Выбрать главу

«У Рызе пасля вызвалення з польскай турмы жыве кіраўнік беларускага ўрада Вацлаў Ластоўскі, які пацвердзіў, што ў Менску замежных беларускіх дзеячоў лічаць здраднікамі», — паведаміў Мінгрэльскі.

8 лютага Езавітаў мусіў рабіць «апераджальны ўдар» — пісаць ліст Пілсудскаму:

«Пане Галоўнакамандуючы! Як Вам, пэўне, вядома, у складзе Эстонскай арміі вёў барацьбу з бальшавікамі Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерал-маёра Булак-Балаховіча. Замірэньне эстаў з бальшавікамі прымушае Асобны атрад знаходзіцца ў спакоі ў той момант, калі яшчэ не ўся наша Бацькаўшчына-Беларусь ачышчана ад бальшавікоў.

Каб не аставацца без баявой працы, Асобны атрад зьвярнуўся да мяне з просьбай перавесьці яго на Беларусь.

<…> прашу, па моцы загаду Вашага аб фармаваньні Беларускага войска на Беларусі, прадаставіць Асобнаму атраду БНР кавалак фронту на левым флангу Польскай арміі і ўзлажыць на польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць усё яму патрэбнае. Канчатковыя ўмовы па гэтьім пытаньні маюць быць зроблены паміж Вамі, Галоўнакамандуючым Беларускімі войскамі палкоўнікам Канапацкім і Урадам БНР, якім я, адначасна з гэтым, пішу належныя рапарты…».

Калі эшалоны з атрадам Булак-Балаховіча спыняцца ў Бярэсці, Менск зноў зойме Чырвоная армія. Польскае вайсковае кіраўніцтва вылучыць атраду ўчастак фронта на Палессі і прапануе распачаць арганізацыю новых беларускіх аддзелаў…

«Мы к волі йдзем»

Яны нечакана сустрэліся на Пляцы Волі — на ўзвышку, перад касцёлам. Янка Купала — у доўгім паліто, мяккай аблавушцы — узіраўся ў высокія званіцы, мружыў павекі, ― з зіхоткіх купалкоў мякка ападалі матылькі-сняжынкі. Жылка, заўважыўшы Купалу, не адважыўся яго патурбаваць — і азваўся толькі тады, калі Купала падаўся да пухматых елак, яшчэ ад Калядаў выстаўленых перад уваходам у касцёл:

― Добры дзень, дзядзька Янка!

― Уладзік? — Купала абрадаваўся. — Што гэта знік некуды — ні чуваць, ні відаць было?

― На Случчыне ў родзічаў папраўляўся…

― А на Новы год, значыцца, да бацькоў прыехаў? — Купала спытаў асцярожна — ведаў, што хлопец «папраўляўся» ад сухотаў.

― Ды з тыдзень ужо ў Менску. Хутка зноў паеду…

― І вершаў з сабой мех прывёз?

― Мех не мех, а некалькі маю.

Купала ўсміхнуўся, кіўнуў галавой:

― Цудоўна! То, можа, складзеш «кумпанію» ў шпацыры?

― Ахвотна!

Дзень таму мароз апаў, недалёка было і да адлігі. Мяккі снег амаль на пядзю накрыў пляц, пасля святаў яго яшчэ не ўтапталі…

― Ну і як там слуцакі жывуць? — пацікавіўся Купала.

― Жывуць. — Жылка наструніўся, пасур'ёзнеў. — Абуджаюцца, асабліва моладзь.

― Ты пра «Папараць-Кветку»?

Жылка ад нечаканасці нават стаў, здзіўлена зазірнуў Купалу ў вочы:

― То вы ўсё й самі ведаеце?!

Пра існаванне на Случчыне культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-Кветка» Купала — і насамрэч — даведаўся ўжо даўно, і паспяшыў патлумачыць:

― Хлопцы са Слуцку яшчэ летась да мяне прыязджалі… Вершаў для сваёй часопісі папрасілі.

― «Нашай Каляіны»?

― Так. Ці выходзіць яна далей?

― На трэцім нумары палякі перапынілі…

Яны ад Ратушы дайшлі да рэчкі і няспешка вярнуліся. У скверыку заўважылі старога лерніка — жоўтыя даўно не мытыя валасы былі сцягнуты чорнай стужкай, аблезлая шапка з заечага футра ляжала перад ім на снезе, з яе нясмела вызірвалі — як птушаняты з гнязда — некалькі скамечаных пяцірублёвак.

― Змёрз, бацька? — Купала болесна агледзеў жабрака і паклаў у шапку царскую дзесятку.

Лернік прашамкаў штось незразумелае, пакруціў сляпымі мутнымі зрэнкамі і зайграў — таксама штось няпэўнае.

― Даражэнькі, а ты што-небудзь нашае сыграй, — перапыніў яго Купала.

Лернік неўразумела нахмурыўся і, узняўшы галаву (напэўна, уяўляў Купалу высокім), спытаў:

― Што… што сыграць?

― Ціскані «Лявоніху», хай пляц парадуецца!

― Не… Не. Гэта не тое.

― Як не тое?.. — Купала аніяк не чакаў такога адказа. — А іграць яе ўмееш?

Лернік нервова кіўнуў галавой:

— Умею, толькі ж не сённяшняя яна…