Выбрать главу

― Я меўся зрабіць справаздачу аб сваёй палітычнай дзейнасці за мяжой… — Антон Луцкевіч, было заўважна, хваляваўся. — І зрабіць гэта магу толькі на закрытым паседжанні Рады, без пастаронніх на галёрцы…

У адказ пачулася некалькі пярэчанняў.

― Тады я, — Луцкевіч азірнуўся на прэзідыум, — пакіну паседжанне…

Прэзідыум, акрамя Пётры Крэчэўскага, і частка Рады перайшлі пасля гэтага на кватэру Аляксандра Уласава. Большасць прысутных на паседжанні засталася ў зале Беларускага-Юбілейнага дома і, працягнуўшы працу сесіі, абвясціла сябе Народнай радай БНР. У прэзідыум абралі Крэчэўскага — старшынёй, Захарку, Мамоньку і іншых. Прэм'ер-міністрам прызначылі Ластоўскага.

14 снежня Народная рада БНР пацвердзіла вернасць Трэцяй устаўной грамаце аб абвяшчэнні поўнай незалежнасці Беларусі і, выказаўшы пратэст супраць польскага гаспадарання, прыняла праграму ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць акупантаў.

На кватэры ж Уласава тады, 12 кастрычніка, заслухалі даклад Антона Луцкевіча і вырашылі часткова перадаць паўнамоцтвы Рады абранай там жа Найвышэйшай радзе — прэм'ерміністру Луцкевічу, Іваноўскаму, Лёсіку, Серадзе, Рак-Міхайлоўскаму, Уласаву і Цярэшчанку.

Дачуўшыся пра «мяцежны» сход Народнай рады, палякі «за ўзурпаванне не належачых паўнамоцтваў» распусцілі Народную раду БНР, а некаторых сябраў яе прэзідыума разам з Ластоўскім кінулі ў турму.

Луцкевіч з Цвікевічам зноў выехалі ў Варшаву — і атрымалі аўдыенцыю ў Пілсудскага. Наконт «менскіх» падзеяў пэўнай пазіцыі той не выказаў, нават абнечаканіў:

— Мае адносіны да Беларусі будуць абумоўлены тым, што стане з Літвой і Украінай. — Затым памаўчаў, падправіў вус, бліснуў карычневымі зрэнкамі. — А наогул, я вас не разумею… Хочаце атрымаць уладу ― ну і бярыце! Не хочаце — не перашкаджайце іншым…

Асобны атрад БНР

У лістападзе 1919 года па даручэнні кіраўніцтва БНР Кастусь Езавітаў сустрэўся са Станіславам Булак-Балаховічам і запрасіў яго на службу ў беларускую армію.

Ён быў знаёмы з генералам яшчэ з Першай сусветнай, калі Булак-Балаховіч са сваім узводам дзейнічаў у ваколіцах Дзвінска, дзе стаяў і вайсковы аддзел Езавітава. Неаднаразова даходзілі чуткі пра геройства Балаховічавага «атрада смерці» (байцы насілі з сабой ампулы з ядам): ягоны кавалерыйскі ўзвод прарваўся быў у нямецкі тыл, захапіў палкавы абоз, дзесятак палонных і палкавую касу; сярод белага дня дваццаць добраахвотнікаў на чале з Булак-Балаховічам заатакавалі і захапілі апорны пункт нямецкага войска — падчас агульнага пастраення, калі зачытваўся загад. Булак-Балаховіч пасля таго стаў падпаручнікам і атрымаў узнагароды за адвагу. На агульнай «пачостцы» і сустрэліся тады Езавітаў і Булак-Балаховіч. Затым, пасля рэвалюцый, з дазвола старшыні Рэўваенсавета Троцкага Булак-Балаховіч сфармаваў полк, які вялікай карысці Чырвонай арміі не прынёс. Дачуўшыся, што бальшавікі падчас паездкі ў Петраград хочуць яго арыштаваць, Булак-Балаховіч аддаў свой мундзір ардынарцу татарыну Кубу Гасенчу і выправіў яго замест сябе…

У лістападзе 1918 года балахоўцы ўліліся ў Белую армію. У лютым 1919-га паўтаратысячны полк Булак-Балаховіча захапіў Гдоў, з падвалаў ЧК вызваліў каля пяцісот вязняў, а затым абараняў ад бальшавікоў Пскоў. Да балахоўцаў перайшоў стралковы полк чырвонаармейцаў, за што камандуючы Паўночна-заходняй арміі Юдзеніч прысвоіў Булак-Балаховічу званне генерал-маёра і прызначыў яго камандзірам свайго 2-га корпуса, — аб чым пазней і пашкадаваў.

Булак-Балаховіч займеў у Пскове поўную ўладу і выступіў супраць манархісцкай групоўкі Радзянкі. Юдзеніч падтрымаў Радзянку — і выслаў у пскоў карны атрад на чале з Пярмыкіным. Пярмыкін, былы памочнік Булак-Балаховіча, паступіў годна: перад тым, як увайсці ў горад, ён паслаў былому камандзіру ліст:

«Я прашу цябе аб адным, як бацьку, які любіць салдата, што ты прымеш меры, каб нашыя малодшыя браты менш пралілі патрэбнай для нашай Радзімы крыві».

Булак-Балаховіч аддаў загад устрымацца ад супраціву. Атрад Пярмыкіна арыштаваў штаб «мяцежнага» корпуса. Булак-Балаховіч з некалькімі дзесяткамі сваіх салдат з дапамогай Пярмыкіна перабраўся на заходні бераг ракі Вялікай — у штаб 2-й Эстонскай дывізіі…

Калі Булак-Балаховіч пачуў ад Езавітава пра стварэнне Беларускай арміі, пастараўся прыхаваць свой сподзіў — адно варухнуліся бровы над глыбокімі сашклянелымі вачыма. Нечакана пачаў гаварыць зусім пра іншае — пра Фінскі заліў з ягоным няўстойлівым надвор'ем, а скончыў запытаннем: