Выбрать главу

Езавітаў здзівіўся, наструніўся:

― Хай Пранук сам раскажа, можа ўсё ж ён больш пра сябе знае… — і незаўважна для хлопца падміргнуў Смолічу.

― Яшчэ вясной бацька ўзяў ад пані Важынскай у маёнтку Укропішкі адзінаццаць мархоў зямлі, ― Прануку, па ўсім, і самому карцела выказацца. — Прыкупілі сямян і засеялі мы з ім той надзел. А летам пані Важынская памерла, маёнтак перайшоў да ейнай дачкі Радзевічовай. У канцы чэрвеня з'явіўся ва Укропішкі пан Францішак Перапечка і, выдаючы сябе ўласнікам маёнтка, зажадаў змены варункаў арэнды… Каб заместа грошай яму аддалі траціну ўраджаю! Бацька падаў у суд у Ашмяны…

― Дык Укропішкі — на Ашмяншчыне? — перапыніў Езавітаў.

― Так… Значыць, затым пачалі мы, не зважаючы на грозьбы Перапечкі, убіраць поле. А тут ён, Перапечка, заявіўся, з жандармам Будкевічам, які арыштаваў бацьку і павёз у Ашмяны. Пасадзілі яго ў турму пры паліцыі, а назаўтра пан рэвіровы на допыце заявіў, што арыштавалі бацьку па выраку камісара павета — за тое, што не пагадзіўся на ўмовы Перапечкі.

«А калі і цяпер не скорышся, — прыкрыкнуў, ― то — або штраф у дзесяць тысёнц марак, або тры месяцы турмы!»

Пад прымусам бацька падпісаў умову Перапечкі, а ўжо дома склаў ліст да камісара Віленскага вокруга пана Недзялкоўскага…

― Аркадзь, а ці не той гэта інжынер Перапечка, каторы з ксяндзом Гурскім ездзіў «дэлегацыяй» ад усяго павета да Пілсудскага — прасіць далучэння да Польшчы? — падзівіўся Езавітаў.

― Той! Ды ў Бэльвэдэры тады мала верылі ў тое, што іхні голас быў голасам усяго Ашмянскага павета… Але ж ты, Пранук, не дагаварыў галоўнага!

― А што дагаворваць… — хлопец спахмурнеў. — Сустрэў затым я тога Перапечку… А ён крывіцца: «Ну што, падцерлі вам нос?» Тут я й не стрываў…

― Ну…

― Ну і смэльнуў гаду ў нос…

― Вось, — бухнуў Смоліч, — а затым збег. Мы яго на курсы, каб прыхаваць, а ён: «У войска хачу!»

Езавітаў уздыхнуў, задумаўся.

― А бацьку кінуў жандарам?

― Не, — з-пад ілба зірнуў Пранук. — Ён да сваякоў у суседні павет падаўся, і рэчаў крыху перавёз.

― А маці?

― Маці два гады як памерла…

― Што ж, сябрук Пранук, давядзецца табе ўсё ж колькі часу дзядзьку Аркадзя на лекцыях паслухаць… Так спакайней. А затым, калі хочаш, пераправім цябе ў Рыгу ці Коўну. Пажыць гэты час можаш і ў мяне, месца хопіць…

Падмацаваныя рэзервовымі аддзеламі, палякі зноў прарвалі фронт і з 4 на 5 жніўня занялі Слуцак. Адбіўшы некалькі контратак, захапілі Клецк, Нясвіж і Мір. Атакі распачаліся ў накірунку Койданава і Менска, які высланая на Смалявічы кавалерыя адрэзала ад Барысава. Пасля шостай гадзіны раніцы 8 жніўня ў пятніцу злучэнні Чырвонай арміі пачалі адступленне, а ў дзесяць вечара польскія жаўнеры ўвайшлі ў Менск…

…А справы на беларускім нацыянальным фронце не абнадзейвалі: Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Горадзеншчыны ахапіў крызіс. Яе сябры пачалі прапаведаваць адрозныя ідэі наконт будучыні беларускай дзяржавы. 16 ліпеня старшыня рады Дуж-Душэўскі склаў свае паўнамоцтвы. За старшыню прэзідыум рады абраў кандыдата філалогіі Браніслава Тарашкевіча (праз некаторы час выбары мусіў пацвердзіць агульны сход рады).

Браніслаў Тарашкевіч з дэлегацыяй выехаў у Варшаву — на перамовы з польскім урадам. Галоўным клопатам дэлегацыі мелася стаць пытанне аб стварэнні беларускага войска.

Тарашкевіч перадаў Пілсудскаму заяву:

«<…>Асновай нашай працы ёсьць утварэньне незалежнай і непадзельнай Беларускай Дзяржавы. <…> Беларускі народ… мае права існаваць самастойна, і <…> не зрэалізаваць ідэю незалежнасьці беларускага народу было б гістарычнай абмылкай, якую людзі ў будучыні быць можа былі б прымушаны адкупіць ракой крыві. <…> Мы верым, што <…> нашы братнія народы пададуць рукі, каб разам памагаць сабе і згодна жыць у будучыні».

Падпісалі заяву Тарашкевіч і — як сябры дэлегацыі — Аляксюк, Кахановіч і Кушнеў.

Адбылася сустрэча віленскай дэлегацыі з Беларускім камітэтам у Варшаве, прэзідыум якога складалі архітэктар Лявон Дубейкоўскі, паэт Гальяш Леўчык, Язэп Арбуз і іншыя. Камітэт працаваў на Навагродзкай вуліцы ў доме № 58 (кватэра 11). Тарашкевіча найбольш уразіла тое, што ў Беларускім камітэце ў Варшаве можна было набыць усе беларускія кніжкі і чытаць усе беларускія газэты…