Выбрать главу

Сельска-Гаспадарчая Школа ўтрымліваецца коштам Таварыства «Бацькаўшчына» і дапамогамі ад Міністэрства Земляробства, якое адпускае Таварыству на гэту справу да 200 000 рублёў у год.

Адносіны Латвійскага Грамадзянства і Ураду да беларусаў — добрыя. Як яскравы прыклад гэтага можа сьведчыць той факт, што, калі пры абгаварываньні бюджэту Беларускага Адзьдзелу адзін з Латгальскіх клерыкалаў, дэпутат Кэмп, унёс прапазыцыю выкрэсьліць крэдыты на Беларускі Адзьдзел, дык на яго з абурэньням абрушыліся дэпутаты ўсіх фракцыяў, і прапазыцыя яго была рашуча ўсім Устаноўчым Соймам адкінута. Сказаныя пры гэтым некаторымі дэпутатамі ў нашу абарону прамовы гэтулькі для нас цікавы і важны па свайму зьместу, што Таварыства «Бацькаўшчына» пастанавіла выдрукаваць іх асобнаю кніжкай. Асабліва цікавы і грунтоўны прамовы: Гр. Райніса, які прачытаў Сойму цэлую гадзінную лекцыю па беларускаму пытаньню, Гр. Сэйль — Таварыш Міністра Прасьветы, і расейскага дэпутата Гр. А. Бочагова».

Напрыканцы 1921 - 1922 школьнага года пад загадам беларускага адзьдзела знаходзілася ўжо сорак шэсць беларускіх школ — з 3500 вучнямі, а таксама аднагадовыя настаўніцкія курсы. Вяліся актыўныя захады па арганізацыі ў Дзвінску Першай беларускай урадавай гімназіі.

…Гэта была клопатная, цяжкая, а разам з тым — і ўдзячная праца на ніве беларускага вучнёўства. Сваім вучням Езавітаў запамінаўся не толькі таленавітым настаўнікам. Ён быў аўтарытэтам ва ўсім, давер і павагу да яго выказвалі ўсе. Высокі, дужы, з цёмнаю копкай валасоў, поўным тварам, пранікліва-шэрымі вачыма, Езавітаў быў усеагульным любімцам беларускага школьніцтва. Строгі, мог спакусіцца і на лагоду, жарт. Хадзіў раўнамерным вайсковым крокам, праз што і атрымаў мянушку «Браняпоезд».

― Чаго вы горбіцеся, крывіцеся, быццам увесь цяжар на хрыбтах цягаеце?! — часта пакрыкваў на вучняў. — Няхай палякі ці маскалі так ходзяць, а не беларусы. Не забывайцеся, што ўвесь свет глядзіць на нас, беларусаў. Выпрастайцеся, бо вы сыны і дачкі вялікага народа!

― Ведаем, Канстанцін Барысавіч… Выпростваемся…

Нейтральная зона

Раніцай на кватэру Ластоўскага прыйшоў Цвікевіч.

― Нашы віленчукі начавалі ў Коўне! — бухнуў, ледзь толькі прывітаўшыся.

― Як? — агаломшаны гаспадар зморшчыў лоб. — А чаго да нас не зайшлі?! Я не ведаў…

― Не ведаў бы й я, каб не Дуж-Душэўскі…

Весткі пра тое, што ў Вільні арыштавалі трыццаць тры беларускіх дзеячоў, даляцелі да Коўна ўжо на другі дзень. Ноччу з 19 на 20 студзеня польскія ўлады зрабілі вобыскі ў Беларускім нацыянальным камітэце, у Беларускай гімназіі, Беларускай цэнтральнай школьнай радзе, Беларускай кнігарні, Беларускім музычна-драматычным гуртку, гуртку студэнтаў-беларусаў універсітэта Сцяпана Баторага, Праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэдакцыях газэт «Беларускі Звон» і «Беларускія Ведамасьці» (пачала выходзіць пад рэдакцыяй Максіма Гарэцкага). Пад раніцу былі арыштаваны сябра прэзідыума і сакратар Беларускага нацыянальнага камітэта Віленшчыны, былы камандзір паўстанцкіх аддзелаў на Случчыне і сябра некалі пакліканай Пілсудскім Беларускай вайсковай камісіі Андрэй Якубецкі, былы сакратар Рады Случчыны, сябра прэзідыуму БНК Уладзімір Пракулевіч, сябры БНК Фабіян Ярэміч, Аляксандр Карабач, Максім Гарэцкі, Леапольд Родзевіч, старшыня Беларускага музычна-драматычнага гуртка Валэйша, некалькі настаўнікаў і настаўніц, якія начавалі ў будынку Беларускай школьнай рады…

Вобыскі не аціхлі і раніцай. Быў будні дзень, вучні і выкладчыкі сыходзіліся ў гімназію. Паліцыя прапускала ўсіх, але назад ужо не выпускала нікога — нават дзяцей. Заняткі перапыніліся — некаторых настаўнікаў арыштавалі ў гімназічных клясах.

Старшыня БНК Іван Краскоўскі з сябрай камітэта Трэпкам дамагаліся ў польскіх уладаў тэрміновага вызвалення хаця б гімназістаў, аднак старшыня польскага ўрада Сярэдняй Літвы Мэйштовіч не захацеў іх прыняць. Дапамаглі звароты ў пракуратуру і абурэнне незаконным гвалтам віленчукоў — а другой гадзіне дня гімназістаў вызвалілі з-пад арышту. Астатніх беларусаў — каля трох дзесяткаў — кінулі ў Лукішскую турму і не дапускалі на сустрэчы з імі родных.

23 студзеня пасля вобыску арыштавалі і Краскоўскага, а ў дырэктара Беларускай гімназіі запатрабавалі падпіску аб нявыездзе.

Падобны гвалт праводзіўся і сярод літоўцаў…

Два тыдні арыштаваных не вадзілі на допыты, а затым, сабраўшы іх з Лукішскіх адзіночак, зачыталі абвінавачанне ў «прыналежнасці да партыі камуністаў і арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу» і з 4 на 5 лютага вывезлі з Вільні ў нейтральную зону паміж польскім і літоўскім фронтам — перад Коўнам.