Выбрать главу

Яе вішні зноў робяцца маціцовыя, амаль чорныя. Мяне гэты колер заўжды ўводзіць у зман. Гэта яна сур’ёзна ці смяецца?

– Кінь, Ронька! – кажу я ёй па-беларуску. За тры гады яна вывучыла шмат нашых фразаў. І зноў пераходжу на ангельскую:

– Ну, як гэта “няма тэрмінаў”?! Ты ж сама гэта сказала: Персей, старагрэцкі герой, які пастаянна жыў пад праклёнам прароцтва, што заб’е свайго дзеда Акрысія, гаспадара Аргаса.

– Звышгерой Персей? – нібыта ўпершыню перапытвае Роні.

– А я табе пра комплекс Персея, здаецца, усе вушы прагудзеў, ці не? – цярпліва нагадваю я. – Таму ты мяне называеш Персеем, ага…

– Бо ты ўсё ж урэшце заб’еш, калі не забіў ужо кагосьці са сваіх дзядоў ці бабуль, Ігар! – Роні ўпершыню за сёння ўжывае маё сапраўднае імя.

Не выдумляй, ну, каго я магу забіць? І працягваю:

– Бабарозу? Маю прабабку, за яе трохі камічную тыранію? Дзядзюлю, за яго даўнейшыя любоўныя здрады сваёй першай жонцы і маёй Бабагруні? Бабагруню, маю бабулю, за тое, што яна жыве са мной лічы ў адной кватэры? Я ж love them badly, страшна іх усіх люблю!

– Надта іх у цябе шмат, і надта ты ў іх.

– “Я ў іх”? – перапытваю я. – I am in them?

– Aha, ты ў іх, а яны ў табе, – падтаквае Роні.

Я трохі раззлаваўся, але не бяды. Хай там што, але недарэчныя перапытванні і бязладнасць нападаў азначаюць, што Роні калі не супакоілася, дык супакоіцца неўзабаве. Яе вераломная навала стрыманая, загрузла на подступах у рытарычных балотах.

Я заказваю чырвонае віно, яна – піва. Такая ў нас завядзёнка. Хаця я ведаю, што ад узрушанасці не вып’ю больш за два келіхі.

Мы будзем гаманіць занач. І ў першы дзень нічога, хутчэй за ўсё, не будзе. Яна, як заўжды, не гатовая з дарогі, ці там у яе якраз жаночае. “Пачакай, Persejčyk, заўтра ноччу, абяцаю”. Думаю, яна робіць гэта наўмысна. Каб павялічыць асалоду. Маўляў, пачакалі месяц, дык пачакаем і яшчэ адзін дзянёк. Але я звычайна не настойваю. У мяне самога ўвесь першы вечар трасуцца каленкі. Якія ўжо тут любошчы, адно марнаванне.

Я кладу руку на яе белую далонь з шлюбным пярсцёнкам. Далонь трымціць, як злоўленая ў цянёты птушка. Тры гады ніхто не можа растрэсці нашага шчасця.

– Трэба вырашаць, Персей, – зусім іншым, ціхім і цвёрдым голасам кажа Роні, ды глядзіць у акно. – Трэба нешта вырашаць…

Мы амаль ніколі не супадаем па фазе. Нават дзіўна, як увогуле мы ўмудрыліся адначасова закахацца. То яна раз-пораз пачынае гэтую цягамоціну, маўляў, трэба нешта мяняць, рабіць наступны крок, а я не шманаю. Або я пачынаю далдоніць, што ўся гэтая шпіёншчына так цягнуцца не можа, а Роні, спакойная, бы поўня, адно пасміхаецца куткамі вуснаў і юрліва перыцца мне ў вочы. Заўжды адно і тое ж.

– Ведаеш што, Роні?.. – кажу я ціхім голасам і раблю кантрольны стрэл – кладу зверху другую руку на яе другую далонь.

Яна матляе галавой.

– Насамрэч усё на сваіх месцах, так. Парушыць канструкцыю жыццяў немагчыма. За тры гады нашыя лёсы дасканала дапасаваліся, не раўнуючы дошкі з той выславёнай драўлянай чайні Дзедвасілія, збудаванай без аніводнага цвіка.

“А значыцца, ніякі ўвагнаны цвік – хай сабе і ў нашу галаву – нічога не зменіць”, – дадумваю я, але ўголас – ні-ні.

Ніхто з нас не здольны ані паварушыцца, ані змяніць ніводнай дэталькі. Ані перайначыць дасканалай аркестроўкі нашых жыццяў. Роні тут са сваімі краінамі-еўрапеечкамі і войскам увішных кельнераў. А я там – з шматлікімі беларускімі бабулямі і дзядамі ды іх бясконцымі гісторыямі. Але ж і гэтыя, і тыя – гаранты нашага стабільнага шчасця.

– Персей, ты не разумееш! План памяняўся! Я прыняла рашэнне!

Я раблю красамоўную паўзу, маўляў, “усё, ты скончыла істэрыку?”, і працягваю апавядаць ёй чарговы раздзел са свайго жыццяпісу ўнука.

Раздзел 2

Бабулі і дзяды

Усё дзяцінства мяне атачалі бабулі і дзяды. Іх было так шмат, ажно кожнага разу належала ўдакладніць, якую канкрэтна бабулю або дзеда ты маеш на ўвазе. “Званіла баба Роза”, ці “прыходзіў дзед Барыс”. Нашыя з бацькамі гутаркі заўжды круціліся вакол бабуль і дзядоў, мы жылі іхнімі біяграфіямі і цікавасцямі, таму пакрысе дзеля зручнасці сталі называць іх злітна: “Бабароза”, “Дзядзюля”, “Бабаманя”, “Бабагруня”, “Дзедбарыс”. Скланяецца як адно слова: Бабароза, няма Бабарозы, аддаюся Бабарозе, віню Бабарозу, капітулюю перад Бабарозай, памятаю аб Бабарозе.

Мама – адзінае дзіця ў сваіх бацькоў, бацька – таксама. Дзяды ж багатыя на братоў і доўгі век, а яшчэ на разводы і жаніцьбы. І такім парадкам я выявіўся адзіным унукам, (без)надзейна ўзятым у шчыльнае кола дзядоў, бабуль, стрыечных бабуль і прабабак. Іхнія няўтомныя азіяцкія орды рабілі спусташальныя набегі на нашую пратэстанцкую двухпакаёўку ў мікрараёне Зялёны Луг. А яшчэ час ад часу, а дакладней у пятніцу вечарам мяне, свайго адзінага ўнука, у якасці даніны яны забіралі ў палон. У арыентальныя лабірынты султанскіх палацаў сваіх кватэр, брэжнеўкі на Чкалава і хрушчоўкі на Кнорына.