Выбрать главу

Калі мой сын вырасце! Мяне пачынае калаціць пры адной толькі думцы пра тое, у якіх умовах ён цяпер знаходзіцца і якія выпрабаванні чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраіх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавіта ўтраіх, я не памыліўся, бо Нова цяпер ужо зусім не тая, якая была раней. Каб упэўніцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваім дзіцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылізвае, як усе чалавечыя маткі на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.

Я паклаў дзіця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але… пра што гэта я, яму ўсяго толькі тры дні, але ён загаворыць. Ён ужо плача ціхенька, менавіта плача, як зямное дзіця, а не скуголіць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее і не спускае з сына захопленых вачэй.

Зіра таксама бачыць, што гэты маленькі чалавечак незвычайны. Яна наблізілася да нас, яе валасатыя вушы насцярожана ўзняліся, — і моўчкі разглядвае дзіця. Выгляд у яе заклапочаны. Потым дае мне зразумець, што я мушу як мага хутчэй пайсці адсюль. Калі б мяне заспеў тут хто іншы, гэта магло б дрэнна скончыцца для нас усіх. Зіра абяцае паклапаціцца пра майго сына, і я ведаю, што яна стрымае слова. Але я не магу не ведаць і таго, што яе самую ўжо падазраюць у хаўрусніцтве са мною, і дрыжу ад адной думкі, што яе могуць у любы момант звольніць. Не, я не маю права прымушаць яе гэтак рызыкаваць!

Развітаўшыся з Новаю і сынам, я іду да выхаду. Каля дзвярэй азіраюся яшчэ раз і бачу, што шымпанзэ таксама наблізілася да маленькага чалавечка, ціхенька дакранулася вуснамі да яго лобіка і толькі пасля гэтага зачыніла клетку. І Нова нават не пратэстуе! Яна прымае гэтую праяву пяшчоты да яе дзіцяці як натуральную. Памятаючы, з якой нянавісцю сустракала яна Зіру раней, я бачу ў гэтым новы цуд.

Мы выходзім з пакоя. У мяне дрыжаць рукі і ногі, і я заўважаю, што Зіра ўсхваляваная не менш за мяне.

— Уліс! — усклікае яна, выціраючы слёзы. — Часам мне здаецца, што гэта і маё дзіця!

Раздзел X

Зрэдку я літаральна прымушаю сябе наведваць прафесара Антэля, але з кожным разам гэтыя візіты робяцца ўсё больш пакутлівыя. Прафесар па-ранейшаму ў інстытуце, але яго прыйшлося забраць з камфартабельнага пакоя, у якім яго размясцілі па маёй просьбе. Там Антэль хутка марнеў, да таго ж, у яго пачаліся прыступы дзікай лютасці, у час якіх ён рабіўся небяспечны, кідаўся кусаць санітараў. Тады Карнэлій вырашыў ужыць да яго іншы рэжым: загадаў пасяліць прафесара ў звычайнай клетцы з саламянаю падсцілкаю і даць яму сяброўку, тую самую жанчыну, з якой прафесар спаў у заалагічным садзе. Антэль сустрэў старую знаёмую з шумнай радасцю шчаслівага звера і адразу ж рэзка змяніў паводзіны — зноў адчуў смак жыцця.

У такой вось кампаніі сустракаюся я з ім цяпер. Выгляд у яго шчаслівы. Ён папаўнеў і памаладзеў. Я з сіл выбіваюся, каб наладзіць з ім кантакт, але марна. Вось і сёння спрабую зноў. Але прафесара цікавяць толькі піражкі, якія я яму прыношу. Спустошыўшы пакет, ён адварочваецца ад мяне, выпростваецца побач са сваёй сяброўкаю, і тая пачынае аблізваць яму твар.

— Вось бачыце, розум можа не толькі развіцца, але і згаснуць, — шэпча нехта за маёй спінаю.

Гэта Карнэлій. Выяўляецца, ён мяне шукаў, але зусім не дзеля таго, каб пагаманіць пра прафесара. У яго да мяне вельмі сур'ёзная справа. Я іду за ім у яго кабінет, дзе нас чакае Зіра. У яе чырвоныя вочы, усё роўна як яна доўга плакала. Мабыць, Карнэлій і Зіра ведаюць важную для мяне навіну, але ні ён, ні яна не рашаюцца паведаміць яе мне.

— Што-небудзь з сынам? — не вытрымліваю я.

— Ён добра сябе адчувае, — таропка адказвае Зіра.

— Вельмі добра, — дадае буркліва Карнэлій.

Я і сам ведаю, што сын у мяне цудоўны, але вось ужо месяц, як я яго не бачыў. Догляд за ім стаў яшчэ стражэйшы. Зіра апынулася пад падазрэннем інстытуцкага кіраўніцтва, і цяпер сочаць за кожным яе крокам.

— Вельмі-вельмі добра! — паўтарае Карнэлій. — Ён усміхаецца. Плача, як дзіцёнак малпы… І пачынае гаварыць.

— У тры месяцы?!

— О, гэта ўсяго толькі дзіцячы лепет, але ўсё выдае на тое, што хлопчык будзе гаварыць. Да таго ж ён увогуле развіваецца надзвычай хутка.

Я надзімаюся ад гонару. Але Зіру абурае мой шчаслівы выгляд бацькі такога выдатнага дзіцяці.

— Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нізашто не выпусцяць на волю!

— Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, — кажа Карнэлій, — што праз два тыдні адбудзецца пасяджэнне Вялікага Савета, прысвечанае вашаму дзіцяці, і будзе прынята важнае рашэнне.