Выбрать главу

― Ты гэта каго ў прытчу ўплёў? Ці не Леніна якога? — падзівіўся Ластоўскі.

― Чаму?.. Не яго аднаго.

― То не адкладвай, сядай — і запісвай. Рэч вартая!

Паседжанне пазачарговай Рады БНР пачалося ўвечары 24 сакавіка. Адкрыў яго старшыня Іван Серада (той самы, які не асмеліўся падацца з Рак-Міхайлоўскім і Цвікевічам на перамовы ў Бярэсце).

― Шаноўнае спадарства! — Серада напачатку нават хваляваўся. — Нашае паседжанне наведалі прадстаўнікі Віленскай беларускай рады…

Гасцей віталі апладысментамі. Серада й не ведаў, што адзін з віленскіх пасланцоў — Дамінік Сямашка — на гэтае паседжанне не прыйшоў: дазнаўся, што немцы коса глядзяць на Раду — і ўбаяўся за сваё «высокае» становішча начальніка віленскай пажарнай дружыны…

― А цяпер, — працягваў Серада, — першым з прамовай выступіць Язэп Варонка.

Варонка спешка ўзышоў да трыбуны і бадзёра агледзеў запоўненую залу:

― Сябры… Не вам мне казаць, якую ролю ў гісторыі краіны адыграла наша крывіцкая калыбка Вільня. Таму сёння шаноўныя віленчукі ні на хвілю не павінны пачувацца гасцямі… ― ён зрабіў паўзу і пачаў больш гучна: — Беларусы! Сёння ў нас Пасха! Сёння зноў яднаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёння ўваскрос беларус, уваскрашаецца нашая бацькаўшчына!

Езавітаў агледзеў правы край залы, дзе сядзелі прадстаўнікі земства, настроенага (як ведаў) супраць беларускай самастойнасці. «Малайчына, Язэп, — падумаў. — Трэба напачатку прыціснуць іх эмацыйна. Бач, нат не варухнуцца…»

Пасля Варонкі грунтоўны даклад пра дзейнасць беларускіх арганізацый Віленшчыны і Горадзеншчыны зрабіў Антон Луцкевіч, доўга і падрабязна адказваў на пытанні.

― Ёсць прапанова… — Варонка пачакаў, пакуль Луцкевіч сядзе на сваё месца, — …ушанаваць хвілінай маўчання памяць памерлай у Вільні адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады паэтэсы Алаізы Пашкевіч-Цёткі.

Калі радаўцы селі, ад фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады на абмеркаванне была вынесена прапанова абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Правая частка залы неўразумела загудзела…

― Цішэй, спадары, цішэй! — апамятаваўся Серада. — З дакладам мае выступіць старшыня фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады Аркадзь Смоліч.

Смоліч засяродзіўся найперш на акрэсленні становішча Беларусі і тых прычынаў, што патрабавалі неадкладнага абвяшчэння незалежнасці краіны.

Барацьба на сесіі абвастрылася. Пасля перапынку спрэчкі па дакладзе доўжыліся ажно дзесяць гадзінаў. Выступіла дваццаць шэсць аратараў…

― Рада республики не может прокламировать незавнсимость Белоруссии, — выкрыкваў прадстаўнік земстваў і гарадоў Злобін, — потому что нарушит этим волю первого всебелорусского съезда, в одном нз пунктов резолюции которого говорилось ясно о неотторжимости Белоруссии от Российской Федеративной Демократической Республики!

― Гэта той Злобін, закінуты да нас прыфрантавым адзьдзелам Усерасійскага земскага саюза, які месяц таму, напрошваючыся ў выканаўчы камітэт, рассцілаўся з нейкім бясконцым дакладам пра палітыку Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску, напіраючы праз меру на тое, што ён, эсэр Злобін, заўзяты паланафіл, — шаптаў тым часам на вуха Ластоўскаму Езавітаў.

― Па-першае… — Варонка рашуча ахапіў краі-канты трыбуны (у перапынку да трыбуны прымацавалі чырвона-белую «Пагоню»). — Аніякае ж Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі зараз не існуе! Па-другое: у Бярэсці Расія, хоць і бальшавіцкая, спакойна аддала наш край немцам і гэтым першая «отторгла» Беларусь. І, нарэшце, можа вы, спадар Злобін, заклікаючы так няўхільна шанаваць ранейшыя законы, адкажаце нам, на падставе якога пункта расійскае канстытуцыі ў Расіі скінулі цара?!.

У зале нібыта ляснуў пярун. Стала зразумела, што шаля «дэбатных» вагаў схілілася на бок незалежнікаў.

У эмацыйнай прамове за незалежнасць Беларусі выказаўся і сябра Аб'яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі Мац, аднак, выслухаўшы пярэчанні сваіх таварышаў (Гутмана і Мар'ясіна), мусіў агаварыцца, што — як чалавек партыйна-дысцыплінаваны — будзе галасаваць супраць…

Перад самым галасаваннем два разы Злобін дамагаўся пяціхвілінных пярэрваў «для кансультацый», намагаючыся, пэўна, схіліць на свой бок некалькіх грамадоўцаў.

Нарэшце — адказная хвіліна. Галасаванне… і большасць выказваецца за незалежнасць Беларусі і прыняцце прапанаванай Беларускай сацыялістычнай грамадой рэзалюцыі (рэзалюцыя прадстаўнікоў земства прапаноўвала толькі скасаваць Берасцейскую дамову): «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай, пра што выдае адпаведную Устаўную грамату».