Выбрать главу

Выказацца... Я забыўся пра тое, што ўяўляла сабою Нова.

Але ўсё-такi, увайшоўшы ў клетку i абняўшы Нову, я загаварыў з ёю, нiбыта яна магла мяне зразумець, як загаварыў бы, напрыклад, з Зiраю.

Няўжо яна нiчога не разумела? Няўжо ў яе не было нават прадчування тае вялiкае мiсii, якая выпала на нашу долю i за якую яна адгэтуль таксама была адказная?

Я расцягнуўся побач з Новаю на саломе, каб асцярожна намацаць дзiця нашага незвычайнага кахання. Мне здалося, што цяжарнасць абудзiла ў Нове пачуцце ўласнае годнасцi, сваёй iндывiдуальнасцi, якога ў яе раней не было. Калi я дакрануўся рукою да яе жывата, яна задрыжала. Але, я не памылiўся, погляд яе стаў больш напружаны, асэнсаваны. I раптам яна з цяжкасцю, па складах вымавiла маё iмя - значыцца, не забылася на мае ўрокi! Мяне захлiснула гарачая хваля радасцi. Але вочы Новы адразу ж страцiлi сваю жывасць, яна павярнулася да мяне спiнаю i пачала ўплятаць прынесеную мною садавiну.

Вярнулася Зiра: нам трэба было ўжо развiтвацца. Я выйшаў разам з ёю. Вiдаць, адчуўшы мой адчай, Зiра вырашыла правесцi мяне да маёй кватэры. I тут, у сябе дома, я заплакаў, бы хлопчык.

- О Зiра, Зiра! - усхлiпваў я.

Яна супакойвала мяне i суцяшала, нiбыта мацi свайго дзiцёнка, а я жалiўся ёй i гаварыў, гаварыў, нiчога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуццi i думкi, якiх Нова не магла ацанiць.

Раздзел VII

О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнiм часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкi ад iнстытуцкага кiраўнiцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымi гадзiнамi, прагна лавiў у яе позiрку кожную iскрынку думкi, i гэтак, у чаканнi нараджэння дзiцяцi праходзiлi тыднi.

Аднаго разу Карнэлiй усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалiчнае аддзяленне, пра якое расказваў дзiвосы. Загадзя папрасiўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрмiновай працы, ён пазнаёмiў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым генiяльным маладым шымпанзэ па iменi Гелiй.

- Я вярнуся праз гадзiну, - сказаў Карнэлiй, - каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, якi дае нам новыя доказы, пра якiя я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цiкава пазнаёмiцца з класiчнымi вопытамi.

Гелiй павёў мяне за сабою ў вялiкую залу з двума радамi клетак, падобную на ўсе аналагiчныя памяшканнi iнстытута. Але толькi я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкi аптэчны пах - ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявiлася, гэта i праўда быў нейкi анестэзiйны сродак. Мой гiд растлумачыў мне, што цяпер усе хiрургiчныя аперацыi праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэслiваў гэтую дэталь, бо лiчыў яе доказам высокага развiцця малпавай цывiлiзацыi, якая iмкнецца пазбавiць ад любых залiшнiх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!

Але адчуваў я сябе не надта спакойна. I зусiм ужо расхваляваўся, калi на заканчэнне сваiх уводзiн Гелiй прызнаў, што з гэтага гуманнага правiла ўсё ж робяць выключэннi, каб вывучыць менавiта механiзм пакуты i лакалiзаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такiя вопыты ў той дзень ён не збiраўся.

Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллiвасць. Я згадаў, як настойлiва адгаворвала мяне Зiра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзiла толькi ў выпадку неабходнасцi. I хацеў ужо быў павярнуць назад пад якiмсьцi праўдзiвым прэтэкстам, але Гелiй апярэдзiў мяне.

- Калi хочаце, - прапанаваў ён, - можаце прысутнiчаць пры аперацыi. Вы самi пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такiм разе я пакажу вам вынiкi эксперыментаў.

I, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносiўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцiлцы. Перад iм, каля самага носа, стаяла мiска з салодкай кашай, ласункам сарорскiх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.

- Глядзiце, - сказаў Гелiй, - гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткi. I ўсё ж такi нiяк не рэагуе на сваю любiмую ежу. Гэта вынiк выдалення часткi лобнай мазгавой долi. Аперацыя зроблена некалькi месяцаў назад, i з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзiцца прымушаць яго есцi. Бачыце, якi ён змарнелы?

Гелiй зрабiў знак санiтару, якi ўвайшоў у клетку i сунуў юнака носам у мiску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.

- Але гэта звычайны выпадак, - гаварыў далей Гелiй. - Вось цiкавейшыя. У кожнага з падвопытных былi пашкоджаны розныя ўчасткi кары галаўнога мозгу.

Мы праходзiлi мiма клетак, дзе сядзелi мужчыны i жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкi на дзвярах кожнай клеткi з масай тэхнiчных дэталяў паведамлялi, якую аперацыю перанёс чалавек.

- Некаторыя ўчасткi кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, iншыя - умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак...

У гэтага "выпадку" аднялi цэлы ўчастак мозгу з патылiчнай вобласцi. Цяпер ён не ўспрымаў нi формы прадметаў, нi аддегласцi памiж iмi, што i прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калi санiтар наблiзiўся да яго. Ён не мог пераступiць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялiкi яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапiцца за краты i хапаўся пальцамi за пустэчу.

- А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, - падмiгнуў мне шымпанзэ. Нам удалося навучыць яго дзiвосным трукам. Ён ведаў сваё iмя i выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымi загадамi i нават умеў карыстацца прымiтыўнымi iнструментамi. А сёння ён не памятае нiчога. Не ведае свайго iмя. Нiчога не ўмее рабiць. Ён стаў сама тупы з усiх нашых паддоследных. Над iм была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.

Ад усiх гэтых жахаў, якiя каменцiраваў, грымаснiчаючы, шымпанзэ, сцiскалася сэрца. Перада мною былi людзi, паралiзаваныя часткова цi цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелiя, вельмi развiты мацярынскi iнстынкт - цяпер ён цалкам знiк, бо ёй зрабiлi аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзiця кожны раз, калi тое спрабавала падлезцi да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што i яна хутка стане мацi, i кулакi мае сцiснулiся. На шчасце, Гелiй павёў мяне ў iншую залу, i па дарозе я паспеў авалодаць сабою.

- У гэтай зале, - сказаў мне з таямнiчым выглядам шымпанзэ, - мы займаемся эксперыментамi шмат больш складанымi. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму iнструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткi галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынiкаў. А ў вас на Зямлi ставяць такiя вопыты?

- На малпах! - закрычаў я раз'юшана.

Шымпанзэ не пакрыўдзiўся, нават усмiхнуўся.

- Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулi такiх самых поспехаў, як i мы. Я маю на ўвазе эксперымент, якi доктар Карнэлiй хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымi вопытамi.

Ён пацягнуў мяне далей мiма клетак, у якiх аперыравалi людзей. Тут падвопытныя ляжалi на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя цi iншыя ўчасткi мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.

- Бачыце, - заўважыў Гелiй, - тут мы таксама праводзiм абязбольванне. Праўда, анестэзiя даецца неглыбокая, каб не скажаць вынiкаў, але аб'ект не адчувае нiякага болю.

У залежнасцi ад таго, да якога ўчастка кары дакраналiся электроды, падвопытныя рабiлi розныя рухi, i амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згiнаў левую нагу i адразу ж яе разгiнаў, калi ток перапыняўся. Другi гэтаксама ж згiнаў i разгiнаў руку ў локцi. Трэцi пад уздзеяннем току круцiў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохi далей малпы вывучалi функцыi нервовага цэнтра, якi кiруе мускуламi скiвiц. Калi ўключалi ток, падвопытны, зусiм яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць - няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.