Выбрать главу

Кішынёў – гэта была дванаццатая ці трынаццатая такая сустрэча. Мы, недаеўрапейскія вучні і нашы еўрапейскія выкладчыкі, па-дэмакратычнаму сядзелі абапал канферэнцыйнага стала. Роні заняла месца побач са мною.

Я хіхікаў, падцінаў Роні. Яна потым сказала, што ўжо тады яна паклала на мяне вока. Роні паклікалі на канферэнцыю ў якасці т’ютара. Яна мусіла расказаць, як трэба культурна жыць. Яна, гэтаксама, як і вучні, была перакананая, што нічому нас не навучыш, і таму мае з’едлівыя кепікі і жарты слухала з ухвальнай усмешкай, у перапынках гуляючы ў тэтрыс на ноўтбуку.

Потым мы з ёй, згаварыўшыся, далі драла з заняткаў: я проста ўцёк, а Роні хуценька выклала сваю лекцыю, нешта кшталту “Карысць культурнага менеджменту ва ўмовах татальнага расхэўдусу” і выслізнула з аўдыторыі толькі потым. Было дамоўлена, што я чакацьму яе ля ўвахода ў гатэль “Космас”.

Мы гулялі па вясновым Кішынёве. Пілі неблагое віно проста з рыльца, балбаталі што на рот лезе. Я травіў гісторыі пра пяцёх жонак Дзядзюлі і яго тысячу каханак. Мы спявалі адно аднаму дурным голасам, Роні – нямецкую салдацкую пра пяхотніка, які вярнуўся з швабска-дацкай вайны 1775 года. Я ж настолькі асмялеў (ахмялеў?), што гарлаў хіты з песенніка непаліткарэктнага дзікуна: “Шпацырэн, шпацырэн, дойчэн афіцырэн! Партызанэн – піф-піф-піф, камуністэн – паф-паф-паф”. Гэтай рачоўцы ў дзяцінстве мяне навучыла Бабароза. Роні брала мяне за рукі, і мы кружлялі па вулках жоўтасценнага горада ў галавакрутным вальсе.

У апошні дзень майстар-класаў мы злавілі таксоўку і за нейкую смешную суму паехалі ў манастыр сярод гор. У манастыры елі хлеб з арэхамі і глядзелі на навакольныя вертыкалі. Быў канец лютага – у далінах ляжаў снег, але, на беларускія рэаліі, гэта адчувалася як красавік. Роні гойсала ў адной саколцы.

Па вяртанні ў гатэль, да Роні ў нумар я не пайшоў. Мы развітваліся ў ліфце. Роні горача абняла мяне, моцна прытуліўшыся да шчакі. Прамармытала, што, можа быць, “мы сустрэнемся яшчэ, дзесьці ў Еўропе, на якім-небудзь майстар-класе”. Ужо на самоце ў ліфце я ўсё думаў, як я хачу яе, але маладушна разважыў яшчэ, што страшнейшай цяпер для мяне будзе яе адмова, таму лепей не спрабаваць увогуле. Я зашыўся ў свой нумар, дзе ад перажывання і любоўных ваганняў паваліўся на ложак ды імгненна заснуў.

Пабудзіў мяне тэлефонны званок хвілін праз дзесяць.

– Ўот ар ю дуінг?

– Спрабую спаць…

– Спаць? Ты спіш?! Тады калі я тут уся знемаглася, марачы, як пераспаць з табою!

Я вокамгненна прачнуўся. Роні тэліла са свайго гатэльнага нумара. Калі шчыра, можа, яна крыкнула нешта іншае, я быў прыспаны – адно што ў яе крыку я выразна пачуў тройчы запар слова sleep, “спаць”.

– Я іду, Роні! – загырчаў я.

Шпурнуў слухаўку на каўралінавую падлогу нумара. Стаў увіхацца: сноўдаўся па пакоі, спрабуючы пацэліць нагамі ў калашыны. Заляцеў на хвілю ў туалет, але рады не даў – уваччу скакалі каляровыя вясёлкі, а “маланка” на прарэху захрасла напаўдарозе. “Sleep, sleep, SLEEP!” – тахкала ў скронях. У кінутай на падлогу слухаўцы Роні лямантавала ды выкрыквала нешта кашэчае, зазыўнае.

Калі я ўрэшце завітаў да яе ў нумар, яна стаяла босая. Сцішаная і прысаромленая. Ейны юр яўна мінуўся. Я пасядзеў, паперыўся ў тэлевізар для прыліку, і, канечне, палез да яе. Роні млява, але трывала абаранялася.

– І часта ты так спакушаеш дзяўчат на далёкіх майстар-класах? – напытвала Роні, прыбіраючы маю далонь з грудзей. – …Ведаеш, я замужняя. З дзецьмі.

І яна выкінула два пальцы.

– З двума…

– Прыгожая, ты вельмі прыгожая… – на выдыху шаптаў я, спрабуючы злавіць яе вусны ў свае, і лавіў пах чорных валасоў. Яе жывот ад хвалявання пульсаваў буйнымі штуршкамі.

Дарэчы, потым Роні доўга мне прыгадвала гэтыя словы. “Я творчая, я вясёлая, я – урэшце няпростая. А ты, Персей, прызнаючыся ў каханні, назваў мяне “б’ютыфул, вэры б’ютыфул вумэн”?!

– Госпадзе! – выгукнула Роні, калі мы ўрэшце крывавата, бо ўпершыню, пацалаваліся. – Што мы тут робім? У нейкім Кішынёве, на краі свету… Дзе мы?

Яе вочы былі колеру вішні на каньяку.

Ну, ты яшчэ не бачыла краёў свету, – адказваў я ў перапынках між пацалункамі. – Нейкі там Менск, скрыжаванне Ekskavatarny і Kalektarny street – ось там сапраўдны край.

Роні рассмяялася і адначасова груба адпіхнула мяне на падлогу.

Пазней, уначы, было няўежнае развітанне ў холе гатэля са слязьмі і кінутымі на ўзвей ветру словамі.

А па прыездзе дадому насталі мілосныя будні з шматметровымі лістамі-прызнаннямі па мэйле і штодзённымі пасядзелкамі ў начным чаце.

Праз які месяц на іншых землях матухны-Еўропы ўсё працягнулася. Па збегу акалічнасцяў, нам надарылася ўбачыцца зноў даволі хутка: беларускую дэлегацыю запрашалі на культурфэст у Берлін. Роні і яе мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў мелі там свой стэнд таксама.