Выбрать главу

На сходзе (і на ім ён быў старшынёй) Аляксюк трымаўся ўпэўнена, самавіта. За нейкіх паўгода (пасля сустрэчаў у Менску) ён, падавалася Езавітаву, нашмат змяніўся: хоць і тыя ж чорныя вусы і бровы, доўгі з гарбінкай нос, доўгія вушы, але вочы — у нейкай смузе-павалоцы заклапочанасці, па галаве пачыналі распаўзацца залысіны…

За день працы сход абраў Беларускі нацыянальны камітэт і прыняў тры рэзалюцыі: аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, аб фармаванні беларускага войска і аб безадкладным вызваленні арыштаваных палякамі «німаведама за што» беларусаў.

А праз два тыдні — 9 чэрвеня — сабраўся новы з'езд — беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны. Час быў напружаным: Антанта пагаджалася прызнаць «калчакоўскую» Расію, калі толькі Калчак пагодзіцца на аўтаномнасць Літвы, Украіны і Беларусі. Усяго толькі аўтаномнасць! Многія ў той дзень — і Варонка (як літоўскі міністр беларускіх спраў), і Езавітаў, і Аляхновіч, і Кахановіч (маршалак Віленскай беларускай рады і дырэктар Першай віленскай беларускай гімназіі) — выказваліся супраць магчымага далучэння тых краін да Расіі. Але першым да трыбуны выйшаў (сядзеў у прэзідыуме) Аляксюк — і зноў настойліва загаварыў напачатку пра неабходнасць утварэння беларускага войска…

Старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, просты і шчыры чалавек, «поўны» незалежнік. На з'ездзе быў без гальштука, добрыя вочы хаваліся пад доўгімі вейкамі, а вусам, здавалася, не хапала месца паміж бульбаватым носам і вуснамі — тонкімі і доўгімі, ― праз што твар уяўляўся багатым на ўсмешку…

Вечарам Езавітаў не мог супакоіцца. Зноў — перакладанні з пустога ў парожняе, а што да справы… Ён вінаваціў і самога сябе: чаго ў выступленні не сказаў пра гэта… Як пры «польскай апецы» можна стварыць беларускае нацыянальнае войска, калі тыя ж палякі паўтары месяцы таму інтэрнавалі-раззброілі першы беларускі полк? На што спадзяецца Аляксюк? Што за дзіцячыя гульні?

Надгастрыў аловак, выклаў з папкі зеленаваты аркуш паперы, зверху — замест назвы — паставіў пытальнік, а пад ім пачаў густа пісаць:

«…Калчакаўская Расея для нас ня меншы вораг, чымсі была царская, Керанская ці бальшавіцкая… Прылучаныя да Расеі мы ня будзем магчы ня толькі думаць аб самабытнасьці, але ня будзем магчы рабіць ніякай культурнай работы і мора Маскоўшчыны залье, і, прынамсі, аб усходняй праваслаўнай Беларусі, можна сказаць, што яна праз колькі гадоў ушчэнт абмаскаліцца.

Але сход вынес яшчэ адну важную пастанову: ён сказаў аб канечнай патрэбе ўтварэньня беларускага нацыянальнага войска. Толькі гэта трохі неяк дзіўна было сказана. Не было сказана, як гэтае войска будзе зроблена? На кім, на якой рэальнай сіле трэба абапірацца каб атрымаць дзеля гэтага падмогу? Ня было сказана, хто вораг нам, хто не.

Гісторыя не паўтараецца <…> Нельга ўпускаць моманту, нельга праспаць вялікую хвіліну, паўтараючы быццам праз сон «непадзельнасьць», «незалежнасьць», а нічога не рабіць, каб стварыць тую рэальную сілу, якая дасьць магчымасьць правесьці ў жыцьцё гэты сьвяты ідэал».

Гісторыя не паўтараецца?..

Раніцай Езавітаў быў на кватэры Аляхновіча, які рэдагаваў у Вільні газэту «Беларускае Жыцьцё». Уважліва прачытаўшы чыставік сябравага рукапіса, Аляхновіч цмокнуў:

― Стаўлю на першую старонку. У першы ж нумар. Варта! — і, збіраючыся рыхтаваць гарбату, сунуў Езавітаву «Известия»: — А ты пакуль вось гэта чытні… як тут наш абмаскалены армянін і былы прапаршчык Мяснікоў спавядаецца…

― А дзе ён зараз?

― Меўся асталявацца ў Вільні пры бальшавіках, ды пасварыўся — пэўна, штось не падзяліўшы з Іофэ і Міцкевічам-Капшукасам, за што яго адкамандзіравалі на калчакаўскі фронт…

Зацемка Мяснікова ў маскоўскіх «Известиях» здзівіла Езавітава найперш «нахрапістасцю» — яе аўтар пераконваў: палякі захапілі Вільню толькі таму, што ён не паспеў арганізаваць у горадзе ЧК-«чразвычайкі»…

― Ты знарок мне раніцай гэту брыду падсунуў? — не стрываў Езавітаў. А Аляхновіч, ставячы на стол два кубкі чабаровай гарбаты, таксама, усміхаючыся, паспрабаваў абурыцца:

― То ж не мне аднаму гэтым вочы таміць!

1761-дзённая Сусветная вайна адыходзіла ў нябыт. У віленскіх Базыльянскіх мурах на Вострабрамскай (дом № 9), з якіх яшчэ перад прыходам немцаў эвакуявалася літоўская духоўная семінарыя, працавала беларуская гімназія (дзейнічалі два падрыхтоўчыя і сем вышэйшых клясаў). У тым жа гімназічным будынку месціліся і Беларуская рада, і Беларускае выдавецкае таварыства.