Выбрать главу
ТУГА АБ КАХАНАЙ
На краю абветраннай зямлі, Дзе нябёсы сіні і высокі, Дзе ніколі людзі не былі – Там жыве адзіная далёка. Церам там блакітны за аблокі, Там анёлы з белымі крыламі, Там мяне каханая далёка Сумнымі чакае венчарамі.
Заўтра я ці буду паміж вас? – Мне пакуль што гэта не вядома: Паасобку кожнага ў свой час Нас аднойчы пазавуць дадому. Я пакіну грэшную зямлю, У вандроўе доўгае пушчуся. Над палямі птушкай палячу, Пушчамі радзімай Беларусі.
На краю абветраннай зямлі, Дзе нябёсы сіні і высокі, Дзе ніколі людзі не былі – Там жыве адзіная далёка. Да каханай на калені я Прыпаду стамлёнаю душою: Як, скажы, ты без мяне жыла? Як нам добра , любачка, з табою.
* * *
Долі дзве — дзве палавіны Аднаго быцця. Мы з табою жыць павінны Вогнем пачуцця. Калі дрэва пазбаўляюць Родных каранёў — Век тады не прычакае Яблыня пладоў. Не аддзеліш дзень ад ночы, Смейся, хочаш — плач, Я збавіцель твой аднойчы, А заўжды — “палач”. Я прашу, не трэба плакаць, Слёзы — не грашы, То за вечнасць наша плата: Высілкі душы. Дзве душы — дзве палавіны Схлынуцца ў адну. Дзе жанчына, дзе мужчына? — Языкі агню!
* * *
Душа, нібы птушка ў клетцы,
Ірвецца яна на волю. У клетцы можна сагрэцца, Ды толькі лятаць – ніколі. Душа нібы птушка ў клетцы, Ёй клеткай – жывое цела. Глядзіцца з-за кратаў сэрца На свет паласата-белы.
* * *
Раяцца думкі ў галаве — Ізноў прыйшла бяссонніца. Мінулае ў начы заве — Сумленне ў дзверы ломіцца. І сэрца рвецца ад грудзей, Каб выправіць памылкі мулкія. Ды час не кідае надзей, Што зроблена — навек, на мукі нам…
* * *
Вочы сінія У цябе... Зваць - Арынаю І цяпер. Што ж ты, любая, Не завеш? На загубу мне Гэты верш.
У цябе сям'я: Муж і сын. І таксама я Не адзін. О, мой Госпадзе, Як тут быць? Ці ж на ростанях Можна жыць?
Знічка вечарам Дагарыць. Нават вечнае - Да пары. Сэрца шчэміць боль - Не сталіць. Мы ячшэ з табой На зямлі.
ДОЛЯ
Выйду ў чыста поле, стану пад вярбіну, Пагукаю долю, нібыта каня. Адзавецца рэха па чужых далінах, І замоўкне голас у глухіх гаях. Заблудзіла доля на крутых сцяжынах, І цяпер на волі беглая раба. А ў далонях кволых чорныя ажыны, І палынны прысмак на сухіх губах.
Трыццаць год гукаю -- доля ходзе міма. Без яе ніколі шчасця не спазнаць. Вылаўлю блудніцу і аброць накіну, І задам ёй перцу, эх едрона маць!
Ці ж вона не чуе, ці ж вона не бача, Шчо зове хозяін з путом у руках? Цэлы век гарцуе неслухам бадзячым, І гнядую грыву трэпле па вятрах. Эх, вазьму ляйчыну, выцягну з-за вуха – Запалае шкура ў горачным агні. Ці ж я не мужчына, каб мяне не слухаць, Бо без долі дома, як на чужыне.
ІНТЭРНАЦКАЯ ГІТАРА
Разаб’ю я пальцы ў кроў на струнах. І гітару сваю зноў настрою. Плынна песня пацячэ па строме Цёплых сэрцаў, жаркіх душ журбою. У пакоі мы сядзім – нас трое: Ты ды я, ды і мы ізноў з табою, І гітара паміж нас, як Троя, Палымнее палахлівым неспакоем. Інтэрнацкая гітара, ты ўратуеш нас – Будзем знаць, калі нее пара, дывк апошні раз… Б’юць яе – а яна спявае, Жылы рвуць – а яна звініць, Быццам горла ёй грыф сціскаюць – Вось нам прыклад, як трэба жыць.
Раскажы, гітара, нам пра здрады, Пра бяду нам раскажы і радасць, Пра задушныя душэўны страты, І яшчэ чым-небудзь нас парадуй. Глянь, кружляе матылёк над свечкай, Ён не знае, што каханнем тушыць. Як пагасне агшанёк навечна, Мо нас цемраю пасцельнаю падружыць. Інтэрнацкая гітара, ты ўратуеш нас – Будзем знаць, калі не пара, дык апошні раз… Б’юць яе, а яна спявае, Жылы рвуць, а яна звініць. Быццам горла ёй грыф сціскаюць – Гэта прыклад як людзям жыць.