Выбрать главу

― Арганізавана ўзброеная міліцыя… Яе ўзначаліў штабс-капітан Мацэля. Да слова, ён і данёс першым інфармацыю пра вашу армію. Сам генерал, казаў, беларус, і дамагаецца зямлі і волі беларусам…

― Правільна казаў. — Балаховіч зноў сядзеў насупраць гасцей і піў малако.

― Па некаторых валасцях пачалі ўжо фармаваць вайсковыя атрады. А хутка збярэцца з'езд Случчыны, і калі вы падтрымліваеце незалежніцкія памкненні нашага павету, які фактычна апынуўся ў ізаляцыі, мы дэлегаваны запрасіць на гэты з'езд і вашых прадстаўнікоў.

― Згода! Там і згарманізуем нашы дзеянні… ― Балаховіч хацеў яшчэ штось сказаць, ды дзверы — шырокія, вясковыя — расчыніліся, у пакой зайшоў рослы мужчына ў цывільным.

― Станіслаў Нікадзімыч, са мной да вас ангельская місія! Толькі-толькі прыехалі, ― выпаліў хутка і агледзеў гасцей.

― Добра, — Балаховіч устаў, за ім — і ўсе астатнія. — Знаёмцеся: Павел Аляксюк (і паказаў на зайшлу), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве… А гэта госці са Слуцку…

Вось дзе пабачыў Алексюка Алесь! Чуў многа пра яго яшчэ ў Менску, ад Гаруна. Сам з Гародні. Закончыў нават у Пецярбурзе юрыдычны факультэт. Актыўна ўдзельнічаў у пецярбургскім беларускім студэнцкім руху. У былым — карэспандэнт «Нашай Нівы». Адзін з актывістаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Уваходзіў у склад народнага сакратарыяту БНР. А калі 22 кастрычніка 1919-га Пілсудскі сваім дэкрэтам дазволіў арганізаваць беларускае нацыянальнае войска і стварыць Беларускую Вайсковую Камісію, стаў Аляксюк яе старшынёй. У снежні БВК перабралася з Вільні ў Менск, дзе заняла цэлы гатэль «Гарні». Заступнікам Алексюка тады Гаруна — як той не адмаўляўся, скардзячыся на здароўе — абралі. А межы БВК Алексюку ўраз малымі падаліся — выехаў у Варшаву «палітыку рабіць». І ўсю працу Камісіі вымушаны быў Гарун на свае плечы ўзваліць і нервы не шкадаваць (вербунковых агентаў БВК часта арыштоўвалі ў паветах, ахвотнікаў запісацца ў сваё войска палякі, здаралася, не прапускалі ў Менск). Таму калі аднойчы напачатку лета Аляксюк з'явіўся ў Менску, БВК на сваім паседжанні яму выказала недавер. Хоць і няпроста было (ён жа самім Пілсудскім прызначаны), на ягонае месца Францішка Умястоўскага ўзаконілі (адзін з былых рэдактароў першай беларускай газэты «Наша Доля»), а той, хоць і згоду даў, не прыехаў у Менск. І давялося далей у БВК старшыняваць Алесю Гаруну… Яшчэ казалі, што напартачыў Аляксюк, патраціў давераныя яму грошы БВК і змушаны быў выйсці з яе.

Словам, не лепшыя згадкі хадзілі пра Алексюка ў Менску…

― Што ж, завіце місію… — і зноў Балаховіч бліснуў вачыма. А Астроўскі, Алесь і Лістапад зразумелі, што ім трэба вызваляць генеральскія «апартаменты», хоць яшчэ амаль нічога не ўкусілі з пачастунку.

― Панове, вы ж не збягайце! Вечарам прашу ўсіх да сябе…

У сенцах сустрэлі «місію» — капітана авіяцыі Сіднэя Рэйлі і карэспандэнта газэты «Таймс» Поля Дзьюкса.

― Извините, господа, сами поннмаете — военное время… Так пока жить приходится… — выстрэньчваў перад імі Аляксюк…

Вечарам да генеральскага стала прыставілі яшчэ адзін, неразборліва закідалі ежай. І ў кампаніі паболела: побач з Алексюком сядзеў капітан Антон Самусевіч, «бацькаў» любімец.

― …Я ж ім кажу… Нават калі адмовіцеся ад дапамогі мне, не прызнаеце, як палякі хацелі… і без вас адлуп бальшавікам дам! Ангельцы і вочы выкацілі: не-не, і зброя, і амуніцыя ў выпадку згоды будзе… Хм, у выпадку згоды… — Балаховіч скрывіўся, ад яго добра патыхала выпітым.

― Замежнікі гэтыя чортавы ніколі так вось, як слуцакі, скажам, не прыйдуць і не скажуць «Давай ваяваць разам!» Усё ў іх пасля згоды…

― Мы, пан генерал, крыху не дагаварылі. Ды і так адразу ж… Мы ж не паўнамоцны дамаўляцца… Каб не палкоўнік Паўлоўскі… ― Астроўскаму цяжка даваліся словы.

― Вось-вось! І свае адступ даюць… — Балаховіч усміхнуўся. А потым застыў: — Пра Паўлоўскага мне — не згадваць! Нюньцяя гэтага я выганю! ― І наліў усім. — Давай за нашу волю!

Выпілі. І Алесь адчуў разняволенасць.

― Цяпер, пан генерал, у нас, можна сказаць, неафіцыйная сустрэча… — ён смела зірнуў на Балаховіча. — І карціць, адкінуўшы дыпламатыю, выказаць і тое, што… на сэрцы. — Алесь заўважыў, як генерал зморшчыўся, ажно закусваць перастаў, і — пакуль сам не астыў — апаліў: — Ваша з Савінкавым ідэя стварэння саюза народаў — гэта ж спроба аднаўлення «единой и неделимой» Расеі. Гэта і непакоіць усіх, хто за вольную Беларусь, — за якую, зрэшты, мы і выпілі зараз… — Алесь скончыў, падумаўшы яшчэ: «Як не ўспрыме гэта «бацька», але добра, што высмеліў выказаць перад ім гэта…»