Ніколі, пэўна, Слуцак не быў такім разгублена-стоеным, як у тыя кастрычніцкія дні 1920-га. У Рызе ішлі расійска-польскія мірныя перамовы. З Савецкай Беларусі ў Латвію выехаў Аляксандр Чарвякоў, але бальшавіцкія дыпламаты на перамовы яго не пусцілі. Пасля падпісання Рыжскай дамовы аб перамір'і і «нейтральнай зоне» (яна і прайшла па Случчыне) яшчэ тыдзень грымеў фронт. Палякі рваліся завалодаць горадам, і нават «перастараліся» — фронт да ўсталявання перамір'я лёг на 10 - 12 вёрстаў на ўсход і паўднёвы-ўсход ад горада.
Горад ахапіла ціша, перарваўся нават гандаль, што здаваўся гарадчукам вечным. Людзі адседжваліся ў дамах, нават сабакі не высмельваліся пасля нядаўняй страляніны бегаць цэнтральнымі вуліцамі. Паўсюдна ўпэўнена гаспадарыў польскі жаўнер, начальнікам краю стаў палкоўнік Ясінскі, камандзір 10-й пяхотнай дывізіі (якая стаяла ў Слуцку, 11-я і 16-я дывізіі расцягнуліся па фронце на ўвесь павет).
У гэты час узнавіў сваю дзейнасць Нацыянальны Камітэт Случчыны. Напрыканцы кастрычніка яго старшыня Павел Жаўрыд, не атрымаўшы ад Ясінскага ніякай пэўнай інфармацыі пра будучае краю, камандзіруецца ў Вільню і Варшаву.
Праз Слуцак і вакольныя вёскі пацягнуліся купкі дэзерціраў Чырвонай арміі. Аднаго разу прайшоў нават цэлы ўзброены атрад. Галодныя, хворыя, змучаныя вайною, канца-краю якой і бачна не было, чырвонаармейцы сотнямі асядалі на Случчыне, хто прымаком, хто работнікам — гэта ўжо як шэнціла.
Сям-там, часцей па валасцях, шныпарылі белагвардзейцы, балахоўцы — агітавалі супраць бальшавікоў. Найбольш нахабныя збіралі подпісы за далучэнне пэўнай воласці да Польшчы.
Ды ўсё ж спакваля ажывалі і горад, і вёскі. Загудзеў нядзельны кірмашовы пляц, паспакайнелі, вымужнелі нават случакі: «А колькі ж гэта гнуцца ды хавацца!»
Прадзёўбнуліся ваярскія настроі, асабліва пасля з'яўлення штабс-капітана Мацэлі, які паведаміў Нацкамітэту пра арганізацыю ў Польшчы беларускага войска, пра пачатак антысавецкіх паўстанняў.
«Трэба збіраць збройную сілу!» — неаднаразова выказваўся перад сябрамі Нацкамітэта.
А намеснік старшыні малаколькаснага Камітэта Уладзімір Пракулевіч хацеў перачакаць, памяркоўна разабрацца…
І тады вырашылі абнавіць склад Нацкамітэта. 5 лістапада сабралі сход Случчыны (каля паўтысячы чалавек прыняло ўдзел, толькі — як потым крытыкавалі — поўнага валаснога прадстаўніцтва не было на ім: спехам склікалі люд з вакольных вёсак, а таксама з гарадскога кірмашу). Нацкамітэт папоўніўся, і новыя сябры прапанавалі абмеркаваць пытанні пра адносіны да Польшчы, Балаховіча, а таксама пра неабходнасць утварэння сваіх узброеных частак. Адзінства не дамагліся, і «старыкі» падалі ў адстаўку (хоць потым збіраліся асобна, далучыўшы да сябе Русака, Бусла і Асьвяцімскага, якія вярнуліся з менскай эсэраўскай канферэнцыі).
Хлопцаў як падмянілі, быццам на цэлыя галовы большымі парабіліся. Асьвяцімскі нават прычоску змяніў, «убакенбардзіўся», бародку адгадаваў (можа, васпаватасць сваю прыхоўваючы?). А перад Алесем, як сустракаліся дзе, такім франтам трымаўся! Што ты!
«Ну і што з тваіх гадовых карпенняў у Менску? Казаў жа табе: «У эсэры паступай!» Хоць бы як Стаганавічанкі зрабілі…»
І што адказаць яму было? Купала і без партыяў усялякіх Купалам застаецца. Ці, можа, пра граматнасць школьную нагадаць — яму ж, малодшаму Асьвяцімскаму, дай якую паперчыну скласці — дык жа ўсё ў памылках будзе… Хоць калі трэба было да Трафімава звярнуцца, дык Бусла з'агітавалі да Алеся: «Ты ж, братка, з ім працаваў. Падкажы…»
Зрэшты, з добрым клопатам да Трафімава выбраліся: прасілі пасадзейнічаць у амністыі дызерцірам. А іх жа тысячамі ўжо на Случчыне лічылі!
І ўзгадалася раптам (і з гэтым адчуванне прыйшло, што не спіць ён, што зноў у памараку ўспамінным блукае) ягоная сустрэча з «дызерцірам»-знаёмцам — вызваленым колісь ад Міці Бубы.
Ужо і марозікі першыя падціснулі, дык падводы моцна траскацелі па цвёрдых каляюках ды грудах (добра, што надаўмеліся з Лістападам хоць саломы прэлай пад сябе ўскінуць, а то б, як падкепваў дзед Нупрэй, «кіроўца» іхні, і бэбахі павыскоквалі б. Іх, а таксама яшчэ некалькіх сялян Рада Случчыны адкамандзіравала таго разу збіраць харч для створаных беларускіх вайсковых адзінак. Помніцца, з вялікай неахвотай выбіраўся ў дарогу, асабліва падкрыўдоўваў Юрка, хоць яго старэйшым над усімі агентамі прызначылі. Наракаў колькі разоў: «Усе людзі як людзі, вунь ці зброю рыхтуюць, ці ў выведку падаліся, а тут во табе — бабская праца!»
Канфіскацыяў, канечне ж, не праводзілі (хапіла на тое бальшавікоў ды палякаў), прымалі толькі ахвяры. А былі яны шчодрымі, штодня на склады амаль па семдзесят пудоў хлеба й да дваццаці пудоў мяса, пра іншы харч не гаворачы, прывозілі! Ледзь на пяці падводах дацёгвалі сабранае.