Выбрать главу
* * *
У лесе жыў сярод звяроў — І ад тугі ажно зароў.
У вёсцы жыў каля людзей — І плакаў, плакаў кожны дзень.
Цяпер у горадзе жыве — Штодзень то плача, то раве.
* * *
Там на дрэве — Кубло. Апусцела даўно, Бо навокал адчаянны лямант і грай: Прымярае крыло На сябе птушанё, Уважліва так прымярае.
* * *
У кожнага свая Айчына. Ад першых да апошніх дзён У сэрцы кожнага — бацькоўскі кут адзіны, Ды кожны да чужых краёў жадзён. Здаецца кожнаму, што недзе на чужыне За светам, там квітнее вечны сад, А ў садзе тым саспелыя ажыны, І ловяць рукі небны зоркапад. Амаль што кожны думкаю юначай, Як птах, ляціць за небакрай, Ды рэдка хто па старасці заплача Ад выстылай духоўнай недастачы, О, Божа, хоць за гэта не карай!
ДЫЯЛОГ
— Чаго ты шукаеш? Усё ў цябе ёсць: Магчымасць, жанчына і дзеці...
Ага... Але ж ведаеш, я толькі госць У хуткаімклівым свеце.
— Ну, што ж за бяда, паглядзі навакол: Усе мы гасцюем наездам.
— Усе — ды не ўсе: адзін гол як сакол, У футрах другі, хоць і бездар.
— Не гэта асноўнае — дбай аб душы, Вось дзе наш клопат галоўны.
— Даўно ужо я дбаю, ты толькі скажы: Ці многа прыдбае галодны?
— Чаго ж табе трэба пад небам жыцця, Сумуеш якое халеры?
— Патрэбна не мала, спачатку хаця б — Кахання, Надзеі і Веры.
УСПАМІН
У лесе хораша было: Навокал — воля! Бусёк вымахвае крылом, Спявае долю. Бусліны клёкат... а малэ Таке мурзатэ Бяжыць за поле, і далей Крычыць заўзята: "Бусько, бусько клекатун, Ловіць жабу за каўтун!"
У лузе люцікі цвілі, Нібыта сонцы, Вянкі зялёныя плялі Дзяўчаты хлопцам. Лілея летам... Па вясне — Пралескі, лотаць... Цвіце Палессе і нясе Птушыны сокат.
На гаманлівых паплавах І ў дзень, і ў вечар — Гуллівых чаіц перамах, — Вясну скергечуць. Цыганскі дожджык церушыць, Вясёлка ззяе... Яшчэ здаецца: вечна жыць Не перастанем. І ўсё бяжыць, бяжыць, бяжыць Дзіця мурзатэ, Бяжыць за хмаркаю, крычыць, Нібыта тату: "Дожджык, дожджык, сыпані, Што б калюжкі булі, По коленца брулі, Дожджык, дожджык, секані, Мы паедзем на калі, Маму з поля прагані, Тату з поля прагані, Дожджык, дожджык, сыпані..."
ЭКАЛАГІЧНЫ ДЫПЦІХ
1 Неба прарэзала маланнЯ — Паскакала ўгалоп па хмарах. Асядлала ліхога каня Чалавеча-вар'яцкая мара. Гэта д'ябал зямлю агроб Чорнай цемраю цяжкіх крылаў, — Конь пад намі тады захроп, Шлях адвечны перакрывіла. Закрывавілі ручаі, Засмуродзілі воды возера: Сатана разліваў чаі, І дзіравіў планету позіркам.
2 Як клешч карослівы, паўзлі бульдозеры, Распалошна разляталіся буслы — Зводзілі лілею з свету божага, І слязамі рэкі пацяклі. Аграномы ганарыліся ўраджаямі, Засыпалі зводкамі "Райком”, А сівы эколаг у адчаі Даставаў Чырвонай кніжкі том.
І гартаў дрыготкімі рукамі Белыя старонкі-паплавы: — Ой, цяжкі, цяжкі на сэрцы камень,— Не клыгычуць болей журавы.
Перапэцканы крывавыя старонкі І паперы й Матухны-Зямлі, Бо шугае з паднябесся стронцый На балоты нашы і палі.
Казялец, а па-другому — люцік Толькі на малюнку ацалеў — Попелам прысыпаныя людзі Назвы нат не помняць на сяле.
І гартаў дрыготкімі рукамі Ён паперу, нібыта клады: Разлічылася прырода медзякамі — Выраслі нагрушах жалуды!