Выбрать главу

Магчыма, гэта быў наш адзіны шанц на ўратаванне. Я зрабіў Левэну знак рушыць услед за мною і папоўз да апошніх кустоў перад прасекаю. Але калі мы дабраліся да іх, мяне ахапіла раптам недарэчнае абурэнне. Як гэта я, чалавек, буду хітрыць, каб падмануць малпу? Каб не абразіць сваёй годнасці, я павінен зараз жа ўстаць і палкаю адлупцаваць жывёл. Аднак жудасны гармідар, які ўсё нарастаў, прагнаў ідыёцкі настрой.

Паляванне канчалася. Грукат стаяў такі, што можна было звар'яцець. Загоншчыкі былі ўжо ў нас за спінаю. Я паспеў разгледзець праз лістоту аднаго з іх. Гэта была вялізная гарыла, якая галасіла і ўлюлюкала ва ўсё горла, стукаючы палкаю па ствалах дрэў. Мне яна здалася яшчэ больш страшнай, чым гарыла-паляўнічы. Левэн увесь затросся, ажно зашчоўкаў зубамі, а я, затаіўшы дыханне, чакаў зручнага моманту, каб кінуцца да гушчару.

І тут мой няшчасны таварыш, сам таго не ўсведамляючы, уратаваў мяне сваёй неасцярожнасцю. Зусім страціўшы галаву, Левэн ускочыў, безразважна кінуўся бегчы і апынуўся на адкрытай прасторы акурат перад дулам бліжэйшага паляўнічага. Адбегчы далёка яму не ўдалося. Стрэл нібыта пераламаў яго напалам, і Левэн зваліўся побач з трупамі астатніх уцекачоў. Мне не было калі аплакваць яго. Сціснуўшыся ў камяк, я вычакаў, калі гарыла аддасць стрэльбу слузе на перазарадку, і, выскачыўшы з кустоў, кінуўся бегчы цераз прасеку. Я бачыў, быццам у сне, як гарыла таропка схапіла зараджаную стрэльбу, але перш чым яна паспела прыцэліцца, я паспеў нырнуць у зараснік. Я пачуў яе крык, мусібыць, яна лаялася, але мне было не да абдумвання гэтай новай недарэчнасці.

Перамога была за мною. Душа мая ганарліва трыумфавала — ува мне зноў загаварыла прыніжанае самалюбства. Я бег з усіх ног далей ад крывавай бойні, і неўзабаве крыкі загоншчыкаў за маёй спінаю змоўклі. Я выратаваўся.

Выратаваўся? На жаль, я недаацаніў злой хітрасці малпаў Сароры. Не прабег я і сто метраў, як спатыкнуўся і адразу ж наляцеў на нейкую перашкоду на маім шляху, схаваную ў зарасніку. Гэта была расцягнутая над зямлёю сетка з буйнымі ячэйкамі і кашалямі, у адным з якіх я і заблытаўся. І не адзін я трапіў у гэтую пастку. Сетка перакрывала досыць шырокую паласу лесу, і ў ёй боўталіся няўдалыя ўцекачы, якія здолелі ўратавацца ад расстрэлу на прасецы. Адчайныя рыўкі сеткі і злосны віск вакол мяне найлепшым чынам давялі мне ў лічаныя імгненні марнасць іх намаганняў выбрацца на волю.

Калі я адчуў сябе ў пастцы, мною авалодала сляпая, звярыная лютасць, мацнейшая за страх, і я страціў усякую здольнасць разважаць. Наадварот, нібыта звар'яцелы, рабіў якраз тое, што разумнаму чалавеку ніяк было нельга рабіць: кідаўся ў сетцы з боку ў бок, спрабуючы вырвацца, пакуль не заблытаўся канчаткова, так, што ўжо і паварухнуцца не мог. Мне засталося толькі моўчкі чакаць, спадзеючыся на літасць малпаў, якія, я чуў, падыходзілі ўжо да нас.

Раздзел X

Калі я ўбачыў, што да нас набліжаюцца малпы, мяне ахапіў смяротны жах. Пасля таго, чаму давялося стаць сведкам, здалося, што гэтыя жорсткія стварэнні зараз жа пачнуць знішчаць палонных.

Наперадзе ішлі паляўнічыя, усе гарылы. Я заўважыў, што яны без зброі, і ў душы ў мяне зацеплілася надзея. За стралкамі да нас кіраваліся слугі і загоншчыкі, сярод якіх, апроч гарыл, было прыблізна столькі ж шымпанзэ. Стралкі трымаліся вяльможна, быццам сапраўдныя арыстакраты. Яны былі ў цудоўным гуморы і, відаць, не мелі да нас ніякіх благіх намераў.

Нялёгка мне было прывыкнуць да ўсіх парадоксаў гэтай планеты, каб напісаць падобную фразу, не задумваючыся над яе недарэчнасцю! Толькі ж менавіта так усё і было! Гарылы выглядалі сапраўднымі арыстакратамі. Яны весела перагаворваліся на незразумелай, але досыць выразнай мове, а міміка іх перадавала ўсе адценні чалавечых пачуццяў, сляды якіх я так марна спрабаваў адшукаць на твары ў Новы.

Што да сарорскай прыгажуні, дык я нават не ведаў, што з ёю. Пры адным толькі ўспаміне пра крывавую прасеку мяне праймалі дрыжыкі. Цяпер я ўжо разумеў, чаму так усхвалявалася Нова, убачыўшы нашага шымпанзэ. Тут, мусіць, людзі і малпы люта ненавідзелі адны адных. Я канчаткова ў гэтым пераканаўся, калі ўбачыў, як паводзяць сябе палонныя пры малпах, што набліжаліся да іх. Яны сутаргава тузаліся, падскоквалі на карачках, раз'юшана скрыгаталі зубамі і з пенаю на вуснах грызлі вяроўкі сеткі.