І мора народнага гневу разлілося нарэшце па ўсім краі — захлынула і вёскі, і горад…
Сустрэліся яны ў Беларускім доме. Ядвігін Ш. зайшоў напачатку ў рэдакцыю «Беларусі» — да Лёсіка, свайго зяця. Там жа і дачку за карэктураю заспеў. Ад нечаканасці Ванда пусціла слязу, а затым пачала дакараць бацьку:
― Як жа так? На месяцы знік… Ні слыху, ні дыху! Усяго перадумалі. Час жа які! Схуднеў вунь, барада адна…
― Ну-ну… Нічога. Не цяжэй, чымся вам тут… А ты што гэта, зяцю любы, дзеўкі маёй не шкадуеш? Вечар амаль, а на працы сядзіцё…
― То ж вас чакалі! Нібыта й адчувалі… Ды й з газэтаю, па-праўдзе, дастаецца… Але з такое нагоды — канец і рабоце. Хадземце на пачостку!
А ў калідоры з Купалам сустрэліся і на вячэру да сябе павялі. Вячэра ж да ночы зацягнулася: было пра што пагаварыць даўнім знаёмцам-сябрам. Больш Ядвігін Ш. расказваў. Не знік на месяцы ён, а, як і ўсе, «Беларуссю займаўся». Пра Балаховіча доўга гаварыў.
― На сёння я — сябра Беларускага Палітычнага Камітэта, якому Балаховіч перадаў уладу на вызваленых тэрыторыях… — Гэта, бадай, найбольш з усяго сказанага ім уразіла і здзівіла.
І тады Купала спытаў:
― Ты, братка, адтуль бліжэй быў… Што там у Слуцку робіцца?
― У Слуцку цяпер Беларусь адраджаецца! — і Ядвігін Ш. адклаў відэлец, так і не паеўшы за размовамі як след. — З'езд правялі. Пра далучэнне Случчыны да БНР абвясцілі. Войска сваё цяпер збіраюць. Во як! — Прыхінуўся бліжэй да стала і мовіў ужо цішэй: — Больш таго скажу вам… Даручана мне самому ў Слуцак наведацца. Думаецца, супраціў беларускі аб'ядноўваць трэба.
― А ці ўдасца гэта? — Лёсік, бачна было, не падкупіўся на цесцяву апантанасць. — Ластоўскага з Балаховічам аніякая сіла й супраціў не звяжуць. Хоць урад першага яшчэ 27 кастрычніка звярнуўся да краінаў Балтыі з ідэяй Чарнаморска-Балтыйскага саюза і падкрэсліў пэўна, што не спыніць барацьбы за незалежнасць. А гэта ж, па-сутнасці, фактычна аб'яўленне вайны і Польшчы, і Савецкай Расіі!
― Хто яго ведае… Але ж і паасобку дабра ня будзе, — Ядвігін Ш. прызадумаўся, відно, не чуў яшчэ пра ход Ластоўскага.
― А калі ты ў Слуцак збіраешся? — Купала штось надумаў: выдавалі вочы.
― Заўтра.
― Мяне з сабою возьмеш? — і падміргнуў Ядвігіну Ш., праз невялікую пярэрву, ловячы неўразуменне гаспадароў, дадаў: — Сяброў наведаць хочацца. Ды і ліст яны даслалі нядаўна ўзрушлівы…
А потым прыбег Янка Кастравіцкі, Каганцоў сын. Заходзіў да Купалы (Луцэвічы апекавалі хлопца, часта да сябе запрашалі), пачакаў з паўгадзіны, а тады Купаліха занепакоілася: дзе ж гэта поначы яе Янка знік? І тады Янка малодшы і напрасіўся Купалу пашукаць. Паўгорада аббегаў — і вось знайшоў такі.
Малодшаму Кастравіцкаму і Ядвігін Ш. узрадаваўся, не паверыў напачатку, што сын Каруся Каганца ўжо такім вялікі стаў.
― Дажыў бы бацька — во б радасці яму было! — не ўтрымаўся, абняў Янку.
Правялі гасцей, а сон не браў. Першым Ядвігін Ш. азваўся:
― Як думаеш, — гэта да Лёсіка, — сур'ёзна Купала ў Слуцак намерыўся?
― Ён і дагэтуль часта случакоў згадваў. А што? — Лёсік пачаў адчуваць штось нядобрае.
― Дурань біты я, вось што! Там жа вайна! У войска запісваюцца… Пад Капылём роту бальшавікоў паланілі. Ахвяры ёсць… А я ў тое пажарышча — Купалу вязі!..
― А самі?!.
― Я што… З мяне ўзяткі ўжо гладкі. А ён пісаць павінен, а не страляць. Пісаць!.. — Памаўчаў, а калі ўжо змора да падушкі хінуць пачала, сказаў — як адрэзаў: — Ён застанецца ў Менску!
Прачнуўся Ядвігін Ш. зранку, на вокнах яшчэ змрок лістападаўскі й не думаў ападаць. Разбудзіў Язэпа, збірацца стаў. Паднялася спешна і Ванда.
― Знацца, так. Я раптам вырашыў ехаць у Вільню… Так скажаш Купалу. Сам жа на Случчыну паўсталую ягонай паездкі не дапусці! Са скуры выўюньвайся — а не дапусці. Калі не палякі дарогай затрымаюць, дык бальшавікі схопяць. І — не пра яго кажучы — як дызерціра якога стрэльнуць. Купалісе ў вуха ўвядзі пра ахвоту Янкаву. Прыпалохай. Хай і яна пільнуе… Хто ж у нас застанецца, калі Купалы ня будзе?!
Праз паўгадзіны развітваліся. Вандзе вырашылі пра Слуцак не расказваць.
― А самі ж як праберацеся? — знайшоў момант, калі засталіся сам насам, запытаць Лёсік.
― То ў мяне ж дакуманты і для адных, і для другіх ёсьцека! Добрыя дакуманты, хоць і робленыя… — Ядвігін Ш. абняў зяця, гарэзна ўсміхнуўся, крыху прыхаваўшы хваравітыя ацёкі пад вачыма, прайшоў да дачкі — і, моцна прыхінаючы да грудзей, пацалаваў…