Выбрать главу

А да ўсяго — легендамі перадаваліся, ад дзядоў да ўнукаў расповеды пра самастойнае Слуцкае княства..

А пры бальшавіках пачала зьнішчацца нават памяць пра ўсё гэта. Разабралі Трайчанскі манастыр — цэнтр праваслаўя на Беларусі. Старадаўнія — дарагія і рэдкія — кніжкі з манастырскай бібліятэкі пакідалі ў дамавіны, вынесьлі на бераг Случы й спалілі… Зьнішчалі й прыватныя архівы. Бібліятэка і рукапісы Абуховіча захоўваліся ў Слуцку ў доме Хведаровічаў. Дом купілі пазьней Барташэвічы. Хтось скляпаў данос, што ў Барташэвічаў ёсьць золата. Зрабілі вобыск, знайшлі шмат каштоўных карцін. Абуховічавы аркушы, сьпісаныя беларускай лацінкай, бальшавікі палічылі польскімі — падагналі балагольскую падводу й разам з бібліятэкай вывезьлі — і да сёньня невядома куды. Мо на той жа бераг Случы…

(З запісаў Алеся Ваяра).

З прачыненых дзвярэй слуцкага Палаца культуры вухнула музыка. Напалохала, стужку ўспамінную абарвала. Як колісь хлапчуком, яму няўсцерп захацелася збегчы ўніз — ад фарнага месца, дзе знаходзіўся зараз, — старым бернардынскім садам — да рэчкі. Але ў лагчыне заместа рэчкі застываў цяпер брудны раўчук, там, дзе бэры-бернардынкі раслі, ― хмыз узяўся… Ды і сілы ў яго самога былі не колішнія!

Устаў цяжка, нават іскры чагось у вачах забліскаталі. Горача зрабілася, млосна. Калі паволі вярнуўся да аўтобуса, штось ногі цяжкімі сталі, і пад сэрцам як варам апякала, зноў нездаровілася сэрцу ягонаму… Убачыў, як у Вайніловічаў дом людзі ўваходзілі…

З'езд Случчыны

Паміж калонамі дома Вайніловіча, што стаяў непадалёк ад гімназіі, нацягнуты бел-чырвона-белы сцяг, і нават такі ж, як і сёння, няўрымцісты вецер не мог яго варухнуць.

Апоўдзень. Вялікая зала перапоўнена. Пасланцы ад усіх 15-ці валасцей — за сто дваццаць чалавек — расселіся ўперамешку. Гамана сціхла, як заспявалі беларускую марсельезу.

Ніхто ня дасьць самохаць волі ― Ні бог, ні цар, ні багатыр, Даб'емся самі лепшай долі… Дабро для ўсіх — наш правадыр!..

Спяваць, канечне, маглі не ўсе, але праз хвілю ўсе першыя рады падстройваліся пад матыў і спрабавалі падцягваць.

Затым сталі выказвацца за прэзідыум з'езда. Патрапілі ў яго і Васіль Русак (яго абралі нават старшынёй), і Павел Жаўрыд, і Пракулевіч. Сакратаром даручылі быць Уласу Дубіне. Паўлюкевіч, старшыня новага Нацыянальнага камітэта, апратэставаў такі склад, ды большасць перагаласавала за тых жа людзей.

Пад трыбунаю за доўгімі шторамі назбіралася — як вераб'ёў — дзетвары. Сталі вытурваць малых — ды дзе там! Аднаго адцягнеш да дзвярэй, а двое тым часам уплішчацца. Так змірыліся і з малалетнім «прадстаўніцтвам».

З дазволу старшыні першым на трыбуну ўзышоў Павел Жаўрыд — у модным чорным паліто, з тонкім белым шалікам. Тэатральна дастаў з левай кішэні паперчыну, узняў над галавою.

― Шаноўныя дэлегаты! Мушу напачатку паведаміць аб тым, што я, Павел Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Радай, назначаны камісарам Случчыны. Вось дэкрэт, які дазвольце зачытаць…

Гучныя воплескі ўадначас і адказам Жаўрыду былі, і спантанным выяўленнем падтрымкі і падпарадкавання ўраду БНР.

Пачаліся выступленні дэлегатаў. Найбольш уціснулася ў памяць прамова селяніна з вёскі Набушава Цімы Плішкі.

― Вось мы тут многа балакалі пра жыццё… — Ён зрабіў паўзу, ляпнуў па прымусоленай кішэні кабаціка (так рабіў, калі хваляваўся.) — А мне, прызнацца, думаецца: не ў тым дзела, што кабыла бела, а што воза не бярэ… — І задаволена ўсміхнуўся, датлумачыўшы: — Канешне, дэкрэты вашы патрэбны, ды толькі ж самім… рукамі сваімі… парупіцца трэба. — І зноў па кішэні далонню правёў, як правяраў там штось. — Мы страна маленькая, самі ўправімса з усім… Ні трэба нам вялікіх ды чужых палітыканаў Вітэ! Бо ж калі і належыць плаціць падаткі, то яно лепш свайму начальству, свайму правіцяльству. А то ж бо са сваімі раквізіцыямі й развёрсткамі хлявы ўсе нашы паразвёрствалі! Суседзі называюцца! — Раптам позіркам двух палякаў-вайскоўцаў, прадстаўнікоў палкоўніка Ясінскага, выхапіў, збіўся. — Дык вот… Зямлі, кажу, хопіць нам. І на чужое ратоў не раззяўляем… Вота сустрэўса я сёння тутака, у горадзе, з адступленцам адным ці дзезярцірам… Дык казаў той, што ў іх там, за Смаленшчынай, як палякі былі іх зноў адваявалі… то тады й паны пазвярталіся. А маёнткі ж іхнія — фьюць! — парабавалі, свае ж парабавалі… А ў нас жа, браткі, вось з Вясеі з'ехаў быў у васемнаццатым пан. Дык што ж вы думаеце — па звароце ўсё, як і кінуў, атрымаў… ― І Ціма зноў усміхнуўся блазнавата. — Хіба што мае пчолы трошка мёду з ягоных ліпаў назбіралі… То ж я ўсё, браткі, да чаго вяду? Трэ нам воза свайго ўсім разам цягнуць. — Ціма колькі разоў кіўнуў галавою і паклэпаў да свайго месца, там пот з ілба выцер, суседу ціха прашаптаў: — Во ліха, ажно ўзагрэўса, гаворачы, — кабат пакратаў (даўно ўжо насіў яго, нават летам не знімаючы; жонка ўжо некалькі разоў наноў сукняй перацягвала ягоную аўчынку, не вытрымлівала тканіна, рвалася, абцёпвалася па краях, першай, канешне, кішэнька нашытая аддзіралася, а аўчынка хоць бы хны, вось што значыць — самому вырабіць, кіслатою не спаліць…). — Ды хай сабе… Ад цяплосці, кажуць, не баляць косці…