Выбрать главу

Апазіцыйным палітыкам я даводзіў ідэалагічны складнік стэнда-партала, культурніцкім дзеячам – культурныя выгоды. Гундосіў, што настала чарга ўвасобіць гэта ў жыццё. “Наш мэсыдж, – казаў я ў сваіх пракламацыях для ўнутранага ўжытку, – засведчыць еўрапейцам, што мы такія самыя, як і яны. Проста гадоў …ста таму назад патрапілі ў адзін непрыемны закалот, з якога не можам ніяк выблытацца. І каўтун тут – ключ. Наша паглыбленне ў каўтунную хваробу заўжды ратавала нас ад каланістаў і акупантаў”.

Адным словам, я імітаваў прасвятленне, актыўна ўдаваў набыццё трэцяга вока. Партнёры і фундатары цешыліся – нарэшце, нарэшце беларусы абуджаюцца! Дзеля раскруткі стэнда-партала я нават напісаў і выдаў кнігу.

У сваім пакоі, па-над канапай, я ўмацаваў купленую ў Берліне вялізную мапу Еўропы. Лежачы, штовечар перад сном я аглядаў тую мапу, густа ўшпіляную круглымі кропкамі гарадоў. Былі тут кропкі тлусцейшыя, з абадочкамі, усё роўна як старасвецкія столікі з парыжскіх кафэ. Пракідаліся на мапе і буйныя белыя кропкі – яны нагадвалі абцягнутыя а-ля хатнімі абрусамі сталы балканскіх страўняў. Трапляліся і зусім маленькія чорныя кропачкі – рыхтык дыхтоўныя дубовыя столікі венскіх шакаладняў ды іх вытворныя – браціслаўскія цукерні. Уся мапа Еўропы ператваралася для мяне ў адну вялікую кавярню, дзе я мог прызначыць Роні спатканне – адно выбірай, каханая, зручнейшае месцейка, ля вады ці сярод зеляніны.

Побач з мапай я павесіў аляпаваты каляндар, прысвечаны чэмпіянату свету па біятлоне, які меўся адбыцца ў Менску. Каляндар быў вытрыманы ў чырвона-зялёных тонах. На ім была намаляваная ці то стараперсідская, ці то старагрэцкая пачвара з пысай зубра і целам чалавека, страхотным сімвалам чэмпіянату. Пачвара стаяла абутая ў лыжы і радасна трымала ў руках стрэльбу. Ажно рабілася ўражанне, што гэта ўсё яна зняла з небаракі героя, гэтакага сучаснага Тэсея паўночных шыротаў, які прыехаў у лабірынт пушчы яе забіць і, як з усяго відаць, чорта што ў яго атрымалася. Павесіў я гэтага мінскатаўра толькі таму, што ў сваім ніжнім куце плакат меў нешта накшталт перакіднога табло, на якіх красаваўся надпіс “да чэмпіянату засталося столькі і столькі дзён”. На табло я стаў перакідваць засталыя дні да чарговай сустрэчы з Роні.

З цягам часу чырвона-зялёны зубрачалавек прыжыўся ў мяне на сценцы, і стаў глядзець на мяне неяк лагодна, паблажліва. Я зрабіўся яму сімпатычны. А ён мне.

Мая Бабароза, яшчэ не сцяміўшы, нашто мне ўсёгэтае біятлонна-картаграфічнае прычындалле, але ўжо адчуваючы перамены ў маіх паводзінах, штодня ўстурбавана пахаджала каля мапы і перакіднога календара. Зіркала прыхваткамі то на мяне, то на сценку гэтак, нібыта я быў як найменей Гітлер, што выношвае аперацыю “Барбароса” і вось-вось (“праз столькі і столькі дзён”) гатовы са сваімі танкамі і авіяцыямі ўварвацца на гаротную беларускую зямельку.

Бабароза скеміла, што не падкантрольныя ёй працэсы, якія адбываліся ў маёй галаве, урэшце знайшлі адбітак у гэтай мапе. Але толькі якія? Бабароза пакуль яшчэ не даўмелася, але вельмі-вельмі жадала гэтую таямніцу раскрыць. Касавурылася. Віжавала.

– Чаго ты выскаляесь-сь-ся, Ігарочачак, як кот у лядоўні? – дапытвала яна. – Усё раюеш, пакуль мы ўсе тут… – тут Бабароза абводзіла сваімі скурчанымі ад артрыту рукамі наўкола, якбы хочучы абхапіць усё чалавецтва, – …бядуем і страднімся?

Аднойчы, вярнуўшыся вечарам дадому, на самай сярэдзіне пратокі Ла-Манш я ўбачыў буры развод, падобны да следу разлітай з танкера нафты. Бацька, схаваны апанент рэжыму, павабіў мяне пальчыкам і апавёў шэптам, што Бабароза зранку, адамкнуўшы мой пакой сваім ключом, пяць хвілін засяроджана плявала на мапу.

– Плявала?! – заскандаліў я, праўда, таксама шэптам. Бацька на мігах умольна папрасіў не гарачыцца.

Я вэрхалу не ўсчаў. Бо якая рацыя змагацца з самім Творцам Скандалаў, вялікім і жахлівым? Назаўтра я проста цішком аднёс мапу на ламінацыю. Закуў сваю родную Еўропу ў бліскучы лёд цэлафану.

Увечары таго ж дня я чарговы раз памяняў замок у дзвярах свайго пакоя. Цяпер ставіць пазнак на мапе я не мог, затое мапа зрабілася недасяжнай для Бабарозінай шкоды.

Па дарозе з ламінавальнага цэнтра ў краме “Турыст” я набыў футбольны мяч з намаляванай на ім зямной куляй. Бо, бачыце, у далёкасяжных перспектывах мы ў нашым з Роні плане Еўропай не абмяжоўваліся.

Па дарозе дадому я ўсё паглядаў на мяч-глобус і прыйшоў да рэвалюцыйнай высновы. Як жа на Зямлі ўсё замыкаецца на пункце выхаду! Нават выправіўшыся кудысці ў трансатлантычнае падарожжа, забягаючы са сваім караблямі і думкамі ўсё далей і далей, заўжды рызыкуеш на пэўным этапе нарвацца на пункт адпраўлення. Майсей, відаць, так доўга таптаўся з сынамі Ізраіля па сумежнай сінайскай пустэльні і, маючы процьму часу, не прасоўваўся далей з боязі абагнуць Зямлю і вярнуцца назад у ненавісны Егіпет з іншага боку.