Выбрать главу

Абрамовіч моўчкі зноў паспрабаваў на каня ўзлезці, і зноў яго Юрка асадзіў, партфель лоўка з худой рукі вырваў, пстрыкнуў замочкам… і стос «ухвал» Алесю перадаў:

― Чытай!

Складзеныя па шаблоне рознымі почыркамі, пачыналіся яны так:

«Мы, жыхары вёскі (прабел) прызнаём за нашу родзенную маці Польшчу і просім яе прыняць нас у лона сваё».

Частка «ўхвал» — з дзесятак — была запоўнена і стракатала подпісамі.

― Во як, брат ты мой, усё проста! — Алесь адарваўся ад паперак… і ад неспадзеўкі толькі рот раскрыў. За крок ад яго — стаяў Абрамовічаў напарнік з наганам напагатове, бліскучая руля зласліва зазірала ў вочы. З цяжкасцю праглынуў зашэрхлы камяк і зірнуў на Юрку — і той акамянеў, на Абрамовіча касіўся, губу падсвядома змуліў, прыкусіў нават…

А напарнік з наганам па вінтоўку, што былая ўдавіца прынесла, пацягнуўся… На адзін вомірг, каб рулю намацаць, ад Алеся адарваўся… І той маланкава руку з наганам перахапіў — і каленам пад дых «ваяру»-ахоўніку. Узвыў той, і не тое што вінтоўку, наган выпусціў.

Абрамовіч, хвілю таму паспакайнелы, зноў галаву ў плечы ўтапіў, вачыма-вірламі па хлопцах прабегся, прысеў нават.

― Што ты, гадзіна, круцішся? Не бойся, не зачаплю! — Юрка кінуў да ягоных ног пусты партфель. — Давай, Алесь, гэтых «агентаў» да Мацэлі адвязём. Хай міліцыя наша з імі разбіраецца.

― Адно хай самі за падводамі йдуць… Каням і так цяжка. — Алесь тым часам разглядваў трафейны наган.

Так і завялі «агентаў» у горад. А назаўтра ўвечары саміх палякі арыштавалі — за «агентаў» тых незаконную затрымку й пабіццё. Мацэля з хадайніцтвам Нацкамітэта дамагаўся іхняга вызвалення — жаўнер нават і да камеры не пусціў.

«Кульку ім в лэб!» — прабубніў і мацюкнуўся.

Толькі калі Жаўрыд да «начальніка» Ясінскага пайшоў, тады толькі выпусцілі…

Зямля: ўміраць не трэба

― Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,

Не пашкадуе табе хлеба

Якуб Колас

Калі аўтобус спыніўся й заціх, калі з яго павыходзілі ўсе «экскурсанты», паволі выбраўся і ён. Разварушыў зацеклую нагу, ад аўтобуса вырашыў далёка не адыходзіць (думаў, што не прыехалі яшчэ). А тут узняў раптам вочы — о, Божухна! Прама на яго наступаў выбеленымі калонамі вялікі дом з шыльдаю на дзвярах: «Слуцкі краязнаўчы музей». Ад неспадзеўкі вочы нават заплюшчыў.

― Што, дзед, не заходзіце? — гэта кіроўца іхні абазваўся.

― Дык гэта ўжо Слуцак?! — і ён зноў вярнуўся да аўтобуса.

― Ага..

― Скажыце, а кудой мы ўехалі?.. Не праз цэнтр чаму?

― Як не праз цэнтр? Праз цэнтр, па Леніна ехалі. ― І прыжмурана, нібы ўсміхаючыся, пасажыра свайго агледзеў. — А вам куды трэба было?

― Сюды… Сюды… — разгублена паківаў галавой, да прыступак музея вярнуўся, а ўвайсці не адважыўся.

Калі на другі бок вуліцы пераходзіў, зноў вачыма з кіроўцам сустрэўся.

― І напраўду… Слуцак, — прашаптаў нават крыху спалохана і няўпэўнена пасунуўся па няроўным тратуары.

«Відаць, забясплатна пад'ехаць захацеў з Мінску. Пераехаў, ці што?» — кіроўца на гэтым кінуў сачыць за «дзедам», сеў у аўтобус — і адумаўся:

― Дзед, вы ж чамадан свой забылі!

«Дзед» спакойна матнуў рукой…

Вогкі вецер раз-пораз парываўся ўзняць расхрыстаны плашч, і Алесь Хведаравіч доўга камячыў у непаслухмяных пальцах гузік, што аніяк не патрапляў у аплічку. На пакрытай луской-рабаціннем лужыне круціліся, як пласцінкі-кружэлкі, некалькі вялікіх каштанавых лістоў. Бліскалі жоўтым светлафоры. Наперадзе на высокім ганку хлебнай крамы сабраліся людзі…

Ён больш за паўвека чакаў сустрэчы са сваім родным горадам, і трэба ж… прыехаў — і не пазнаў. Спярша падумалася, што гэта нейкі спешка разбудаваны пасёлак, і яшчэ б чакаў, пакуль не выедуць нарэшце на слуцкае места… Хацеў дабрацца да кірмашовай плошчы пасярод горада, выцягнутай паабапал Варшаўкі, колісь пакрытай гладкай брукаванкай (плошчу тую і звалі местам). На ўзвышку як грыбы раслі там будкі крамнікаў-гандляроў, з другога боку высстройваліся сялянскія фурманкі. Не прабіцца было там у кірмашовыя дні: мяхі з пшаніцай, латкі з гуркамі й цыбуляю… А зяўца дасі — пірамідку кадак абернеш, пакоцяцца гучна каму-небудзь пад воз, і тады нахмураны бондар, перарваўшы расповед пра тое, як мяснік Шмоня, костку абразаючы, ледзь сабе палец не ўшаткаваў, ад душы ўедзе табе пад вуха…