«Хто яго ведае? Можа, і напраўду баліць душа яму за Беларусь? — падумалася Алесю. — Вось жа й з Езавітавым змог год таму паразумецца…»
А Кастуся Езавітава Алесь паважаў моцна — і як вайскоўца, і як паэта, і — урэшце — беларуса ўзорнага. Пры ягонай апецы хутка сфармаваўся Гарадзенскі беларускі полк, і камендатура беларуская з батальёнам жаўнераў, і кавалерыйская частка. Напрыканцы 1919 года з ініцыятывы Езавітава ў Коўне фармаваць сталі конніцу й артылерыйскі аддзел. Бачыць Езавітава, праўда, Алесю не выпадала пакуль, акром хіба толькі на фотаздымку. Але й цяпер усплывалі на памяць яго мяккі твар, матыльком змуленыя далікатныя вусны… А вось верх твару — нос, вочы, лоб — грозным падаўся… Светлыя ўроскід бровы, коратка й строга падстрыжаны… Канечне ж, у форме вайсковай, беларускай: круглая «канфедэратка» з белым паскам паверсе, з чэшкай «Пагоні», шынелька тонкага крою, на сходах каўняра — зіхоткія металёвыя трохкутнікі… Цвёрда падперазаны папругай…
І не толькі свае, але й замежныя лідэры верылі Езавітаву і імкнуліся весці справу з ім.
Тады ж да Езавітава і Булак-Балаховіч прымкнуў. Дачуўся, што палкоўнік ачольваў вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі — і заяву перадаў.
Балаховічу даручаць невялікі ўчастак фронту. А тут — раскол Рады БНР, 2 лютага 1920-га Эстонія заключае мір з Савецкай Расіяй і мусіць распусціць усе антысавецкія фарміраванні, сярод іх — і атрад Балаховіча. Грошай не было, і тады «бацька» вырашае ехаць на Беларусь і ўжо там прыняць рашэнне… У Брэсце балахоўцы былі перафарміраваны ў аператыўную дывізію Палескай групы польскіх войскаў. А затым пачаліся і гульні з Савінкавым…
Толькі пад раніцу і прыснулі ўсе на нейкую гадзіну… А там да генерала пастукаў ад'ютант, і госці мусілі ўставаць.
На вуліцы — хмурна, слотна. Каля студні сустрэлі Сцяпана Гаўрылевіча. Кепска таму з учарашняга, азызлы ўвесь, пакамечаны пасля п'янкі.
― Вось жытка яка… Бач, дзе стрэліся, — і вочы ўсё адводзіў.
Зарана і назад выбірацца сталі. Балаховіч — зноў паважны, упэўнены. З Астроўскім аб нечым дагаворвалі (Алесь з Юркам не чулі іх, з коньмі каля варот стаялі). І тут Сцяпан прыцопаў, носам шморгнуў, крактануў:
― Ты, гэта… матцы перадай, што ў мяне ўсё добра. Хай не турбуецца… — І пайшоў, не развітаўшыся.
А за Кажан-Гарадок выехалі — дождж лінуў, нудны, халодны. Курцік Алесеў, перашыты яшчэ ў Менску з купленага на кірмашы афіцэрскага шынэлька, доўга вільгаці супраціўляўся, ды ўсё ж — дзесьці на паўдарозе — прамакаць пачаў. Здавалася, што нават праз скуру стыча восеньская прабіралася. Заехаць бы ў хату якую пагрэцца, ды вырашылі нідзе не супыняцца па дарозе… Балазе, дождж усё ж перарваўся. А далягляд хмарамі яшчэ больш зацягнула, бруднавата-шэры туман на ўзлескі ўспоўз. Як толькі не зблудзілі?..
А пасля на тыдзень скарыла Алеся хвароба. Вылежваўся дома, газэты з горада — ад «папараць-кветкаўцаў» — бацьку прыносіць прасіў.
«Беларускае слова» цалкам прачытваў. Ды і як не прачытваць — хоць бы той дзевятнаццаты нумар за 26 кастрычніка:
«…Мы з вялікай ахвотай падтрымаем Балаховіча, калі ён будзе стаяць за лозунгі незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі і разам з беларускім урадам будуць будаваць дзяржаву».
Артыкул крыптонімам «К. Ц». падпісаны быў, вось «К. Ц.» (Кузьма Цярэшчанка, пра гэта Алесь яшчэ з Менску знаў) слушна адзначаў у ім, што пасля таго, як Балаховіч звязаў сваё імя з Савінкавым і «іншымі непрымальнымі асобамі», ён страціў увесь давер да сябе. Непрымальнай лічыў Цярэшчанка і ягоную палітычную згоду на федэрацыю Беларусі з Польшчай.
А праз колькі нумароў тая ж газэта змясціла копіі дасланых Балаховічам і Савінкавым тэлеграмаў Пілсудскаму і Врангелю — з паведамленнем, што «Расійская Добраахвотніцкая Армія, якая вядзе барацьбу з бальшавікамі за вольнасьць усіх народаў і мір усяго сьвету, прайшла польскую дэмаркацыйную лінію й ідзе наперад вызваляць незалежную Беларусь», а таксама надрукавала тэлеграму Алексюка (cябры «Беларускага Палітычнага Камітэта») з віншаваннем да Балаховіча.