Выбрать главу

Лета зноў змяняла зіма, а яны жылі — абгалечаныя, усірочаныя новай вайной. Толькі тут, у Рызе, з кожным днём усё мацней і мацней сціскала ў свае абцулінды адзінота. Школы, з такой цяжкасцю сабраныя, — вось-вось закрыюцца. Настаўнікаў — не хапае. А галоўнае — згаслі ў вачах сяброў былыя іскрынкі апантанасці. Апатыя — люцей і зласней ад любога ворага — перамагала і без таго нешматлюдную сябрыну сведамых рыжскіх беларусаў.

І заставалася — шпацыр кожнага ранку па новым снезе старога горада, мадзенне да цямна над кнігамі й рукапісамі, сон-набрыдзь — і зноў шпацыр. Пачало нават здавацца, што й выйсця з гэтага кола-тупіка не будзе…

Снедаў у кавярні «Euros», праглядваў газэты. Калі патрапляў «Беларускі Голас» — прачытваў увесь. І падавалася, што там, у Вільні, дзе выдавалася газэта, жыццё віравала: дзейнічала Віленская беларуская рада, жыло й працавала шмат беларусаў — і п'есы ставіліся, і карціны пісаліся…

― Беларускія газэты? — каля ягонага століка хітнуў галавой — прывітаўся — колішні знаёмец з рыжскіх беларускіх журналістаў Мікола Лошчыц, з нядаўняга — настаўнік геаграфіі Розенаўскай гімназіі.

― Сядайце, пане Лошчыц. Можа, вы навінамі падзеліцеся? А то дзень у дзень адно і тое газэты гэтыя паўтараюць…

― Ды якія там навіны… Ці немец, ці рускі.

― Як гэта? — ён неўразумела аглядзеў Лошчыца, а той і не міргнуў нават:

― Ды так, колькі ні пнёмся, а як проса ў ступе…

Памаўчалі, і, нібыта падагульняючы, Лошчыц дапіў каву і апаліў:

― Вырашыў я, пане Кастусь, у Амерыку падацца.

― А гімназія?

― Развітаўся.

― Кінуў?

― Так, калі заўгодна.

Ён яшчэ з хвілю ўзіраўся ў вочы Лошчыца і з жахам адчуваў, што ні ўгаворваць, ні абурацца і сілаў, і ахвоты ў яго не было.

― То зрабі ласку — і ад мяне адыдзі…

Лошчыц наструніўся, моўчкі забраў талерку з недаедзенай запяканкай і перайшоў да другога століка. Спахмурнеў — ці гэта проста падалося?..

Увесь дзень хаваўся ад скрушных думак у кнізе, а ноччу так і не змог заснуць. Сеў пісаць новы ліст — да Аляхновіча ў Вільню.

«…Зайздрошчу Вам, што працуеце ў родным асяродзьдзі, сярод сваіх людзей, бо мне ўжо 25 год даводзіцца працаваць сярод чужынцаў або сваіх, якія паступова трацяць сувязь з роднай глебай і якіх увесь час даводзіцца духова ратаваць ад загібелі. Заўсёды прыходзіцца толькі даваць нешта ад сваёй энэргіі і духу, а ад іншых «зарадкі» ня маю. Павінен «самазараджацца» праз кнігу, газэту, верш і ўласны дух…»

Лёсавая драма Аляхновіча выяўляла ўсё новыя павароты: улетку 1940 года ён сустрэў у Вільні савецкія танкі… Былі ўцёкі праз «зялёную» мяжу ў Нямеччыну, быў астрог у Сувалках, адкуль таварышаў пусцілі ў тую Нямеччыну, а яго — перакінулі назад (бо своечасова не паклапаціўся аб дакумэнтах у нямецкай амбасадзе ў Коўне). І былі тулянні па Вільні (кожную ноч — у новых знаёмых), пакуль не выехаў у Алькенікі, дзе стаў… вартаўніком. І быў прыход нямецкага войска…

Езавітаў згадаў, як Аляхновіч у колішнім сваім допісе-ўспамінах прызнаваўся (у кастрычніку 1942 года перагледзеная Аляхновічам біяграфія была надрукавана ў беластоцкай газэце «Новая Дарога» (№ 40).):

«— Ці злыбяды ўжо скончыліся? Хто ведае? Але хіба што канец, бо і жыцьцё блізіцца да канца. Хоць — няма ведама, можа лёс, які так без пардону зьдзекваўся, не даючы мне, аднак, канчальна згінуць, мае ў запасе нейкую апошнюю штуку, якую прыгатаваў для мяне як фінал…»

І як напрарочыў…

Ён, здавалася, ужо звыкся да жыцця ў небяспецы, у нечаканасцях. То танкі, то міны — як тады, у 1943-м, у Менску.

…Яны паабедалі ў сталоўцы Самапомачы і па былой Камсамольскай, а цяпер вуліцы Алеся Гаруна вярнуліся ў рэдакцыю «Беларускай Газэты»: Францішак Аляхновіч, Антон Адамовіч, Наталля Арсеннева і Леанід Савёнак. Да Адамовічавага стала падышоў Савёнак, папрасіў пяра.

― Маё не піша, а малюе, як пэндзаль, — патлумачыў.

Адамовіч адсунуў шуфляду — і скамянеў: у газэтным скрутку ляжала міна… Апальвалі два словы, напісаныя тлуста і няроўна: «Руками не трогать!»

― Уцякайце! Хутчэй уцякайце адсюль! — выкрыкнуў Адамовіч і асцярожна ўзняўся з-за стала.

З іншага пакоя пазванілі ў паліцыю. Паліцыянт — менскі немец, фольксдойч — прыйшоў праз некалькі хвілін, акуратна выцягнуў шуфляду і толькі вынес яе разам з мінай на прыступкі будынка, як гохнуў выбух. Паліцыянта разарвала на кавалкі...

Праз год пасля таго, як адзначылі шасцідзесяцігоддзе «бацькі беларускага тэатра» (як пісалі газэты пра Аляхновіча), увечары 3 сакавіка 1944 года да яго на віленскую кватэру зайшлі два наведвальнікі. На пісьмовым стале — карэктура «Беларускага Голасу» (падчас нямецкай акупацыі яе рэдагаваў Аляхновіч), часопісныя выразкі сваіх успамінаў пра перадваенныя гады тулянняў і ўцёкаў ад ГПУ - НКУС (вырашыў іх дапоўніць), рукапіс пра пачатак беларускага адраджэння, экземпляр напісанай у 1943 годзе камедыі «Круці ня круці — трэба памярці» — з свежым аўтографам аднаму знаёмцу…