Выбрать главу
Першы дзень — і мы ў абдымках горачных Сэрцамі выпытвалі любоў. Небным шляхам па дарозе зорачнай Адляталі ў вечнасць, нібыта дамоў.
Другі дзень — штодзённасцю замучаны Глянулі сцяжэласцю павек — І пачулі музыку разлучыны, Баццам з першага балесны здзек.
Штосьці пахіснулася трывалае, І з душы скацілася далоў, Родная, каханая, трымай мяне, Покуль трэцці дзень не надыйшоў.
Ён абрушыцца навалай навальнічнаю, Ён маланкаю забліскае ў вачах, Шугане ён так, што і не сніцца нам — Будзе смешным сённяшні адчай.
* * *
Позненька, раненька… Дзе ты, каханая? Горнуцца словы да сэрца пяшчотаю. Птушкай бяскрылаю б’ецца пытанне: Дзе ты, каханая, што з табой?
Непагадзь вуліцу перапалосквае. Холадна. Хіліцца клён да бярожкі. Дзе ты, жаданая, мной не спазнаная, Дзе ты, каханая, што з табой?
Вечарам, раначкам… Дзе ж ты, каханая? Слухаю водгукі — дождж у акно, Ноч я прагледзеў, прыходзіць світанне — Цябе не відно… Дзе ты, каханая?
* * *
Я не думаў, што ў шчасця прысмак Не салодкі — а гаркаваты. Што яно пасядзіць на прызбе І шыбуе далей ад хаты.
Запрасіць бы паважна ў госці: “Калі ласка, праходзь на покуць!” — Збегла зноў на карысць кагосці,
Не злавіць, як зубамі локаць.
Не прысядзе пад абразамі, Не спакусяць яго пачастункі, Нанач гледзячы ў снежную замяць Павандруе вар’яцкай думкай.
Я не верыў, што ў шчасця прысмак, Нібы вусны твае гаркавы, Я каханнем заўзята трызніў — А застаўся з дурною славай.
Мо таму невылоўнае шчасце, Што яно адно ў чалавецтва — А да кожнага трэба папасці Ці на старасці, ці ў маленстве.
Гэта гора адно не ходзіць Па жыццёвых шляхах-дарогах, А з сабой дзіцянятак водзіць, І прыходзіць заўжды аблогай.
І спрадвеку ніколі ў лёсе Не чакае зімы, адчаю, Як заедзе ў двор на калясах, На калёсах і ад’язджае
Вокамгненнае наша шчасце. Застанецца на вуснах прысмак Не салодкі, а гаркаваты, Так заўсёды, бо ныня й прысна Не заседжваецца ля хаты.
* * *
Выпадкова знаходзяць падковы, Гавораць, — на шчасце знайсці… Але шчасце не выпадкова Трапляецца на жыцці. Можна знайсці капейку, Нават і цэлы клад. Але чамусьць спрадвеку Шукаюць сардэчны лад. Хоць лад той не выпадковы: Любоў — не валун на шашы, Каханне — для шчасця падковы, Як знойдзеш — век беражы.
ЗОРКІ ЗОЛУШКІ
Прычоска, нібы ў Золушкі, Я глянуў — і знямог: У косах сонца золатам Акрэсліла слядок. Там сонечныя зайчыкі, Вясёлкі пераліў. Я дакрануўся пальчыкам — Нічога не злавіў.
Мядзьведзіца Вялікая Згубіла зоркі дзве. Па небе блудзіць, клікае — Не знойдзе іх нідзе… А дзеці той Мядзьведзіцы Не ў вышыні цяпер — У завушніцах свецяцца, Падораных табе.
Я рукі ўперад выцягну — Застукаціць у скронях: З нябёсаў зорка вечнасці Не падае ў далоні.
І вочы незабудкамі Глядзяцца ў сэрца мне. Вясёлымі мінуткамі Маё жыццё міне.
* * *
Ну што ж, прысядзь, паразмаўляем З табой, уласная душа: Каго сягоння мы кахаем, Каго сто год назад… Спярша Скажы, душа, Ты сумавала У тым жыцці па гэтым? Ты свой славянскі боль крычала, Калі шчэ не была паэтам? З якім ты целам існавала, І дзе яно цяпер ляжыць? Скажы, душа, як там кахала? Скажы, з любоўю цяжка жыць? Маўчыць…
* * *
… так душа пакідае цела, Адыходзячы ў зорны шлях, Азірнецца яна нясмела І падумае спакваля: Гэтым целам любіць хацела, І балела мне гэтым целам, З гэтым целам жыццё была. Адбалела яно, змярцвела — І душа пакідае цела, Адлятаючы ў вечны шлях.