Выбрать главу

І тут бухнуў стрэл, другі… Асунуўся пад воз канваір, а другі сполашна ўскінуў вінтоўку, ды ў тую хвілю на яго наскочыў Сяменік і што сілы тыцнуў плечуком. Канваір перакаўзнуўся цераз драўляны борт і гохнуўся на зямлю. Паспрабаваў ускочыць — і трэці стрэл…

З лесу выйшлі двое — колішнія «зялёнаатрадаўцы».

― Злазь, Лукаш… Далей машына не паедзе, — празвінеў адзін з іх. Моцна абняліся. Дзед Улас, спіхнуўшы аблавушку набок, бяззуба ўсміхаўся Лукашу:

― А не распаўнеў ты на казённым харчы…

― Ды ўжо зараз ад'ядацца буду. — У адказ усміхнуўся і Сяменік. — А я то думаю, як гэта дзед такі воз адзін навярнуў!

І раптам дзед спахмурнеў, тыцнуў пальцам у кабіну… Аберуч абшчаперыўшы руль, спалохана лыпаў вачыма шафёр.

― Анутка вылазь са сваёй бярлогі, ― на яго наставілі вінтоўкі.

Шафёр павольна адкрыў дзверцу, выпхнуўся з кабіны і прысеў на шырокую падножку.

― Ты глядзі, а мог бы каго-небудзь з нас і падсмаліць! — Сяменік — ужо развязенены — выцягнуў з кабіны вінтоўку. — А-а?

― То я ж не стралец, а вазец… — Шафёр уздыхнуў і палез па папяросу.

Хутка абярнулі воз. Дзед Улас штурхануў Сяменіка і зноў кіўнуў на шафёра (той так і сядзеў на падножцы — курыў):

― А што з ім?

Сяменік пачухаў патыліцу, стукнуў даланёй па лёстках воза:

― Разварочвай, чалавеча, сваю жалезную каняжыну дый едзь назад з мірам.

А той лена павярнуў да яго галаву, зіркнуў з-пад густых броваў:

― А ты думаеш, што мяне там сустрэнуць з хлебам-соллю?

Сяменік змуліў вусны, задумаўся.

― У Менску ў цябе хто-небудзь ёсць?

― Ёсць… Кот, дый той надоечы да сяброўкі згарцаваў.

― А сам што рабіць думаеш?

― Я б… — шафёр зняў кепку, стукнуў ёю па калене. — Мне застаецца адно: змяніць жалезнага каня на жывога…

― Гэта што… — Сяменік здзівіўся. — З намі падацца хочаш?

― Хачу.

Сяменік агледзеў таварышаў.

― Хлопцы, а вы ці не зноў у зялёныя падацца сабраліся?

Тыя паціснулі плячыма:

― Дык сам жа бачыш: цёпла стала, зелянее ўсё наўкол…

― Што ж, калі так, то паехалі, ― ажывіўся Сяменік, падышоў да шафёра: — А цябе, чалавеча, як твой кот называе?

― Ды цёзкі мы…

― З катом? — зарагатаў Сяменік.

― З табой, — усміхнуўся нарэшце і шафёр.

Пакуль мужыкі капалі магілку, каб пахаваць канваіраў, Лукаш-другі схаваў у лесе сваю жалезную канячыну — і вярнуўся з каністрай.

― Бензіна зліў. Пашкадаваў кідаць — хоць на газніцы спатрэбіцца…

Партызанскі атрад Сяменіка адрадзіўся наноў. Да ранейшых ацалелых паўстанцаў падаліся ў лес тыя, хто не хацеў ісці ў Чырвоную армію — па ўсіх валасцях была аб'яўлена мабілізацыя. Праз паўмесяца «сяменікаўцы» пачалі нападаць на чырвонаармейскія часткі, здабывалі зброю — і агітавалі новых стральцоў у сваё «зялёнае» войска.

У ліпені партызаны захапілі Халопеніцкую, Красналуцкую і Зачысценскую воласці, забралі ўсю бальшавіцкую маёмасць — між іншага шмат тэлеграфных апаратаў.

― Хай будуць, мо на што выменяем, — маракавалі мужыкі.

І тады бальшавікі напалохаліся ўсур'ёз. Каб «партызанства» не перакінулася на суседнія раёны, у Барысаў накіравалі некалькі чырвонаармейскіх рот, і «зялёнае» войска мусіла адысці ўглыб лясоў…

У траўні 1919 года галоўнакамандуючым Літоўскай арміяй прызначылі генерала Жукоўскага, пры спрыянні якога яшчэ зімой у Коўне фармаваліся беларускія вайсковыя часткі. 31 траўня ў Коўну пад бел-чырвона-белым сцягам увайшоў Першы беларускі швадрон пад ачолам афіцэра Глінскага — змог такі, пакінуўшы частку сваёй маёмасці ў Горадні, прабіцца з польскага лагеру да беларускага прадстаўніцтва.

Беларускія часткі разам з літоўскімі рыхтаваліся заняць пазіцыі на бальшавіцка-польскім фронце…

Беларускае жыццё

У палове траўня 1919 года ў Варшаве стварылася Польска-беларускае таварыства, старшынёй якога абралі Міраслава Абэцэрскага. Сябрамі таварыства сталі Павел Аляксюк, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і Эдвард Вайніловіч. Штоаўторак вечарамі яны «ладзілі» гутаркі і дыскусіі, запрашаючы на іх усіх ахвотнікаў — нават давалі абвесткі пра час і месца сустрэчаў у беларускія і польскія газэты.

А 25 траўня па прапанове Алексюка адбыўся сход беларусаў — жыхароў Вільні. Аляксюк на той час лічыўся старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Горадзеншчыны і, як выказваўся сам, прыехаў з Варшавы з мэтай параіцца з Віленскай радай наконт беларускай палітыцы.