— Ни стыда ни совести! А вот в наше время… ― завохкала побач бабуля з даверху напакаваным цэлафанавым кулем, узросту, пэўна, ягонага ж.
Ён зайшоў у касцёл, памаліўся — за бацькоў, дзеда, знаёмых сваіх. Золатам пераліваліся ў мігценнях свечак іконы. На рамцы аднаго абраза ― пярэвітак пазалочаных дубовых лісцікаў, драўляныя жалуды ў золаце… Мяккія светацені па абразе прабеглі — і нібыта ажылі жалуды, дубовыя лісты ўзварухнуліся… І ўзгадалася, што такія рамкі-аклады рабіў слуцкі іканапісец Вярхоўскі. Яшчэ гімназістам ведала яго Ева Манюшка, у дзявоцтве Вайніловіч, — і калі праўнук ейны Эдвард Вайніловіч храм у Менску ўзводзіць рашыўся, на Вярхоўскага, на той час ужо вядомага іканапісца і паказала..
Доўгі час, пакуль не ўсчалася вайна, Вярхоўскі і жыў у Слуцку ў доме Вайніловіча. Туды аднаго разу і завіталі да старца Ігнатоўскі з Алесем. Сівы, як лунь, але йшчэ ўвішны, Вярхоўскі ўзрадаваўся, што некаму ў такі час цікава пра мінулае пачуць. Калі расказваў, бараду ўсёчасна тузаў, а задумваўся, прыпамінаючы што-кольвек — на высокім ілбе, над пераноссем, уверх глыбокая маршчына-баразёнка ўздымалася…
― У гімназію я паступіў у 1836 року. Вакацыі ўсе разам з таварышам гімназічным Корсакам Эдмундам праводзіў у Міцэвічах, неўздалёк ад Старобіна слуцкага. Бабця Эдмунда там жыла — Ева Манюшка з Вайніловічаў. Там, у Міцэвічах, я йшчэ са Станіславам Манюшкам пазнаўся, слынным маэстрам. На той час ён яшчэ проста Стасем быў, музыкай не займаўся, усё камедыі пісаў, якія разам і йгралі. — Вярховіч гаварыў павольна, але без вялікіх пярэрваў. І голас роўны, мяккі. У ім прабіваўся лёгкі польскі акцэнт. Здавалася, расповед свой ён напамяць ведаў, як верш які: — Маці ж Станіслава Манюшкі, пані Эльжбэта з Маджарскіх, паходзіла з радзіны, якой належала знакамітая слуцкая фабрыка паясоў, слуцкая Пярсярня… А з Манюшкам мы йшчэ ракаў ды ўюноў разам лавілі!..
― А гімназія, у якой вы вучыліся, — ці не сённяшняя слуцкая гімназія? — загарэўся Алесь.
― Яна самая. Як цікавішся, раскажу. На колішняй Сенатарскай быў раней калегіюм езуітаў, а з 1630 року — кальвінская школа. Шэсць клясаў мела. У апошняй, апроч звычайных прадметаў, статыстыку выкладалі, эканомію палітычную і цывільнае права. Перада мною школу тую ў гімназію ператварылі. Малым быў, а добра помню закладзіны новага гімназічнага падмурку — тога, у якім сёння і ты вось рэпу навукі грызеш… (Алесь хацеў тады дасказаць, што закончыў ён ужо гімназію, ды перапыняць старца не асмеліўся.) Люду шмат з'ехалася. І маршалак Адам Непакойчыцкі быў… У горад кальвіны на сінод з'ехаліся. Набажэнства ў касцёле бернардынцаў было, а ўадначас і ў старым зборы — для кальвінаў. Пасля ж, перад закладам першага каменя, прамовы рабілі ксёндз Леапольд Ваноўскі і маршалак Непакойчыцкі. А пан Абалевіч, настаўнік, харошы верш, што сам склаў, прадэклямаваў… А настаўнікі добрыя ў гімназіі былі. Абалевіч літаратуры вучыў, Сеўрук матэматыцы. Браты Ваноўскія таксама выкладалі. Ксёндз Леапольд, старэйшы з іх, прэфэктам гімназіі быў, ксёндз Канстантый лаціне вучыў, малодшы, ксёндз Фэліцыян, мове грэцкай. Жылі яны ўсе разам на калегіяльным дзядзінцы… — Вярхоўскі пракульгаў да акна і ўжо адтуль працягваў: — Было, сінод кальвінскі з падтрымкі Радзівілаў не скупіўся дзеля выхаванцаў сваіх. Па сканчэнні гімназічных навук раней іх у замежныя універсытэты накіроўвалі. Кожнаму па сто дукатаў выдавалі на так званую перагрынацыю — каб курсы і казанні знакамітых вучоных слухаць маглі па ўсім свеце. Па звароце студэнты тыя, калі хацелі, ардынаваліся на пастыраў альбо свецкімі настаўнікамі станавіліся…
Першым настаўнікам быў многім слуцакам і сам старац Вярхоўскі, зіхоткі аклад якога на абразе ў Чырвоным касцёле і запаліў у Алесю Хведаравічу гэтыя згадкі. Падобным старцам пачуваўся ў сваіх гадах сам ён зараз — чалавекам з іншага, далёкага і чужога веку. Яму, як і старцу-іканапісцу калісь, як па пісанаму — і даты, і прозвішчы з імёнамі самохаць прыходзілі. А сам толькі дзівіцца не пераставаў: раней жа нават тое, што ўчора рабіў, забываў…
Старац Вярхоўскі працаваў у стьлі яшчэ добрага і прызабытага ХІХ стагоддзя — «на оптыку малёванэ» (Алесю Хведаравічу ўзгадаўся напачатку польскі тэрмін), стыл прасторавага, ілюзіяністычнага роспісу. Ягоныя аклады абразоў і фрэскі, здавалася, прыручалі прастору, злучалі рэальнае з люзорным, — спынялі час. І Алесь Хведаравіч зараз пачаў адчуваць гэта на сабе, бо ледзь не фізічна бачыў, як час спыніўся ў ім і на ім — нібы ў той фрэсцы Вярхоўскага..