ПЕСНЯ ДЛЯ ВЕРАНІКІ
Блакіт тваіх вачэй,
Сумяціца начэй, —
На сэрцы не лягчэй
З табою, Вераніка!
Ў сусвеце ты адна,
Падыйдзем да вакна
І будзем ноч гукаць
І наша шчасце клікаць.
Паклічам веснавы
Дзянёк зімою позняй,
І сполахі травы
Прымрояцца ў марозе.
Надыйдзе доўгі дзень,
Але павінен знікнуць
Ты наша шчасце дзе
Падзела, Вераніка?
Блакіт тваіх вачэй,
Сумяціца начэй,
На сэрцы ўжо лягчэй
На сэрцы – Вераніка!
Блакіт тваіх вачяэй
Я п’ю вадой гаючай,
Ты гавары хутчэй,
Мяне маўчанне мучыць.
АНЁЛЬСКАЯ
На небесхіле зоркі настылі,
На аблачыне дрэмле анёл:
Векі зліпае, песні спявае –
Усё пра каханне, ўсе пра любоў.
У небесхіла – божая сіла,
Толькі ў анёлаў вочы твае.
Песня нясецца з неба да сэрца,
І закіпае жалем крыві –
А без дагляду нам куды дзецца?
Любы анёлак, нас не засні!
Ангел-губіцель, бачыш не спіцца
Двум закаханым дзецям тваім?
А з небасхілу зоркі знікаюць.
Хмарыцца неба сумнага дня.
Дзеці кахання шчасця шукаюць,
Ходзяць па свеце – а шчасця няма.
Мы не прасілі па небасхілах:
Зналі анёлы вочы твае.
* * *
Дрогкія рукі твае
Моўчкі вазьму ў далоні.
Час прыпыняе бег —
Вусны мае ў палоне.
Паломнік тваіх вачэй,
Палонны твайго дыхання.
Цалую ячшэ й яшчэ
Да самага спеву рання.
Гадзіннік абудзіць нас
Сарэбраным ціхім звонам.
Спытаеш: “Які ж то час?” —
То вечнасць прыйшла сягоння.
АТРАСІНЫ
Спраўляла восень атрасіны, імжэла восень.
А ты не бойся, любы сыне, зімы не бойся.
Стаяць дрыготкія асіны, трапечуць лісьцем,
Спраўляла восень атрасіны і вецер свішча.
Папросіць восень у нябёсаў сабе спагады.
Лісток абросены з нябёсаў дадолу падаў.
І клін журлівы, жураўліны ляцеў у вырай,
А ты не бойся, любы сыне, любові шчырай.
Згуляла восень атрасіны – чакай марозаў.
Ты ўжо дарослы, любы сыне, яшчэ не позна,
Не позна выправіць памылкі і ты не бойся
Прасіць у восені – даруе, знай: долі просяць.
У чалавечым грэшным лёсе заўжды бывае:
Спраўляе восень атрасіны – а мы чакаем,
Што нам адпусціцца калосся жыццёвай мерай,
Калі ў душу прыходзіць восень – ратуе вера!
Яшчэ нікому не ўдалося зляцець у вырай,
Калі ў жыццё прыходзіць восень – ратуе вера.
* * *
Грукаюць колы цягніка.
Цягнецца шлях дадому.
Доля шчаслівая, не знікай —
Лепшай не будзе долі.
Ты пачакай, пачакай яшчэ,
Дай мне на свет нагледзецца,
Дай спільнаваць, як Мядзьведзя жджэ
На Млечным Шляху Мядзьведзіца.
* * *
Дзякуй за гэты вечар,
Дзякуй за вечар той,
Вечар дзіўнай сустэчы,
Дзе знайшоў цябе погляд мой.
Там, пад зоркамі летуценна,
Па ўскрайку горада і зямлі
Невыразныя нашы цені
Пасярэдзіне лёсу йшлі.
Заблудзіліся, заблыталі —
І не могуць прыйсці назад.
Мы дарогу да шчасця пыталі
І брылі па жыцці наўгад.
Не паспеў я сказаць каханай
Таямнічага слова душы.
Зноў спаткаліся нечакана,
Губы кажуць, душа — маўчыць:
“Дзякуй за погляд мілы,
Дзякуй за шчыры смех.
Ведаеш, за хвіліну
Дзякуюць целы век”.
* * *
Сумны верасень за вакном.
Нат не верыцца, што жывём,
Жывём добранька да пары…
Дожджык дробненькі на двары.
Восень сыплецца на зямлю.
—Чуеш, сын устаў, — ой-лю-лю!
Хутка верасень дагарыць,
І не вернецца да пары.