Выбрать главу

24 траўня ў Беластоку адбыўся суд. Сялян, якія верылі ў тое, што беларусы павінны быць народам незалежным, а край іхні — дзяржавай «самаістай», выраклі да растрэла — пяцёх, аднаго — да пажыццёвай катаргі, рэшту — да дзесяцігадовага зняволення.

У другім нумары «Беларускага Сьцяга» ў артыкуле «Над свежай магілай» Вацлаў Ластоўскі падаваў новыя звесткі пра белавежскіх паўстанцаў:

«…Абаронца тэлеграфаваў Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудзкаму, просячы ўласкаўленьня для засуджаных. Пілсудзкі «ўласкавіў» толькі аднаго П. Нічыпарчука, з увагі на яго моладасьць (19 гадоў)».

Вось і ўся ласка тога, хто збіраўся змагацца «за нашу і вашу волю»»…

Пад тым жалобным артыкулам у «Беларускім Сьцягу» быў выдрукаваны і верш Ластоўскага — узнёслы рэквіем у памяць барацьбітоў за народную волю, ягоны другі паэтычны выступ:

Благаслаўлён сын, які за Маці чэсьць гатоў да бітвы стаць нябарна: свабоды дзень для ўсіх сваёй крывёй купіць ахвярна…
Благаслаўлён будзь, каторы адплату кроўную дасьць за кроў і ворага прымусіць імя Беларусі чціць…
Хай прыйдзе ён, як Бог, адзет у помсты тучу: пад громаў гук, маланак блеск, пад славы песьнь пявучу!

…А сёмай гадзіне ўвечары ў сераду 24 траўня ў Беластоку па брукаванцы вуліцы Сянкевіча тарахцела ў накірунку да Палескай станцыі шырокая калымага, а на ёй — пяць суспеш збітых з негабляваных дошак трун-скрынак. За калымагай зморана крочылі ўзброеныя жандары. Паглядзець на жудаснае відовішча з рэстарацый і крамак выходзілі гарадчукі.

― Гэта расстраляных сёння бандытаў вязуць… — мовіў даўгавязы дзяцюк з кароткімі вусамі.

― Якія бандыты? Яны ж свайго дамагаліся… — ціха абурылася жанчына ў вылінялай вясковай хустцы, яшчэ раз зірнула ўслед працэсіі і схавалася ў дворык.

Аднаго з паўстанцаў-партызан — Тамаша Баброўскага, які цудам выжыў пасля пажару ў Горадні і, толькі ачуняўшы ад апёкаў, напрасіўся на новае заданне — забілі апошнім і адразу ж уклалі ў дамавіну. Куля разарвала Тамашу сэрца; кроў праз шчыліны ў дошках — якраз калі калымага праязджала перад крамнымі лаўкамі — пачала капаць-сцякаць на брукаванку.

― О Матка Боска! Кроў! — піскнула нейкая кабета і закрыла даланёй вочы…

На другі дзень у беластоцкай «Свободной мысли» відаводца карнай працэсіі пісаў:

«Каму і навошта трэба было дэманстраваць гэтае жудаснае відовішча на многалюднай вуліцы, сярод белага дня… Кроў — заўсёды кроў. Яна п'яніць, як відно, яна аглушае, яна палохае, яна расхіствае натоўп. І не трэба паказваць яе дарэмна».

Праз некалькі дзён польская паліцыя схапіла раённага атамана паўстанцаў Тамашука, які дзейнічаў пад псеўданімам Андрэй Пятрэнка. Прыкладамі яму пераламалі некалькі рэбраў, затым прывязалі пад калені палку і білі па пятах — пакуль не пачало адставаць ад касцей цела… Абвязвалі праколатым цвікамі й шпількамі поясам і білі па ім, клалі на раскаленае жалеза.

― Гіну, але мае браты-беларусы… — сабраў усе сілы і выкрыкнуў Тамашук, — …прагоняць вас са сваёй зямлі і ўбачаць незалежную Бацькаўшчыну!

Гэта пачулі не толькі жаўнеры, але й іншыя палоненыя партызаны.

― Убачаць, атаман! — адказаў Тамашуку селянін з разбітым носам. Адзін з сепачоў падскочыў і адсек яму вуха.

― Каб менш слухаў! — злосна рыкнуў…

Арышты пашыраліся. Да Скамароха прыйшла яшчэ адна жудасная вестка: схапілі бацьку — Дзям'яна Шыманюка. Скамарох сабраўся ісці дамоў — ратаваць бацьку.

«Яны ж мяне шукаюць», — абураўся.

Ледзь адгаварылі яго: ці выправіць гэтым што?

Пасланцом у ягоную вёску Грабавец напрасіўся Васіль Муха — каб даведацца пра ўсё на месцы. Вяскоўцы стоена распавядалі, як білі Дзям'яна Шыманюка:

«Галава ўся ў ранах была, ногі страшэнна пакалечылі — паламалі на пятах косці…»

Калі ж 19 чэрвеня выпушчаныя з турмы Дзям'ян разам з нявесткай дабраліся да Грабаўца, суседзі, гледзячы на іх, плакалі: Барбара была ўся ў сіняках, пераламаная рука падвязана да шыі шнурком… Дзям'ян жа пазіраў наўкол і ўсміхаўся — не стрываўшы пакутаў, дзед звар'яцеў.