Выбрать главу

― Што ж, пан палкоўнік… — Ён гаварыў толькі з Езавітавым — як з шэфам ваенна-дыпламатычнай місіі БНР, а на генерала Булак-Балаховіча, здавалася, не зважаў — і той, колькі разоў да гэтага беспаспяхова паспрабаваўшы завесці гаворку, пачынаў нават злавацца.

— Я гарантую вам сваё спрыянне і абяцаю сёння ж перадаць вашы прапановы майму ўраду. А як звязацца з беларускім урадам?

Езавітаў прадыктаваў яму адрас пражскай місіі БНР, патлумачыўшы вымушаны выезд беларускага ўрада акупацыяй краіны.

Калі зноў ішлі доўгім намерзлым трапам, можна было чуць бухценне Булак-Балаховіча:

― Запацучацца ў каюты… Іх бы ў акопы! І ўсё ж крэйсер — сіла… Бач, адных гармат колькі…

А Езавітаву, гледзячы на матросаў у цёплых скураных курціках, узгадаўся Муха — «Дзе ж ён цяпер? І што з тым атрадам Сяменніка?..»

Назаўтра, 9 студзеня, Езавітаў разаслаў усім прадстаўнікам Рады БНР пры ўрадах вядучых дзяржаў і кіраўніку рэгістрацыйна-пашпартнага адзьдзела ў Лібаве сакрэтныя тэлеграмы:

«<…> Беларусь не павінна заставацца ў сфэры французскага ўплыву і павінна перайсьці ў сфэру ўплыву ангельскага ці амэрыканскага. <…> Беларусь — найбольш выгадны плацдарм для наступу на бальшавіцкую Маскву. <…> яна яшчэ ня думае мірыцца з бальшавікамі, а яе мяжа ў 280 кілямэтрах ад Масквы. <…> Беларусь — краіна індывідуальнай гаспадаркі па эўрапейскім узоры, а таму рэзка адрозьніваецца ад вялікарускай абшчыны, якая пачынаецца на ўсход ад межаў Беларусі. <…> Калі ў адносінах да многіх нацыянальнасьцяў прымяняўся прынцып прызнаньня de fakto, то Беларусь павінна быць адразу і перш за ўсё прызнана de jure».

Аднак у грашовых субсідыях першым корпусу Булак-Балаховіча дапамагло эстонскае ваеннае камандаванне. Яно згадзілася выплочваць грошы і дастаўляць прадукты да тога часу, пакуль гэта не зможа зрабіць кіраўніцтва БНР. Паміж эстонскім штабам, Езавітавым і Дуж-Душэўскім была падпісана дамова аб тым, што вылучаная Булак-Балаховічу сума будзе лічыцца пазыкай Беларусі.

Езавітаў і Дуж-Душэўскі пасля гэтага выехалі ў Рыгу і праз некалькі дзён вырашылі даведацца аб выніках перамоў паміж ангельцамі і беларускай місіяй у Празе. Але прадстаўнік рыжскай ангельскай місіі палкоўнік Талент адмовіўся прыняць Езавітава…

Прычыны такіх паводзінаў беларускаму палкоўніку адкрыюцца толькі летам — калі да яго ў штаб прыедзе міністр беларускіх спраў у Літве Язэп Варонка.

― Ты навошта даў ангельцам адрас прадстаўніцтва ў Празе, а не ў Берліне? — спытаў ён Езавітава падчас абеда і горка ўсміхнуўся.

― Такія былі ягоныя ж указанні… А што? — насцярожыўся Езавітаў.

― То што… не чуў яшчэ пра той скандал з Вяршыніным? Місія Вяршыніна месцілася ў Празе на добрай вуліцы, у добрым доме з прыгожым пад'ездам. Кватэра невялікая, два пакоі з кухняй. Там і прымалі гасцей… І вось ангельская амбасада ў Празе атрымала тэрміновую тэлеграму: звязацца з беларускай місіяй і пачаць перамовы. Прадстаўнік амбасады на аўто і выехаў на Венскую, 4, дзе кватараваў Вяршынін. Перад уваходам — шыльда па-французску і чэшску. Ангелец узышоў на ганак, а насустрач яму Вяршыніха з трапкай… Памыла падлогу ў пакоях і цяпер хацела «акультурыць» ганак. Ангелец прайшоў у першы пакой: кухня з «ачагом», на «місію» не падобна… У другім думаў сустрэць служку, каб абвясціў пра ягоны прыход… А там — сціплы кабінецік з пісьмовым сталом, паліцамі, кніжкамі… І ўсё, больш няма куды ісці! А следам за ангельцам Вяршыніха з трапкай. Усчала лямант: «няпрошаны» госць натаптаў гразі, збаёдаў ейную работу… Ангелец у яе пра беларускага дыпламата пытаецца, а тая (мовы не разумела) на пол тыкае і яшчэ большы гвалт усчыняе… Адпаведны даклад і пайшоў у Англію… Ангельцы як анекдот пераказалі французам. А ковенскія французы — мне. — Варонка ўбачыў, як нахмурыўся і скамянеў сябар. — Што скіснуў, ты ж не вінен у тым. А з французамі мы адно пасмяяліся… Ёсць дамова накіраваць ангельцаў у наш Берлінскі цэнтр.

― Ты ж ведаеш, што яны свой адрас засакрэцілі. Хоць чаго хавацца — Matzstrasse, 21. Так? — Езавітаў двума пальцамі пацёр лоб (так рабіў, калі хваляваўся), уздыхнуў: — Значыць, тупік?

― Ну… чаго так адназначна… Пабачым.

2 лютага Эстонія падпісала з Расіяй мірную дамову і мусіла расфармаваць усе антыбальшавіцкія злучэнні, сярод іх — і Асобны атрад БНР у Прыбалтыцы пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Генерал пачаў дасылаць Езавітаву цыдулкі з адзіным запытаннем «Што новага?» А добрых навін у Езавітава не было, і Булак-Балаховіч пачаў злавацца і піць. Спрыяў таму і польскі ваенны аташэ, які «выпадкова» пазнаёміўся з генералам — і пачаў пераманьваць яго на свой бок: адразу ж прапанаваў аванс, падахвочваў узначаліць беларускія атрады, што ствараліся ў Менску. Ад яго ж Булак-Балаховіч дачуўся пра непаразуменні паміж беларусамі за мяжой і Белнацкамам у Менску і запрасіў у свайго прадстаўніка пры місіі БНР у Латвіі падпалкоўніка Мінгрэльскага тлумачэнняў.