Выбрать главу

Мы ўваходзiм у атмасферу. Уступаюць у дзеянне тармазныя ракеты. Нова з усмешкаю пазiрае на мяне. Яна ўжо даўно ўмее i ўсмiхацца i плакаць. Мой сын з зiхоткiмi ад захаплення вачыма працягвае свае маленькiя ручкi да iлюмiнатара. Пад намi Парыж. Я адразу ж пазнаю яго па Эйфелевай вежы.

Пераходжу на ручное кiраванне, каб прызямлiцца як мага больш дакладна. О цуд тэхнiкi! Праз сем стагоддзяў мне ўдаецца сесцi на аэрадроме Арлi - ён не надта змянiўся, - на самым краi поля, досыць далёка ад будынка аэрапорта. Нас павiнны былi заўважыць, застаецца толькi яшчэ крыху пачакаць.

Ад будынкаў аэрапорта аддзялiлася машына, яна iмчыцца да нас. Я поўнасцю выключаю рухавiкi. Мяне ажно трасе ад нецярпення. Якое ж уражанне зробяць на маiх зямных братоў мае сарорскiя прыгоды! Спачатку, напэўна, яны мне i не павераць. Але ў мяне ёсць доказы - Нова, сын!

Машына вырастае на вачах.

Я, вядома, спадзяваўся на больш урачысты прыём - небагата народу з'явiлася нас сустракаць. У машыне, здаецца, усяго толькi два чалавекi. Ну i дурань жа я: адкуль iм ведаць пра маё вяртанне! Дый аэрадром, напэўна, цяпер другарадны: на полi адзiн самалёт i той стары.

Так, iх двое. Пакуль што я бачу iх дрэнна: ад шкла машыны адсвечвае сонца, i шкло бруднае. Кiроўца i пасажыр - ён у форме, мабыць, афiцэр, бо я разгледзеў блiскучыя нашыўкi.

Машына спыняецца метраў за пяцьдзесят ад нас.

Я бяру сына на рукi i выходжу з катэра, за намi нерашуча ступае на зямлю Нова. Яна трохi баiцца, але страх хутка пройдзе.

З машыны выходзiць кiроўца. Ён стаiць спiнаю да нас, я не магу разгледзець яго праз высокую траву, што расце на полi памiж машынаю i катэрам. Вось ён адчыняе дзверцы, каб выйшаў пасажыр. Я не памылiўся, гэта афiцэр, не менш як маёр, я выразна бачу, як блiшчаць нашыўкi. Ён саскочыў на зямлю. Вось ён ступае некалькi крокаў нам насустрач, выходзiць з высокай травы i паўстае перад намi ва ўвесь свой рост.

З дзiкiм крыкам Нова вырывае ў мяне з рук сына i iмгненна хаваецца з iм у катэры, а я стаю, зусiм здранцвелы, i не магу нi паварушыцца, нi вымавiць слова. Дык вось чаму тут адзначаныя мною раней машынальна такiя старыя самалёт i машына, якiм ужо даўно месца ў музеi...

Перада мною гарыла".

Раздзел ХII

Фiлiс i Джын адначасова ўзнялi схiленыя над рукапiсам галовы i доўга ў маўчаннi глядзелi адно на аднаго.

- Прыгожая мiстыфiкацыя! - прагаварыў нарэшце Джын, спрабуючы бесклапотна засмяяцца.

Але Фiлiс заставалася ў задуменнi. Некаторыя фрагменты гiсторыi ўсхвалявалi яе - яна адчула ў iх шчырасць. Пра што i сказала сябру.

- Гэта даказвае, - запярэчыў Джын, - што паэты ёсць усюды, у кожным кутку сусвету. I жартаўнiкi таксама.

Фiлiс зноў задумалася. Довад Джына не пераканаў яе. I ўсё ж, уздыхнуўшы, яна згадзiлася:

- Ты маеш рацыю, Джын. Я думаю гэтаксама ж. Разумныя людзi? Людзi, надзеленыя мудрасцю? Не, гэта немагчыма: тут аўтар перайшоў усялякiя межы. Але шкада iх!

- Цалкам з табою згодны. А цяпер час ужо вяртацца.

Ён распусцiў ветразь, падставiўшы ўсю яго паверхню светлавым патокам трох сонцаў. Пасля пачаў перасоўваць шматлiкiя рычажкi кiравання, спрытна карыстаючыся ўсiмi чатырма рукамi. А Фiлiс энергiчна патрэсла валасатымi вушамi, выняла пудранiцу i, паколькi порт быў ужо блiзкi, лёгкай ружовай пухоўкаю прыпудрыла пысачку, дбаючы пра сваю прыгажосць шымпанзэ.