Выбрать главу

– Перабудова? Галоснасць? Новае мысленне? Гэта ўсё для ідзьётаў, Грунечка Васілеўна! Знарок гэтыя яйцакруты абвесцілі галоснасць, каб гэтым разам ужо на пэўню выявіць усіх непрыяцеляў савецкай улады. Ды пасля цішком-нішком іх, у ляску пад Менскам, як у трыццаць сёмым… Ну, вы самі ўсё разумееце…

– Беларуская мова, Ігарочак? Размаўляць на ёй і дома, і на вуліцы?! Гэтыя яйцакруты дазволілі гэта, каб усе вашы высілкі ішлі на размаўлянне і супраціўленне варожаму наваколлю. А каб на ўсё астатняе: рабленне рэвалюцый і нашчадкаў… Ну, ты ж сам усё разумееш…

Бабулі і дзяды мелі гонар належаць да ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Абранай касты, таямнічай ложы. Актыўнасць у сяброў гэтага ордэна вельмі вялікая, але іхняя ўжытковая дзейнасць палягае ў дужа спецыфічнай плоскасці. У дзевяноста адсотках таемныя веды і навыкі дапамагаюць сябрам ордэна адно дакладна адчуць той самы інтымны момант, калі трэба завязаць на вузельчык свой язык. Або злавіць няўлоўнае, як павуцінка, імгненне, калі належыць спрытна даць драпака ці праўдападобна прыкінуцца мёртвым.

Напрыклад, сваёй прыналежнасці да ордэна Дзядзюля і ягоная мама Бабадора абавязаныя выратаваннем падчас вайны. Як высвятляецца, напачатку акупацыі толькі такія, як яны – абазнаныя сябры ордэна, па нейкіх сваіх нябачных каналах, праз сваіх адданых агентаў, чыя сетка раскіданая па ўсім свеце, – атрымалі інфармацыю, што немцы робяць з габрэямі ў Польшчы. І таму ўжо дваццаць трэцяга чэрвеня 1941 года, калі з горада ўцякалі ў асноўным савецкія работнікі і іх жонкі, Бабадора не стала з абыватальскай цікаўнасцю чакаць, што будзе далей. З драўляным чамаданам, хворым мужам і сямнаццацігадовым Дзядзюлем за руку, Бабадора пешкі прыпусціла па Магілёўскай шашы на ўсход. Пакуль уся астатняя радня разам з любімым кузэнам Дзядзюлі Дзядборухам няўцямна глядзела ім наўздагон: “З роднага Менска? Куды? Нашто? Падладзіліся пад бальшавікоў, схаўрусуем і з немцамі”. Радня яўна чагосьці не разумела. Дзядборух разам з іншымі застаўся ў горадзе і ўжо ніколі не стаў сапраўдным дзедам.

Бабадора з Дзядзюлем дапялі да Казані. Па дарозе было ўсяго, але адбылося і страшнае. Дзедзэлік моцна захварэў на гішпанку, і каб не быць цяжарам для сям’і, якая ўцякае, павесіўся ў дрывотні прыдарожнага смаленскага сяла.

Але вернемся да Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Мудрая непрыкметнасць і непрыкметная мудрасць – гэта ордэнская рэлігія. “Ісці супраць вады, Юлій Зэлікавіч? Занясе ў вір!” “Тузацца і цярэбіцца, Барыс Валер’евіч? Сэнсу няма, бо вас асабіста тады… а вашу сям’ю… і… ну… вы самі ўсё разумееце…”

Дзядзюля радаваўся, што яго прозвішча Шапіра, Бабаманя – што Іванова, а Дзедбарыс, бацька бацькі, чуючы сваё прозвішча Качуня, якое яму дасталася ад зніклых у лагерах бацькоў, яшчэ шчыльней заплюшчваў вочы, і ягоная дурнавата-мройлівая ўсмешка пры гэтым шырэла.

Радаваліся яны незаўважнасці і някідкасці. Носьбітам такіх прозвішчаў за нашым часам вельмі лёгка ўхіляцца ад падатковых службаў.

Чальцы Ордэна ніколі не захапляліся хараством моманту, бо не забываліся (ды іншым не давалі забыць), што за прасветлай паласой ідзе чорная. Пасля росквіту абавязкова, абавязкова наступіць заняпад! За бурлівым банкетам заўсёды навальваецца меланхалічнае працверазенне. Пасля жвавенькай маладосці кульгае нямоглая старасць. Усё трухлее, парахнее, выцвітае і лысее. Смех? Недарэчнасць! Радасць? Што яна дасць! Мінздароўя папярэджвае: пасля выпаленай цыгарэты на сценках лёгкіх імгненна пачынае выкрышталізоўвацца рак.

У поспеху бабулі і дзяды ўжо наперад бачылі руйнаванне, у багацці – банкруцтва. Апошнія гізунты выцягне бессэнсоўная беганіна. Грашовыя багацці зжарэ інфляцыя. Маёмасць і каштоўнасці, як мы ўсе ведаем з нашага тутэйшага досведу, адцяпае сквапная дзяржава. А калі дзяржава будзе ў даважак дэспатычная, дык выме і жыццё. Паратунку няма.

Аўтар кнігі Эклезіяста, цар Саламон, выдае на тое, таксама належаў да гэтага старадаўняга ордэна вялікіх разумнікаў. Аднойчы, перачытваючы адпаведны раздзел Бібліі, я адразу ж уявіў на нашых сямейных урачыстасцях сярод іншых гасцей і гэтага каранаванага пашыральніка дэпрэсіўных настрояў.

Вось ён, шматмудры Саламон Давідавіч. У белай фланельцы з кароткім рукавом засядае за святочным сталом у кватэры на вуліцы Чкалава. Скінуў старазапаветныя сандалі ў вітальні і павесіў ерусалімскую карону на чыгунны вяшак, бо Бабароза карае горлам усіх тых, хто ходзіць па доме ў вулічным абутку і вопратцы. І вось ужо зіхціць ягоная ядвабная ярмолка, прашытая золатам і парчой, між убялёнага авечкавымі кудзеркамі цемені Дзядзюлі і сакратаўскага плёха Дзедбарыса.