Дабраліся да Покаршава. Вёска багатая, вулка ўся дубамі аграмаднымі абсаджана. Як склалася ўжо, па хатах «дзядоў» выправілі: ніякавата, сарамліва ўсё ж неяк самім хадзіць было.
Ён тады, здэцца, падсядзёлак папраўляў, калі да яго нечакана звярнуліся:
― А говорят, земля большая! А выходит — и разминуться трудно!
Бровы прыхмурыў тады, наструніўся («Хто тут па-руску гаварыць можа?»), а як угледзеўся ў чалавека, калі той вуха прастрэленае пачухаў — так і ў ладкі ляснуў.
― Скуль ты тут узяўся?! Юрка, ці пазнаеш?!
Юрка, бачна было, яшчэ не ўцяміўся.
― Из одного плена в другой плен попал… — заліхвацка зазвінеў колішні чырвонаармеец і па плячы яго стукнуў: — Только отсюда, братцы, освобождать пока не надо! — І зарагатаў ледзь не на ўсю вулку.
Надакучыла салдату дым ды пыл дарожны глытаць. Паланіла яго ўдавіца покаршаўская, падсаладзіла жытку паходную — і прыстаў да яе, і во як радуецца цяпер. Плот з дубовымі шуламі нядаўна, пэўна (вунё як свежым свеціцца!), паставіў, ― надоўга, відно, асталёўваўся…
― Пойду, чтоли, Марильку свою подлабуню, пускай расскупится маленько… — Зноў вуха пашкроб — і да хаты (яна побач была) рушыў — як яму з Юркам падалося, досыць нерашуча.
Ужо калі ледзь не ад'язджалі, на двары «дызерцір» з'явіўся. Пераможна да іх дацыбаў, брус сала з-пад пахі на салому выклаў. А тады і сама Марылька вытыркнулася з дзвярэй, агледзелася і — баржджэй да воза.
― Вы, гэта, яшчэ брынду во ягоную забярыце, — і вінтоўку між лёстак на калёсы ўсунула. — А да сала, думаю, цыбуліны самі знойдзеце… — і галаву з неўтаймоўнымі жаўтлявымі кудзяркамі набок схіліла, гарэзлівымі вачыма — мяккімі, шчасцем сваім нечаканым рассалоджанымі — хлопцаў абмерала і ўжо з-за веснічак дадала-зачапіла: — У нас тут, прыгледзьцеся, і ягадкі яшчэ ёсць!..
― Ну и сильная баба, огонь! — прымак-«дызерцір» правёў яшчэ ненатоленым поглядам сваю Марыльку.
― Слухай, а дзе той твой напарнік па адсідцы? — закарцела дазнацца Юрку.
― А подстрелили его поляки, в этом… Копыли загорает.
― Таксама некаму ставіць… плот? — ушпіліў Юрка.
― Х-ха, разбежался! Санотделенне там. В местечке и вся рота наша стоит.
― Што ж там за скарб такі, што цэлая рота пільнуе? — Юрка зацікавіўся пачутым.
― Ни кто там уже ни кого не пильнует… Просто ревком туда перебрался. Только вы это… В гости к нему соберетесь — про меня не сказывайте. Был Ванька на побегушках да весь выбегался…
― Што ж, хоць ніхто ў госці зваць нас не збіраецца… (Юрка задумаўся і па звычцы сваёй вусны змуліў моцна)…ды самім жа напрасіцца можна. Ахвота б толькі!
Развітваліся ледзь не як даўнія знаёмцы.
― А лучше всего на меня равняйтесь, пока ещё удовушки да девчата остались! — крыкнуў «дызерцір» на ад'езд і рыпнуў веснічкамі…
А ў абед — трэба ж, каб дзень такім багатым на нечаканкі выдаўся! — з «панам» Абрамовічам стрэліся, толькі вось у якой вёсцы — ужо не помнілася. Зрэшты, сустрэчы магло б не атрымацца, калі б не дзядок адзін, Ціхмеем што назваўся… З паўгадзіны стаяў, прыглядваў, хто што ахвяраваў войску, свае каментары даваў («Піліпіха б магла і болей грэчкі… Добрая ж была высыпала ў яе… Пэўна Хведзька Настуху і гэты год замуж аддаваць не збіраецца — столькі сала адваліў!..»), а затым і выпаліў:
― Можа і дарма гэта я за Польшчу падпісаўса?..
― За якую, дзед, Польшчу? — Алесь падумаў, што не дачуў.
― За яе, камар хай крэнду ейную лечыць, Польшчу гэтую… Прыйшлі вось агенты… А мне што? Можа, і ня горай будзе?
― Якія гэта яшчэ агенты прыйшлі?
― Ды не прыйшлі, а прыехалі. Вунё й яшчэ торкаюцца… Простыя агенты, двое, з паперкамі.
Тады Алесь расповед гэты дзедаў Юрку пераказаў. І той насцярожыўся. На воза дзеда ўссадзілі:
― То правядзі, дзеду, пакажы тых «агентаў».
А тыя ўжо ў апошняй хаце былі. Выйшлі спакойныя — і да коней, на хлопцаў і не зважалі. Юрка локцем пад бок:
― Глядзі! Гэта ж пісар Абрамовіч-Абрамоўскі!
А ў пісара і галава ад нечаканасці ў плечы ўпала. Потым усё ж сабраўся, партфелік рукой падціснуў — і ўжо бот тупаносы ў стрэмя ўткнуў, на каня хацеў прымастаколіцца, як да яго Юрка падскочыў:
― Не, пан дарагі, прабач, тут да цябе запытанейка ёсць… — і за рукаў хапіў. Напарнік Абрамовічаў побач з Алесем аказаўся, счытваючы ўспалох на вачах пісара, — і сам занепакоіўся…
― Дык што гэта за паперкі чароўныя ў вас?! Мо пакажаце?