Выбрать главу

Неўздалёк ад касцёла заўважыў газэтны кіёск. Патупаў да яго, агледзеў стосы перыёдыкі.

― Скажыце, — ціха мовіў, ― а беларускія ёсць у вас?

― А у нас почти все белорусские… — голас з акенца.

― Не… Калі ласка беларускамоўныя.

― А-а! Вот, «ЛіМ» сегодня вышел. Один номер остался…

― Добра раскупляюць?

― Нет, мало поступает.

На ранейшае месца не пайшоў, падаўся ўглыб скверыку, у зацішак (пачаў налятаць халодны вецер). Лаўку адшукаў каля фантана з грацыёзнай скульптурай дзяўчыны, якая ўскладвала на ваду сплецены венчык. Прынамсі, так уявілася, бо фантан не дзейнічаў ужо, і вады ніякай не было…

Пачытаў газэту — і нечакана адчуў, што слабее… Падняўся праз сілу, а зямля пад ім паплыла (здалося нават, што скульптурная дзяўчына да яго нахілілася). І раптам — ажно вочы апякло! — неонавы надпіс-назва блізкай рэстарацыі: «Папараць-Кветка»…

Трэба паклапаціцца пра начоўку, і ён зноў вышкрабся — як у паўсне — на праспект Скарыны.

Аднапакаёвы нумар у гасцініцы «Мінск» (балазе, побач аказалася) адразу ж узяў. Вячэру ў пакой прынесці папрасіў — і ў ложак лёг, праз сілу распрануўся нават. І пашкадаваў: а што, калі заўтра сілаў уздзябурыць адзенне не хопіць? Што ж тады? Ногі як здранцвелі, сэрца, як голуб паштарскі ў клетцы, мітусілася-тахкацела Перад адплюшчанымі вачыма чырвона-жоўтыя кругі паплылі… І зашчымела, напялася штось у грудзях (пашкадаваў моцна, што нітрагліцэрын з кішэні пінжака не дастаў адразу — паспрабуй цяпер дацягніся).

Як з болю ў сон праваліўся, не памятаў. Глядзеў неўразумела на Чырвоны касцёл… Ноч, а вакол хоць іголкі збірай. І неба над ім белае, малочнае нават. Вежа касцёльная нашмат большай стала Зверху выгляд… так-так! Купалаву хату над Свіслаччу нагадвала! Вокны толькі чамусь без фіранак… і сцены (праз шкло відно) хтось белым афарбаваў. Дзверы самі адчыніліся — а ветру ні каліва..

― Заходзь. Ці дарогу забыў? — гэта яго, дзядзькі Янкі, голас.

Хата без мэблі, толькі стул, на якім Купала сядзеў.

Павіталіся, і Купала зноў спытаў:

― Ну, як там за гэтымі сценамі, раскажы.

І тады Алесь (зноў дваццацігадовым) у акно з хаты зазірнуў: а там як снегам усё накрыта, бела, аж вачам балюча.

― Прыехаў, вось…

― Ды я і сам бачу… Няскладна ўсё ж атрымалася… — Купала таксама да акна падышоў. — Не дабраўся тады я да вас, не дабраўся… А як добра было б! Га?! Як лёс, разам прыехалі б вось… Як не — памянуў бы ў сваёй пушчы… — памаўчаў, уздыхнуў болесна: — Колькі ж і кветак, і папаратнікаў звялося… Што маўчыш, Алесю?

Думаў, што гэта да яго, Алеся, а тут другі да шчымлівасці знаёмы голас адказваць пачаў:

― Калі зацвісці паспелі — то ўжо не дарэмна. А без цвету — і такіх жа многа было і ёсць — кветкай не станеш…

І як ён гэта не заўважыў: у пакоі, акром іх, быў Гарун!

― Дзядзька Алесь!.. Вы… Як грудзі вашы?

Усміхнуўся Гарун, галавой — сівой чамусь — пахітаў:

― Эх, голубе-голубе…

― А што стаімо? Сядайце. Ногі ж не казённыя, — Купала на ложак рукой паказаў (і яго не было ж напачатку) — рыхтык як некалі ў Балаховіча Алесь бачыў, ― і ў Алеся раптам ногі так замлелі, так сесці захацелася: шчэ хвіля — і вобзем бразнецца. Крануўся да ложка, а падлога з-пад ног паехала, стомна гойднуўся, як паплыў куды, і толькі галасы — тыя ж — над сабой пачуў:

― Хай пастаіць, малады ж…

― Насядзіцца йшчэ, і праўда..

Вочы адплюшчыў — сцены гатэльныя, белыя. Вечарам на іх святло з-пад чырвона-жоўтай засні падала — ці не праз яе тыя няўцямныя кругі ўваччу?

За ноч сілаў дадалося. Апрануўся без клопатаў. Пагаліўся нават. Толькі цяпер тэлевізар убачыў. Уключыў. І застыў на месцы… Прывабная дыктарка спеўна па-беларуску гаварыла. Ён услухоўваўся ў гэты спеў — нечаканы, залеўны, не разумеючы ― не ловячы нават сэнсу, — услухоўваўся як у музыку… І здалося, што ўсё жыццё ён тут, і не з'язджаў нікуды (напачатку, праўда, тэлепрыймач агледзеў, думаў, мо — як у Штатах — відэякасету глядзеў, ― але апроч прамавугольнай тэлескрыні нічога не знайшоў). І каб не табло гадзінніка на экране — спазніўся б на аўтобус. Кал 8.30 высвецла сабраўся пайсці. Доўга плашч шукаў (звечара аказваецца у шафу здолеў павесіць). Тэлевізар не выключыў — пашкадаваў. Не рашыўся перапыніць шчабяткую дыктарку. Так і зашчоўкнуў налакіраваныя дзверы…