Выбрать главу

Частка III

Пасланцы Крывіі

Гэта было ягонае другое прыйсце ў Менск — другое пасля 1918 года, менавіта прыйсце: на перадапошнім прыстанку перад вакзалам Кастусь Езавітаў з Вацлавам Ластоўскім (разам ехалі з Коўны), узяўшы з паліц свае валізкі-чамаданікі, выйшлі з вагона і вырашылі некалькі кіламетраў адолець пехам — прыгараднымі вулкамі, спакваля агледзець горад — і свой, і чужы. І адразу ж пачалі дакараць сябе: усчаўся дробны дождж-імжака, гарадскія ўскрайкі пакрыліся туманам, і яны не толькі рызыкавалі змокнуць, але й заблудзіць.

Назаўтра, 14 лістапада, у Менску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Вуліца і тратуар перад будынкам Дваранскага Сходу (цяпер — клубам Карла Маркса) аж чарнелі ад публікі. На будынках — чырвоныя і бел-чырвона-белыя сцягі! У зале паседжанняў, якая магла змясціць болей васьміста гасцей, большасць месцаў унізе і балкон, калі яны ўвайшлі, былі ўжо заняты. Сцены — у чырвона-белых барвах. На першых шэрагах заўважылі аснежаную сівізной галаву Райніса, побач з ім — Купалу, Лёсіка. Падаліся да іх, расцалаваліся. Месца побач не было, і яны прыселі крыху воддаль, бліз купкі моладзі, па ўсім — студэнтаў.

Адкрыў канферэнцыю старшыня Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі — прывітаў прысутных і заспяваў «Ад веку мы спалі». Затым запрасіў па спісе замежных гасцей у прэзідыум і пачаў прамову:

— …Збіранне раскіданых культурных сілаў заняло выдатнае месца ў нашым культурным будаўніцтве… Амаль што з нічога вырасла Дзяржаўная бібліятэка… Зараз Беларусь налічвае чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы…

У дзень адкрыцця канферэнцыі ў Чырвонай зале сталоўкі Цэнтральнага рабочага кааператыва быў банкет. І — о колькі сустрэч з новымі людзьмі! Тут і літаратары, і навукоўцы, і кіраўнікі партыі і ўрада БССР.

…Клаліся спаць амаль раніцай, але стомы не адчувалі. І чакалі дня новага. Езавітаў жа рыхтаваўся выконваць абавязкі старшыні правапіснай камісіі канферэнцыі…

Назаўтра вечарам Езавітаў у гатэльным нумары даў Ластоўскаму прачытаць тэкст верша, які меў назву «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»:

За ўсе краі, за ўсе народы сьвету, І што былі, і прыйдуць што пасьля, Аздобленае горкім, цьмяным цьветам Зазнаць нам гора лёс благі паслаў.
Скарыліся і моўчкі ўсё прымалі: Самахаць, можа, прыйдзе лепшы час. Як лісьцінку на поплаве качалі І зьневажалі чужаніцы нас.
Калёнія праз некалькі сталецьцяў, Наедак ненажорным груганом… Я прысягаю — праклянуць нас дзеці… За апяшаласьць нашу нам праклён. <…> Прыціх наш край: ад гутарак аскома… Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. Свабодай карыстаюцца сачкомы, Каб тых, хто мысьліць, у вастрог саджаць. <…> На нашым карку торг спраўляе сьмела Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой, І наша змучанае катам цела Штогодна новай кроіцца мяжой. <…> Браты мае! Даволі ашуканства, Гасьцей да хаты выправіць пара. З лазы заплаканай спляцём ім кайстры Для нарабаванага ў нас дабра.
Сьляды іх гідкія пяском пасыплем, Пясочкам сьветленькім пасыплем іх, Каб гэтай шумы, акупантаў-злыдняў Апошні водгук прагучаў і сьціх.
А не, — дык надарма усё, жыцьцё надарма, Лажыся ў яму Сам, Народзе мой, — Пакуль ты сам ня будзеш гаспадарыць, — Не разьвітаешся з жабрацкай калітой.

Пад вершам стаяла дата — 29 верасня 1926 года — і псеўданім: Янка Крывічанін.

Ластоўскі перачытаў уважліва — і спытаў крыху зніякавела:

― Дзе ўзяў?

― Меў нечаканыя запросіны на абед ад Гартнага. Там Ільючонак з Адамовічам далі перапісаць… Кажуць, ужо з паўмесяца па Менску гэты верш ходзіць.

Ластоўскі сеў на ложак, склаў рукі — далоньмі адна да другой, памаўчаў, затым ціха сказаў:

― Гэты верш мне той жа Алесь Адамовіч паказваў яшчэ раніцай. Прапанаваў надрукаваць у «Крывічы». Мне як штось кальнула тады: як так, загадчык адзьдзела друку ЦК кампартыі Беларусі — і прапануе апублікаваць антысавецкі верш! А яны і да цябе… І ў дадатак — Ільючонак, былы бальшавіцкі падпольшчык з Заходняй Беларусі… Ці не падазроны такі клопат?