хадзілі жаўлакі. Ён усяго мог чакаць ад сваіх верамейкаўцаў — дзе толькі фэст, і яны заўсёды там, — але тое, што пабачыў цяпер, не ўкладвалася ў галаве: выходзіла, толькі звядзі вочы, як адразу разнясуць усё калгаснае па дварах. Суцяшала адно, што не было на стайні мужыкоў.

Праз хвіліну да Зазыбы падышла тая ж Куліна Вяршкова.

— Ета ўсё Раман, — сказала вінавата яна, — ён пачаў першы насіць да сябе, нават калёсы закаціў на двор, а мы паглядзелі, таксама загарэліся.

— Які тама яшчэ Раман? — неўразумела паглядзеў на жанчыну Зазыба.

— Да Сёмачкін.

— Яго ж прызвалі, здаецца?

— А радзімец яго ведае, — паціснула яна плячамі. — Бачым толькі, ходзіць па вёсцы, пагражае калгас распусціць. А тут ні Чубара, ні цябе.

«Значыць, Парфён Вяршкоў тады праўду казаў, — успомніў начную размову Зазыба. — Дэзерціраваў Раман...» Ён падабраў аброненае кімсьці пута, панёс у трысценак. Там, падпёршы левым плячом шула, стаяў Раман Сёмачкін. Вочы яго як не смяяліся, выпускаючы на волю задзірлівых чорцікаў. Зазыба набліжаўся да Рамана, і ўсярэдзіне ў яго ўсё абуралася.

Раней у Верамейках былі два браты Сёмачкіны — гэты, Раман, старэйшы па гадах, і Паўлік. Але Паўліка гадоў пяць таму пасадзілі ў турму за забойства кулігаеўскай Домны Варонінай. Забівалі жанчыну яны ўдвух. У Верамейках ведалі пра гэта: нехта бачыў іх у тую ноч разам — браты ішлі ў Кулігаеўку. А пачалося ўсё з таго, што раптам у малодшага Сёмачкіна стала ўсыхаць нага. І што ні год, то горай: Раман павазіў ужо брата і ў раённую бальніцу, і ў абласную, але дактары не маглі даць рады. Тады нехта ў Верамейках падказаў, што ў Латоцы ёсць шаптуха, якая здымае гэтакія хваробы. Паехалі да яе. Шаптуха паглядзела нагу, пакруціла галавой — нехта сушыць. Браты пачалі думаць, хто б мог чараваць. Перабралі па дварах усе Верамейкі, пасля Кулігаеўку з Мамонаўкай. Нарэшце сышліся на Домне Варонінай. Успомнілі, што аднаго разу, як вярталіся з кірмашу на Ілью, абтрусілі яе сад. Вядома, з дакладнасцю палічылі гады — выходзіла якраз па часе. Тады шаптуха параіла разбурыць у Домнінай хаце комін, забраць адтуль зямлю са следам, якая павінна была вісець у мяшочку. У Кулігаеўку Сёмачкіны пайшлі ўначы. Але падвешанай зямлі ў коміне не знайшлі. Тады яны падступіліся да самой Домны. Прасілі яе, каб аддала след. Нарэшце, ашалелыя, задушылі старую жанчыну. Аднак на судзе, які адбыўся ў Крутагор’і, праз колькі тыдняў, Паўлік узяў віну на сябе, сказаў, што задушыў Домну адзін — пашкадаваў жанатага брата...

Зазыба абмінуў Рамана Сёмачкіна, прайшоў у трысценак. Там ляжала раскіданая па ўсёй падлозе калгасная вупраж, і ён пачаў падбіраць яе, вешаць на драўляныя цвікі, што былі забіты ў прасвідраваныя ў сцяне дзіркі.

— Дарваўся? — кінуў ён злосна Раману.

А той адгукнуўся, быццам гуляючы словамі:

— А што, нельга?

Тады Зазыба падступіўся блізка:

— Засячы сабе на носе — другі раз па руках палучыш!

Сёмачкін пагардліва ўсміхнуўся:

— Маё, таму і бяру. Калі-та прынёс, а цяпер бяру!

— Але не адно тваё! Тута ўсіхняе! Калгаснае! І не табе распараджацца ім!

— Так і не табе ўжо! — крыкнуў Раман. — Досыць, пакамандаваў!

— Ну, от што, — ускіпеў Зазыба, — ступай адсюль!

— Ты не крычы, а то ведаеш!..

— Што ведаеш?

— Рукі няхота пэцкаць!

— А то табе прывыкаць?! — Зазыба ў злосці ледзь не затуманенымі вачамі паглядзеў на Рамана. — Толькі не ўзялі яшчэ цябе за шкіркі! Але не думай, возьмуць! Цяпера пойдзеш пад трыбунал, дэзерцір! Дабяруцца да цябе!

— Хто, бальшавікі? — неяк віскліва спытаў Раман.

— Няўжо ж фашысты!

— Не, — па-ранейшаму, як не сваім голасам, зарагатаў Раман, — таварышам бальшавікам цяпера няма як. Яны хоць бы самі ратунак знайшлі сабе за Уральскім хрыбтом.

Зазыба ў нянавісці змераў Сёмачкіна вачамі.

Тады Раман ужо адкрыта пачаў пагражаць:

— Табе, Зазыба, я параіў бы папрытрымаць пакуль язык. Цяпер суду няма. Прыцісне хто, як клапа таго, і адказваць не будзе. Так што лепей хадзіць табе не катом, а мышшу. І дзізярцірствам не папікаць. Не адзін я зрабіў етак. Вон уся армія разбеглася, дак і дзізярціры, па-твойму?