Выбрать главу

…Назіраць усю гэтую расчуленасць ад румынскіх падзеяў у Дзядзюлі, ці не самага адданага чальца змрочна-стрыманага ордэна, было вельмі дзіўна. Ясная рэч – Тыя, Хто Самі Ўсё Разумеюць, любую ўладу ненавідзяць. Аднак, па-першае, ненавідзяць так, як чалавек ненавідзіць кепскае надвор’е або цялесную хібу: маўляў, непагадзь і калецтва, вядома, брыда брыдою, але нічога не паробіш, нягледзячы на іх, трэба далей век векаваць. Па-другое, паводле аднаго з ордэнскіх пастулатаў, ніякую ўладу, а пагатоў тутэйшую (а гэта пацвярджае наш шматвекавы досвед) няможна ані памяняць, ані зрынуць, ані пераабраць. Па-трэцяе, кесару – кесарава, а слесару – слесарава. Як выказаўся аднойчы зазвычай маўклівы і памяркоўны Дзедбарыс:

– А ты б, Ігароша, хацеў апынуцца на месцы Гарбачова? Калі табе – і не каму іншаму – у патыліцу дыхалі і нагорна-карабахскі канфлікт, і мільён незадаволеных сухім законам? Ці хацеў бы ты не спаць ноччу ад экстранных паведамленняў шэфа КДБ, га? Браць грэх на душу і збройна разганяць мірныя дэманстрацыі ў Літве? Штодня ў крамлёўскіх кабінетах звівацца, як сам ведаеш хто ў бочцы сам ведаеш з чым?

Не даўшы мне і пальца ўсунуць, Дзедбарыс тады адразу сам на свае рытарычныя пытанні і адрэагаваў:

– Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.

Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні, хударлявым падцягнутым пенсіянерам, колішнім падпольшчыкам.

Дзядзюля апавядаў і апавядаў пра павешанне румынскага дыктатара і яго жонкі гэтак, нібыта бачыў усё на свае вочы. Пасёрбваючы Дзедлёнін чыфір, Дзядзюля прыгаворваў, што хутка небаракі-румыны зажывуць як след. Што ўся Усходняя Еўропа нарэшце скіне са сваіх змучаных плячэй крывавых і бесталковых дыктатараў. Так, сапраўды, у тыя дні румынскай рэвалюцыі Дзядзюля, разважны і шматмудры пячкур, абсалютна не кантраляваў сябе.

Дзядзюлеў уздым я прыгадаў гадоў праз колькі, у пару, калі, ледзьве ачуняўшы ад шматвекавой няволі, ужо і беларусы ўправіліся прыдбаць свайго тырана.

Два месяцы пасля першых і апошніх дэмакратычных выбараў у сваім жыцці Дзядзюля быў дэмаралізаваны ўшчэнт. На яго стала шкада глядзець. Дысідэнт у душы пасівеў і згорбіўся. Пакрысе адбіўся ад сну і ежы. Варта было толькі яму пачуць па БТ або па “Радыё-1” чарговую прамову “гэтага Македонскага”, як у Дзядзюлі пачыналася арытмія. Мой палкі аматар гісторыі і палітыкі надта добра засвоіў, да чаго прыводзяць хамуйлаватыя маналогі перад камерай. Гэтая нахрапістая гульня ў адну браму. Дзядзюля ўжо цудоўна ведаў на красамоўных прыкладах з гісторыі, чаго чакаць ад флірту ўлады са звярамі калектыўнай падсвядомасці.

Каб хоць неяк прывесці Дзядзюлю да ладу і рытму, падчас аднаго з маіх да яго візітаў я як бы незнарок запытаўся, ці радаваўся б ён, калі б і ў нас, як колісь у Румыніі Чаўшэску, народ скінуў бы Македонскага.

Гэта дапамагло. Дзядзюля, які толькі што млявы і абыякавы да жыцця ляжаў на канапе перад выключаным тэлевізарам, цяперака ажно падскочыў, падняўшы вакол сябе фантан з падушак.

– Ціпун табе, Ігаль! Ты што, здурнеў? – галасіў ён. – Ты ўвогуле думаеш наперад, што кажаш?!

Кроў увачавідкі вярталася да бледнага чала Дзядзюлі.

– …То тады тут будзе хаос, анархія! Ты што, не разумееш, што наступіць разгул антысемітызму і пагромы?!

Дзядзюля ставаў на дыбкі. Яго вочы шалёна круціліся. А голас зрабіўся трубны. Дзядзюля нагадваў параненага дзідай слана.

– Ну, зладзяць набліжаныя патрыцыі змову і скінуць Македонскага, – пачаў Дзядзюля ў сваёй манеры аматара гісторыі. – Ну, будзе добра ім усім які тыдзень… Хай сабе месяц будзе ўсім воля… Але потым усё зробіцца яшчэ горай і паскудней. Усе будуць хадзіць голыя і дурныя… Без цара ў галаве.

Дзядзюля запстрыкаў адначасова ўсімі выключальнікамі на тэлевізійнай панэлі. На экране намалявалася пастаральная ніва, па якой нетаропка пахаджваў пахмурны Македонскі ў атачэнні сваёй яшчэ больш пахмурнай світы, складзенай выключна з мужчын.

– Таму, Ігаль, напрамілы Бог!..

Дзядзюля трапна плюнуў у экран тэлевізара і, па-малітоўнаму склаўшы рукі, павярнуўся ў бок усходняй сценкі кватэры. За ёй знаходзіліся менскі раён Грушаўка і Ерусалім.

– Хай, Ігаль, усё цячэ так, як яно ёсць… Любая ўлада ад Бо… – тут атэіст Дзядзюля запнуўся, а на ягоным твары я прачытаў збянтэжанасць. – …ад… ад… каго трэба!