Цяпер на незнаёмую вуліцу Варвашэні, адкуль — дом № 9 — у 9.30 адправіцца «Ікарус» з дзяржнумарам 20 - 94 — на Слуцак (пра тое, што з Мінску ў гэты дзень усе, хто жадае, змогуць на ім дабрацца да Семежава і там адзначыць угодкі Слуцкага чыну, даведаўся з беларускіх газэт яшчэ «за акіянам»).
Таксі — старая «Волга» — укруга аб'ехала плошчу Незалежнасці і газанула па праспекце. «Да Беларускага дома», ― падумаў. А тут шыльда на масіўным шэрым будынку здалёк мльгатнула «Беларускі дзяржаўны універсітэт».
«Пакутна ён зараджаўся — і Лёсік, і Краўцоў сведчылі…»
Яшчэ як ён, Алесь, у гімназіі быў (ці не ў красавіку 1918-га), Народны сакратарыят даручыў быў Карскаму і Доўнар-Запольскаму падрыхтаваць праект арганізацыі Краёвага універсітэта. (Хоць задоўга да гэтага, як сведчыла ў сваёй нататцы «Наша Ніва» ад 15 лютага 1908 года, у Менску «займаліся справаю аб адкрыцці унівэрсітэта ў нашым краі. Разбіраюць праект, каб склікаць камісію з прэдставіцелёў усіх нашых губэрній і згаварыцца, гдзе той унівэрсітэт выгадней завесьці».) У хуткім часе ледзь не чатыры дзесяткі навукоўцаў (у асноўным выхадцаў з Беларусі) далі згоду на заняцце прафесарскіх пасадаў. Летам — арганізацыйная нарада, і Лёсік, і Краўцоў, і, расказвалі, Аляксюк запрошаны былі. Абралі арганізацыйны камітэт (пад старшынствам Доўнар-Запольскага), і фінансавую секцыю — Іваноўскага, княгіню Радзівіл, Вайніловіча. За афармленне арэнды, за праект будынка ўзяліся… А на пачатку зімы ў Менск увайшлі бальшавікі. Пра ўніверсітэт Іваноўскі, Ігнатоўскі, Тарашкевіч і іншыя ўзгадалі — засталіся ў Менску пры Саветах. Стараннямі тагачаснага камісара асветы Чарвякова была прынята пастанова пра… пажаданасць утварэння ўніверсітэта ў Менску, стварылі арганізацыйную камісію на чале з Карскім. Але першы ўрад Савецкай Беларусі Жылуновіча-Гартнага разагналі. Вясной 1919-га арыштавалі і інтэрніравалі Тарашкевіча ды Іваноўскага, а Карскаму забаранілі чытаць лекцыі ў менскім педінстытуце — да высвятлення, як прыгадваў колісь Лёсік, ягонага палітычнага крэда… Пры паляках Іваноўскі як рэктар педінстытута зноў такі намагаўся адкрыць нацыянальны ўніверсітэт — на падмурку інстытута. А восенню 1919-га польскія ўлады ягоны будынак ператварылі ў вайсковы шпіталь, частку маёмасці разрабавалі жаўнеры…
А вясной 1920-га да Алеся ў Школьную Раду прыйшла, помніцца, запіска аб працы педінстытута ад самога рэктара.
«Лічучы сваім абавязкам інфармаваць Беларускую Школьную Раду… — пісаў Вацлаў Іваноўскі — дзіва, нават выразна праступіў ягоны почырк, дробны, раўнюткі. З правільным нахілам управа! — …аб тым, што робіцца… даводзім да ведама Рады… Арганізацыя інстытуту падобна да арганізацыі Віленскага ўніверсітэту… Інстытут складаецца:
1) Курсу прыгатаваўчага на каторым дапаўняюцца навукі ў межах сярэдняй школы;
2) Астатнія два курсы… у межах 2-х першых курсаў аналёгічных да факультэту Ўнівэрсітэту;
3) Спецыяльнага курса, гдзе будуць адбывацца спэцыяльныя навукі і пэдагагічная практыка… ― і белыя плямы паплылі перад ягонымі вачыма, быццам слепнуў, а потым, як ад ветру, сплылі, і зноў праступілі раўнюткія радкі з почыркам Іваноўскага (бачаныя — ужо і забыў нават калі, а зараз вось як перасфатаграфаваныя зрокам… А свайго ж напісанага — нават забываў, дзе шукаць!) Ці не таму, падумалася, што нават з нейкай міфічна-ўлегендарненай цеплынёй прыпамінаў заўсёды гэтага чалавека, выдатнага дзеяча-працаўніка Беларушчыны (Ластоўскага з ім раўняў заўсёды — як брата). А як жа інакш, ён жа, Вацлаў Іваноўскі, і слова беларускае стагоддзя ХХ-га выдрукаваў першым — газэту «Свабода»… — Што датычыць сыстэматычных курсаў, то ў першую чаргу манімся закончыць з 4 курсам і выпусціць іх Беларусамі… Нажаль, усе яны з боку беларушчыны слабаваты, дзеля чаго трэба было б правесьці сэмінарыі беларускай мовы і беларусазнаўства. На жаль, прафэсар беларускай мовы Тарашкевіч дагэтуль затрыманы ў Варшаве з справамі Беларускіх Школ. Прафэсар Ігнатоўскі зьбіраецца выехаць у Саветчыну да сваёй сямьі…
Рэктар Інстытуту — В. Іваноўскі.»
А Ігнатоўскі праз два месяцы стане заснавальнікам Беларускай камуністычнай арганізацыі, увойдзе ў створаны 16 ліпеня 1920-га Часовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі (ды ўдзел у ганебных Рыжскіх перамовах браць не стане). З утварэннем БССР — нарком земляробства, нарком асветы, прэзідэнт Акадэміі Навук… А тады, у 1920-м, выпраўляўся ў Саветчыну — на яго былі апошнія надзеі ў адраджэнні беларускага школьніцтва пад бальшавікамі.