Выбрать главу

Перад адыходам склалі (ён, Алесь, з Русаком) «дыпламатычную ноту» Савецкай Расіі, з подпісамі ўсіх сябраў Рады, перадалі яе расійскім прадстаўнікам пры 10-й польскай дывізіі. «Нота» вяшчала аб тым, што паўнапраўны з'езд Случчыны выбраў Раду, якой і даручыў усю ўладу ў горадзе. Рада выказвалася супраць агрэсіўных намераў Чырвонай арміі заняць Случчыну і звярталася да дэмакратыі ўсяго свету з рашучым пратэстам супраць падзелу незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі…

* * *

Мокрай восеньскай цемраддзю да слуцкага касцёла бернардынцаў няспешка пад'ехалі шэсць вершнікаў. Служба не вялася, галоўныя дзверы былі замкнуты, але ўсе спешыліся і, марудна азіраючыся па баках, пацёпалі да службовай бакоўкі.

― Эта… Ахраняць нужна бы… — нясмела абазваўся першы, з доўгімі рукамі, урослай у плечы галавой.

― Борзов, останься, — прабасіў чалавек у кароткай скуранцы, сціснутай дзягай, шчоўкнуў кабурою й выцягнуў наган. — Давай!

Даўгарукі ціха ўвайшоў на невысокі ганак і падрагаў у дзверы.

У бакоўцы ніхто не абазваўся. Той, хто ў скуранцы, паспрабаваў націснуць на дзверы, але тыя былі зашчапнуты знутры.

― А дед точно там?

― Там, а гдзе ж ешчо… Месец ужэ майстрачыт, і жывёт тут, — шэптам на шэпт адказаў даўгарукі і пастукаў мацней.

― Іду-іду! — пачулася ў бакоўцы. — Хто там?

― Ды гэта я, пан Вярхоўскі, справавод канцылярскі… Абрамовіч. Памятаеце такога? — і галава яго, накрытая змятай канфедэраткай, выцягнулася з тулава. — Пусцеце перахавацца… — і запнуўся, адчуўшы спіною дула нагана. — Бальшавікі ледзь не злавілі…

Дзверы прачыніліся, і тады за іх рубец хапіліся дзве шырокія далоні і моцна піхнулі… Трое ўскочылі ў бакоўку і скруцілі старца Вярхоўскага, — толькі нядоўгае шорханне — і зноў ціха.

― Ну а тебя особо приглашать? — незадаволена бухнуў хтось з-за дзвярэй. Гэта да яго, Абрамовіча, які застыў было на ганку. Ён уздыхнуў і праценяваў у крыху асветлены пакойчык, ціха прычыніўшы за сабою дзверы…

Лёс ашукаў Абрамовіча. Палякі з усім майном дружна выехалі з горада, нават і не ўзгадаўшы пра свайго пісарчука. Плявалі на ягоны след і абуджаныя случакі. А тут яшчэ ліха нанесла гэтых вось… Выведка чырвоных ці што? Хтось, пэўна, навёў на яго… Вось і рабі дабро людзям, пакрывай… «Контра!» — і ледзь не прыстрэлілі. Вось і давялося пра жоўтага д'ябла ўспомніць. «Так і так, — выўюньвацца стаў, ― дзеля вас пры паляках… Каб супраціў улады Саветаў быў, то на Захад і збег бы. А то ж, бачыце, застаўся… А каб веры далі, справай дакажу. Рабоча-сялянскаму войску, ведаю, грошы патрэбны, каб, як вы тут казалі, контру розную біць, то я й падкажу, дзе на гэта крыху экспрапрыіраваць…» Сам жа яшчэ з месяц таму вычуў, што на касцёльныя слуцкія роспісы варшаўскія ксяндзы (вось бы і да іх дабрацца!) пазалочаных блях ахвяравалі. Паўтары кілаграмы! А майстраваць старац Вярхоўскі ўзяўся. Апошняя, казаў, як дасць Бог, праца.

Вось і прывёў цяпер да яго гасцей нечаканых…

― Дед, мы, как понимаешь, не на исповедь, — няўрымсцілася зайшлу ў скуранцы. — Ты нам отдаёшь золотишко варшавское, и мы прощаемся! ― І раптам натыркнуўся на спакойны погляд старца, зніякавеў нават, каб не маўчаць, да падначаленых буркнуў: — Что стали? Ищите!

Сам падышоў да стала, мякка асвечанага газніцай. Агледзеўся. Абраз невялікі ўзяў, па раме рукою правёў — а на ёй ценькая стужка з вычаканенымі сонцакветамі і бліснула ганарліва-жоўтым. Усміхнуўся здаволена, адарваў на адзін яшчэ толькі цвічок прымацаваную стужку — і да старца:

― Где остальное?

― Што я, чалавеча, сказаць табе магу… Не маё ж яно. — А спакой старцаў злаваць ужо «чалавечу» пачынаў.

― Чьё же?!

― Богава.

― Ха! У него этова добра хватат, — і абраз на стол кінуў, і ўраз штось няўлоўна-турботнае, здалося, палахлівае ў вачах старцавых адчуў. Зноў хітравата ўсміхнуўся, чмокнуў гучна — і раптам шкельца з газніцы зняў, кнот пабольшыў — і абраз драўляны да агеньчыка прыставіў: ― А дощечка то суха-ая… — І ажно аблізнуўся ад знаходлівасці сваёй.

― У шуфлядзе пазалота… Не чапай ікону!

― Ну вот, а то упирается… Держи, — і абраз, пакрыты языкамі чорнай копаці, старцу ў рукі сунуў. Вярхоўскі толькі яго да грудзей прыхінуў, як стрэл ляснуў. Неўразумела на газніцу зірнуў, потым вочы скамянелі, і ён пачаў асоўвацца, імкнучыся адной рукою за сцяну, што нечакана хістацца стала, хапіцца, другую ж яшчэ мацней абраз да сябе прытуляў…

Абрамовіч ад сполаху зноў загарэўся, пот на ілбе ўраз высыпаў. Руку ўзняў, каб сцерці, ды незнарок шапку збіў, апечынамі даўнімі на лысіне бліснуў. Неяк зніякавела нагнуўся, падняў шапку і ўжо ёю пот выцерці захацеў — і сцепануўся ў сполаху: прама ў яго глядзелі глыбокія вочы старца, і ў паўзмроку, бачна было, штось гаварылі ягоныя вусны. Абрамовіч азірнуўся на людзей з наганамі — а тым і клопату не было да іх: похапна совалі ў вялікія кішэні пазалочаныя пласціны, соўгалі шуфлядамі… І тады ён прысеў перад старцам, схіліў галаву — што ж той шэпча ўжо занежывелымі вуснамі? Але шаптаў старац разборліва — словы з Бібліі: ― Знаю дзеі твае, і жалобу, і галечу, — але ж ты багаты… Ня бойся нічога, што пераадолець наканавана… Будзь верным да скону, і дам табе вянок жыцця… — і змоўк.