Выбрать главу

Аўтобус, хоць і не выглядаў старым (нядаўна нават перафарбоўваўся), лапацеў так, што ён напачатку засумняваўся нават: ці даедзе жывым. Сціскала пад сэрцам, раптоўна млосна і горача рабілася, і тут яшчэ гэтыя здзіўленыя твары мінскіх пасажыраў… А галоўнае — у сабе, сабе ўнутраным разабрацца не мог. Скуль яны, гэтыя наплывы-ўспаміны, такія ўрэальненыя, відочныя, што аж здавалася: гэта ён, дзевятнаццацігадовы, прыехаў вось і хадзіў па даўно забытым горадзе?.. Бо зараслі былі моцна часы тыя ў памяці, і думалася, што ледзь не сном мінтрэжным праплылі над лёсам…. А тут аж ледзь не паморак набрындваў: глядзіш на вулку, а з-за вугла зусім не трамвай паўзе, а конка… Вось каб толькі не слабасць гэтая старэчая ды не здрадлівыя колікі пад сэрцам…

«Ікарус» нечакана рэзка крутнуў управа. Затармазіў і супыніўся. «ДАІ» — паспеў заўважыць вялікую шыльду на двухпавярховай будыніне.

― Прабачце, а што гэта… «ДАІ»? — нясмела спытаў у суседа, доўгавалосага хлопца («Ці не студэнт?») у джынсавай куртцы. Той узняў бровы, здзіўлена, нават запытальна ўзорыўся наяго:

― Пост, пост ДАІ… аўтаінспекцыі на выездзе з гораду…

Тым часам да дзвярэй «Ікаруса» падышлі два сяржанты з аўтаматамі. Вышэйшы, з сінімі ямінкамі на шчоках, густымі брывамі («Ці не веселуна-ўладальніка выдаюць?») ускочыў на прыступкі, марудна агледзеў пасажыраў, загаварыў з кіроўцам. Пра што — хіба пачуеш з прадапошняга сядзення (хоць і прапаноўвалі ветліва яму, загадкаваму незнаёмцу, перасесці наперад — адмовіўся, адно падзякаваў).

Сяржант павёў на «пост» кіроўцу — па дарозе той штось энергічна даказваў, спрачаўся. Услед выйшлі два пасажыры (гадоў сарака мужчына з бел-чырвона-белым значком на лацкане пінжака падаўся ўжо знаёмым). «Дзе ж гэта мог яго бачыць?»

― Ну мухаморы! Даманаліся ўсё ж… — словы хлопца-суседа. І яму няўсцерп, выскачыў з аўтобуса, закурыў.

― А што здарылася? — спакойна спытаў, як той вярнуўся.

― Да тэхнічнага стану, мабыць, прыдраліся! — Хлопец трасянуў пышнымі кудзярамі. — Пэўна, устаноўку атрымалі не прапускаць да Семежава «нацыяналістаў»…

Сусед пачаў падабацца, вось толькі нейкімі напаўзагадкавымі былі ягоныя выказванні, і, каб не займаць сябе імі, ён вырашыў не лезці з роспытамі (бачыў і так, што хлопец косіцца на яго, як на прастакоўца якога).

Праз хвілінаў дваццаць у аўтобус дайшла вестка, што ўсіх іх, выбранцоў у Слуцак, прынялі за гандляроў-перакупшчыкаў, якія вырашылі «пракаціцца» па мястэчках (у маршрутным лісце іхняга кіроўцы было адзначана «Мінск - Слуцк - Чырвоная Слабада - Семежава - Грозава - Мінск»), а ў такім разе іх маюць права тры гадзіны правяраць…

Потым, калі ўжо вярнуўся кіроўца, да яго падскочыў няголены незнаёмец у спартыўных штанах і пацёртай кароткай скуранцы.

― Мусора! Меня уже с час в дежурке держат… — і пачаў гучна скардзіцца, неяк не зусім натуральна выдаючы сябе таксама за ахвяру міліцэйскай прынцыповасці. Распытаў калегу-кіроўцу і пра заробкі, на свой двойчы наракаў.

Зноў прыйшоў сяржант «з ямінкамі», перапісаў багаж, неяк загадкава зірнуў на няголенага, хоць і з акуратнай кароткай стрыжкай, зайшлу ў скуранцы.

― Ды ганіце артыста гэтага. З яго такі вадзіла, як з нас — чаўнакі! — прабасіў хтось спераду. І нязваны госць вярнуўся на пост.

«Чаўнакі? Да чаго тут старыя чаўнакі? Так жа драўляны бегунок завецца… Правільней, зваўся.» Але ў суседа ўжо не перапытваў…

Толькі праз паўгадзіны зноў завёўся-залапацеў «Ікарус» — падалося, што гучней, зласней нават, — і, набіраючы хуткасць, зашаргацеў да Слуцка.

І тут ён здаўся, прыдрамаў, а ў сне, як праз тумановую павалоку, зноў мролася-перажывалася тое далёкае, за спратамі гадоў прыхаванае…

* * *

Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай…

Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху.

З «Дэкларацыі Ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі» ад 25 сакавіка 1922 года.