Выбрать главу
... пояс    зняу    з    яго    шырокі, літы Работы слуцкай - кручаны і віты, Золататканы з кутасамі шляк багаты, А сподам чорна-серабрысты шоук у краты. (Пераклад з польскай Пятра Бітэля)

(Старац агледзеў слухачоў і заспяшаўся дарасказваць). Пазней ангельска-французскія фракі нашы шляхецкія строі выціснулі, і Пярсярня спусцела. Хоць яшчэ за маёй памяццю па горадзе некалькі старых у пасах тых хадзілі… Сярод іх — і пан Барсук, адзін з уласнікаў Пярсярні слуцкай.

Запытаўся тады і Алесь у старца, і пытанне ягонае крыху нечаканым падалося:

― А што з мінулага вам найбольш у памяць запала?

― Ды ўсё патроху…. (Вярхоўскі ўсміхнуўся — і ўраз пасур'ёзнеў). Найбольш, пэўна, людзі… І пан Шаміса — сярод іх. Ён выкупіў у кляштара за казармамі й астрогам невялікі надзел. Казалі, што Шаміса з Францыі прыехаў… Нямецкі ўніверсытэт скончыў… Моў шмат якіх ведаў. Былі ў яго вялікая бібліятэка ды збор медалёў розных. Кляштару мусіў плаціць штогод па 10 рублёў. Месца ж тое раней пустым і балацяным было, дык Шаміса агарод рассадзіў, аранжарэю вялікую. Кветак розных незлічона расло ў яго ледзь не круглы год. Паўднёву частку надзела дрэвамі абсадзіў. Для асушэння зямлі сваёй сажалку выкапаў, а з пяску вынятага так званую Слімакову гару ўссыпаў. А які краявід на Трайчаны з той гары адкрываўся! Думалі, што багацце несканчонае ў Шамісы, а як памёр — выявілася, што ўсе грошы свае ён на кветкі і звёў… Шчаслівы чалавек! Ну а глыбей за ўсё ў памяці няшчасці засядаюць… Малым зусім быў, а, здараецца, ажывае ў памяці: ноччу раптам званы паўсюль загаласілі! Павыбягалі ўсе мае на вуліцу, а неўздалёк зараніца скрозь цемрыву прарываецца… Погалас мільгнуў: гарыць езуіцкі касцёл і суседні квартал! Толькі пазней даведаліся, што кальвіны, якім перадалі будынак езуіцкай бібліятэкі, даручылі сваім вучням кнігі езуіцкія й старыя школьныя сшыткі паліць. Ну, а шкаляры дзеля забавы, падпаліўшы — ноччу агністымі птушкамі з ветрам у акно й пускалі іх… Адна кніга на дах касцёльны і ўпала. Пажар увомірг усчаўся — страшэнны! А прыгожым вельмі ж касцёл той быў, з пяццю купаламі… На папялішчы ягоным пазней тры дамы ўзвялі, у якіх гімназічныя настаўнікі жылі… А яшчэ мы да цытадэлі на ўскраек горада бегаць любілі. Яна Слуцак з поўначы колісь мацавала. Чатыры бакшты, ірвы з вадою… Паміж рэчкай і цытадэляй ішла дарога, Уцечкай празваная. Цытадэлю, калі яна фартэцыяй Рэчы Паспалітай была, за кошт Радзівілаў пушкамі ўзброілі. Вялікі пограб парахавы з каменю выклалі. А пасля паўстання 1831-га паліцыя загадала пушкі тыя ў Случы затапіць… Баяліся, знаць… Лепшыя ж, некалькі й бронзавых, у Бабруйск у цвержу-замак даставілі, а таксама і ўглыб Расіі пазавозілі…

А якія людзі з краёў нашых павыходзілі! Па напісанаму ў Слуцку падручніку рыторыкі Ламаносаў вучыўся! Ян Каменскі цаніў высока педагогаў слуцкіх, запазычыў у іх шмат чаго… А Адам Плуг! А Сыракомля! А Хадакоўскі! А Янушкевіч Адольф, у Сыбір выгнаны й у «Дзядах» Міцкевічаўскіх увекавечаны! У Слуцкай духоўнай семінарыі вучыўся Павел Шпілеўскі — як на другім курсе быў, даслаў ён у Расійскую акадэмію складзены слоўнік беларускай мовы. Даследаванні затым па нашай народнай творчасці пісаў, і апавяданні таксама… А граф Бандынэлі, ён жа пісьменнік наш Альгерд Абуховіч! Які чалавек быў! Золата ў ягонай далоні мутнела! І дзесяткі іншых!..

«Зноў і зноў вяртаючыся ў тую восень 1920 года, і задумваюся, і адказу шукаю: чаму менавіта Случчына распаліла найбольшы вагонь барадзьбы за сваю волю? Так, яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя Слуцак заставаўся адным з асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцьця. Да 1840 года ў ім знаходзілася кіраўніцтва беларускай праваслаўнай царквы, галоўная духоўная сэмінарыя, цар-звон. Ажно да самага падпарадкаваньня Маскве Случчына адстойвала сваю самастойнасьць ад расейскай імперыі. Барадзьбу супраць апалячваньня яшчэ з XVII стагодзьдзя вяла слуцкая княгіня Соф'я Алелькаўна. Ажно з 1617 года ў Слуцку працавала гімназія — старэйшая на Беларусі. Альгерд Абуховіч вучыўся ў ёй, а затым адукоўваўся ў Жэневе, Парыжы — і ў 1863 годзе стаў паўстанцам. Паўстанцкія атрады дзейнічалі на поўначы Случчыны — менш забалочанай, лясной… Абуховіч, зьезьдзіўшы ўсю Эўропу, зразумеў, што на свёй зямлі — найлепей, — толькі вольнай зямлі. І ваяваць за яе волю прыехаў. І ў «Ваўкалаку» сваім напісаў: «Хоць галодзен — я свабодзен… На свабодзе прападу, А ў няволю — не пайду!» Дзед жа ягоны, Юзаф, шамбелян-камэргер польскага двара, быў жаўнерам пад Касьцюшкам…